Аляксей Грос вучыўся на чацвёртым курсе Універсітэта культуры.
Пасля таго як уладальнік Гран-пры «Славянскага базару» Аляксей Грос выказаўся ў сваім акаўнце Instgram пра беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі, у выканаўцы пачаліся праблемы. Спачатку яму паведамілі, што запланаваныя раней выступы скасоўваюцца. А пазней ён даведаўся, што яго выключылі з універсітэта, паведамляе «Белсат».
Аляксей Грос напісаў, што сорамна крывадушнічаць у сувязі з тым, што адбываецца ў краіне.
«Калі для сённяшняга кіраўніцтва Беларусі людзі культуры, мастацтва і медыя – гэта безаблічныя персанажы і блазны, то тады мне сорамна, што я быў часткай гэтага механізму!» – напісаў Аляксей Грос.
Пасля гэтага ранейшыя выступы выканаўцы скасавалі.
«Сёння мне прыйшоў ліст пра выключэнне мяне з 4 курса Універсітэта культуры, вядома ж, я не быў выдатнікам, былі ў мяне хвасты, але ўсё было дамоўлена. Напэўна, супадзенне?!» – задае пытанне Аляксей Грос.
Шэраг беларускіх музыкаў, выканаўцаў, творцаў і журналістаў стварылі супольны зварот з патрабаваннем вызваліць палітычных зняволеных.