29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская Жанна Д'Арк

1
Беларуская Жанна Д'Арк

Як змагалася за вольнасць Айчыны Эмілія Плятэр.

Дзяўчына са сцягам у руках вядзе на смяротны бой узброеных паўстанцаў. Свінцовы лівень і варожыя гарматы не страшныя ёй, таму што смерць не мае ўлады над вечнасцю. А імя Эміліі Плятэр, вальналюбнай Ліцвінкі, даўно стала сімвалам подзвігу ў імя Айчыны. Яно натхняла патрыётаў Польшчы і Літвы на бой у імя праўды і свабоды, піша «Ліцвін».

Літва і Польшча ўвекавечылі памяць пра яе, змясціўшы партрэт на купюрах сваёй валюты. Біёлагамі названы гатунак дзівоснай кветкі клямаціса яе імем. Яе называюць «беларускай Жаннай Д'Арк», «польскай Дзевай» і «Ліцвінкай Плятэр». У 2018 годзе споўнілася 212 гадоў з дня нараджэння графіні Эміліі Броель – Плятэр.

З'явілася на свет Эмілія Плятэр у 1806 годзе ў Вільні. Бацька Францішак Ксаверы Плятэр і маці Ганна Моль жылі не вельмі дружна, таму дачка з маці пасяліліся ў адным з уласных маёнткаў Віцебскай губерні Ліксну Дынабургскага павета (цяпер тэрыторыя Латвіі).

Велізарная бібліятэка ў маёнтку моцна паўплывала на светапогляд дзяўчынкі, яна шмат часу праводзіла за чытаннем кніг. Матэматыка і гісторыя сталі яе любімымі навукамі, а францужанка Жанна Д'Арк і ліцвін Тадэвуш Касцюшка – кумірамі, якія натхнялі на слаўныя справы.

Пасталелая Эмілія захапілася фальклорам, яна збірае і спявае беларускія песні і трохі складае сама. Ёй падабаецца выконваць беларускія танцы простых людзей, напрыклад «Лепятуху», і атрымлівалася ў яе гэта шыкоўна. А яшчэ, успаміналі сучаснікі, дзяўчына ўмела так натхнёна і сумна галасіць, як гэта рабіў вясковы просты люд, калі ліцвіны аплаквалі памерлых блізкіх.

ЭМІЛІЯ АДБІВАЕЦЦА АД КАЗАКОЎ

Польскія, беларускія і літоўскія патрыёты абураліся з нагоды царскіх парадкаў у Рэчы Паспалітай, іх абурала каранаванне цара Мікалая I у якасці караля Польшчы. Неспакойным і грозным быў 1830 год у польскіх і ліцвінскіх землях. Ніхто не хацеў мірыцца з самавольствам і дэспатыяй, якія прыйшлі разам з царскімі палкамі з Усходу.

Мара патрыётаў пра адраджэнне сваёй радзімы і яе межаў 1772 года зноў адышла ў нябыт да 1830 года. А між тым французы падняліся на барыкады, пратэстуючы супраць абсалютнай манархіі. Іх прыклад натхніў і народы былой Рэчы Паспалітай.

29 лістапада ў Варшаве ўспыхвае хваляванне. Даведаўшыся пра пачатак паўстанцкага выступу, Эмілія наносіць візіты блізкім, знаёмым і сваякам, заклікаючы неабыякавых людзей да падрыхтоўкі да паўстання ў Літве і Беларусі. Кузэны дапамагаюць ёй у распрацоўцы дзёрзкага плану. Дзяўчына сур'ёзна прапаноўвала захапіць Дынабургскую крэпасць. Планы не ажыццявіліся, але Эмілія была прызнаная лідаркай і пасвечаная ў рыцаркі – з захаваннем усіх старадаўніх абрадаў.

