16 красавiка 2024, aўторак, 20:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Культпратэст: Мы заклікаем усіх людзей мастацтва далучыцца да нас у імкненні стварыць свабодную Беларусь!

13
Культпратэст: Мы заклікаем усіх людзей мастацтва далучыцца да нас у імкненні стварыць свабодную Беларусь!

Маніфест дзеячаў культуры.

Шэраг дзеячаў беларускай культуры абвясцілі акцыю #культпратэст.

Поўны тэкст маніфеста акцыі апублікаваў у «Фэйсбуку» вядомы паэт і перакладчык, экс-кіраўнік беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч.

Charter97.org падае тэкст цалкам:

Сябры! Мы, працаўнікі сферы культуры, абвяшчаем #культпратэст.

Мы пратэстуем супраць таго, што на вуліцах нашых гарадоў невядомыя выкрадаюць і збіваюць нашых суграмадзян, а органы, якія закліканы нас абараняць, пры гэтым бяздзейнічаюць або нават садзейнічаюць гэтаму. Мы пратэстуем супраць арыштаў кандыдатаў у прэзідэнты па смехатворных прычынах. Наш #культпратэст супраць татальнага беззаконня, калі да арыштаваных не пускаюць нават адвакатаў і прымяняюць катаванні. Сярод нас - таленавітыя, смелыя і моцныя жанчыны, і мы пратэстуем супраць таго, што яны - "небаракі", няздольныя кіраваць дзяржавай. Наш #культпратэст супраць абсалютнай непавагі да сваіх грамадзянаў і супраць пагрозаў расстрэлам; супраць арыштаў аднарукіх за апладысменты, а нямых - за выкрыкванне лозунгаў.

Наш #культпратэст закліканы аб'яднаць усіх людзей творчых прафесій, бо гэта таксама пратэст супраць гастрольных пасведчанняў, якія #нізкімастацкіўзровень.

Наш #культпратэст супраць шалёных пошлін на любое ўвезенае абсталяванне, супраць падатку "на дармаедства", бясконцых узгадненняў на масавыя мерапрыемствы. Нам надакучыла цэнзура і ўказанні на тое, што і як нам казаць, надакучыў прымус выступаць пад фанаграму. Наш #культпратэст супраць пастаянных і нікому не патрэбных мерапрыемстваў, дзе культарганізатары павінны ствараць "масавасць". Супраць БРСМ і датэрміновых "галасаванняў" з пагрозамі выселіць з інтэрнатаў. Мы пратэстуем супраць галосных і таемных забаронаў Свабоднага тэатра і "непажаданых" музыкаў. Мы супраць звальненняў артыстаў, якія мелі смеласць адкрыта выказаць сваё меркаванне. Наша культура - гэта не фанаграмы з шашлыком і "футраманіяй", а феcтываль TEART і "Ева" Хаіма Суціна.

Наш #культпратэст абражаны зафарбоўваннем выдатных, але "непажаданых" графіці, нявечаннем нашых гарадоў безгустоўнымі скрынямі і знішчэннем гістарычных каштоўнасцяў. Мы хочам мець магчымасць граць музыку ў пераходах і на вуліцы, для тых, хто вяртаецца з працы ці пенсіянераў, якія б не былі вымушаны гандляваць, каб выжыць. Мы хочам любіць і ганарыцца нашымі нобелеўскімі лаўрэатамі не менш, чым нашымі спартоўцамі. Мы хочам, каб нашыя дактары і настаўнікі зараблялі не менш за нашу міліцыю.

Мы адмаўляемся браць удзел у любых дзяржаўных мерапрыемствах, выстаўляць ім святло і гук, рабіць "дызайн" для іхных плакатаў, грыміраваць артыстаў, якія вырашылі там прысутнічаць. Мы не станем прыкідвацца, што кавід - гэта #псіхо3, Васіль Быкаў - паэт, беларусы - народзец, а наша сталіца - гарадок.

Пад тэгам нашага #культпратэсту мы будзем рабіць тое, што мы ўмеем лепш за ўсё - ствараць мастацтва. І ацэньваць яго будуць не нейкія мастацкія саветы, а народ Беларусі, які прачнуўся. Наш #культпратэст будзе спяваць, здымаць відэа, маляваць карціны, праводзіць мерапрыемствы для свабодных грамадзян, а не для абрыдлай усім улады. Наша справа - натхняць, дык давайце ж пакажам прыклад салідарнасці і руплівай працы! Мы заклікаем усіх людзей мастацтва далучыцца да нас у імкненні пабудаваць вольную Беларусь!

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках