15 жнiўня 2020, Субота, 11:14
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Казахстан першым у СНД аднаўляе карантынныя абмежаванні

Казахстан першым у СНД аднаўляе карантынныя абмежаванні
ФОТА: ПАВЕЛ МІХЕЕЎ / REUTERS

Яны пачнуць дзейнічаць з 5 ліпеня.

Казахстан стаў першай краінай СНД, вымушанай вярнуцца да супрацьвірусных абмежаванняў. Яны пачнуць дзейнічаць з 5 ліпеня, працягнуцца 14 дзён, а затым могуць быць прадоўжаны ў залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі, паведамляе РБК.

Неабходнасць узмацнення жорсткасці тлумачыцца рэзкім ростам колькасці захварэлых у краіне. «З моманту зняцця абмежаванняў 11 траўня гэтага года колькасць выпадкаў каранавіруснай інфекцыі павялічылася ў сем разоў», - канстатаваў прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў 29 чэрвеня.

Паводле звестак на 2 ліпеня, усяго ў краіне пацверджана 42 574 выпадкі заражэння 13 845 захварэлых ачуняла. Апошнія звесткі аб памерлых публікаваліся 29 чэрвеня, тады паведамлялася пра смерць 188 чалавек. Колькасць новых інфіцыраваных за дзень (на 2 ліпеня) склала 1509.

Сярод ліпеньскіх абмежавальных захадаў - прыпыненне пасажырскіх аўтобусных зносін паміж рэгіёнамі, забарона спартыўных, відовішчных і іншых масавых мерапрыемстваў; спортам можна будзе займацца толькі індывідуальна, на адкрытым паветры; па вуліцах дазваляецца хадзіць кампаніяй не больш за тры чалавекі. Зноў забаронена праца салонаў прыгажосці, цырульняў, спартыўных залаў, фітнэс-цэнтраў, басейнаў, харчовых і нехарчовых крытых рынкаў, пляжаў, рэлігійных аб'ектаў.

У некаторых абласцях абмежаванні будуць яшчэ ўзмоцненыя. Напрыклад, ва Усходне-Казахстанскай вобласці (мяжуе з Расеяй і Кітаем) за чэрвень колькасць хворых каранавірусам вырасла з 135 да 710 чалавек. Паводле звестак галоўнага санітарнага лекара рэгіёну Марата Ісмаілава, рэпрадуктыўная колькасць віруса (колькасць другасных выпадкаў заражэння, выкліканых адным інфікаваным чалавекам) у вобласці – больш за 1,29. Паколькі «толькі абмежавальнымі мерамі можна стрымаць распаўсюд каранавіруснай інфекцыі», як паведаміў кіраўнік вобласці Даніял Ахметаў, выходныя дні будуць абвешчаныя «глухім сезонам» - па вобласці будзе спынены рух грамадскага транспарту, а ў цэлым працягне дзейнічаць прынцып перамяшчэння на асабістым аўтатранспарце, які дазваляе ў пэўныя дні рух толькі машын з цотнымі або няцотнымі нумарамі.