РАМАНТЫЗАВАНЫ ВОБРАЗ ЭМІЛІІ ПЛЯТЭР

У мястэчку Дусяты 29 сакавіка 1831 яна зноў выступае з заклікам да людзей падымацца і змагацца з ворагамі веры і Бацькаўшчыны. За вельмі кароткі час дзякуючы аднадумцам ёю быў сабраны атрад на некалькі сотняў чалавек: стралкі, пешыя і конныя, касінеры. Адважную дзяўчыну патрыёты абагаўлялі, называлі «сцягам вызвольнага руху». Яна вяла іх у бой з натхненнем.

Эмілія дзейнічала адважна. Спачатку яе атрад праводзіць напад і знішчае паштовую станцыю, а з ёй і невялікі атрад царскіх салдатаў. Праз некаторы час паўстанцы ліцвінскай Жанны Д'Арк злучаюцца з узброенымі сіламі генерала Шырмана і захопліваюць Езяросы.

Баявая слава Эміліі складаецца не толькі з яе адвагі. Хвацкая вершніца, выдатны стралок і фехтавальніца – вось кароткі пералік яе ваенных навыкаў. Яна была мужным, сумленным, добрым, шчырым у сваёй веры чалавекам. Тым і набыла любоў і павагу не толькі ў асяроддзі вайскоўцаў, але і сярод простага люду.

Эмілія была простай, адкрытай, ветлай, але тое, што яна не прастачка, а паходзіць з шляхты, схаваць было немагчыма. З ёй абыходзіліся вельмі тактоўна, далікатна і ветліва. Яна стала прыкладам, які натхняў іншых жанчынаў па ўсёй Еўропе на барацьбу супраць дэспатызму, а ў Польшчы і Літве супраць цара і ягоных катаў.

ЭМІЛІЯ НАТХНЯЛА НА БОЙ ПАЎСТАНЦАЎ І ЗДЗІЎЛЯЛА ВОРАГАЎ АДВАГАЙ

Пасля злучэння паўстанцкіх войскаў і польскай арміі генерала Хлапоўскага дзяўчыне было прапанавана прыняць камандаванне 1-й ротай у 25 лінейным палку, прысвоены чын капітана. З'ява для таго часу небывалае для жанчыны.

У Коўне ў яе гонар быў дадзены баль. Але як толькі адгучалі гукі аркестру, як Эміліі зноў давялося весці сваіх салдатаў у атаку. 19 чэрвеня 1831 г. пад Вільняй адважныя паўстанцы пацярпелі паразу, панеслі вялікія страты. У баі пад Шаўлямі адбываецца пералом, адвагі і мужнасці Плятэр і ваенных навыкаў паўстанцаў ужо бракуе для перамог. На ваеннай радзе паўстанцаў было прапанавана падзяліць войска на тры часткі і прасоўвацца ў розных кірунках.

Лепш смерць, чым ганьба

Эмілія, даведаўшыся пра гэта, мяркуе за лепшае не выконваць загад, а адступаць у Прусію. «Лепш загінуць з гонарам, чым скончыць такой ганьбай!» – вось яе словы. Накіроўваючыся ў Варшаву, з мэтай аб'яднацца і прадоўжыць барацьбу з падраздзяленнямі, што яшчэ ваявалі, яна захварэла. Галоднае і халоднае ваеннае жыццё падарвала здароўе дзяўчыны-капітанкі.

Спачатку яе прытулілі ў доме сялянаў, потым хворую і аслабленую прынялі ў сваім доме Абламовічы. Пад выглядам настаўніцы яна жыла ў іх да свайго скону. Вядома, што канчаткова зламала яе вестка пра тое, што Варшава ўзятая царскімі войскамі і паўстанне задушанае. На 25-м годзе свайго жыцця 23 кастрычніка 1831 года Эмілія пакінула гэты свет. Адам Міцкевіч, пазнаёміўшыся з гісторыяй ліцвінскай Жанны Д'Арк, напісаў верш «Смерць палкоўніка», якія ўслаўляе шляхту з Вільні ў Еўропе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках