12 жнiўня 2020, Серада, 13:11
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Шлындзікаў: Цяпер вельмі сур'ёзна выраслі шанцы для змены ўлады

15
Васіль Шлындзікаў: Цяпер вельмі сур'ёзна выраслі шанцы для змены ўлады

Калі забастуюць працоўныя буйных прадпрыемстваў, Лукашэнку давядзецца сысці.

На беларускіх прадпрыемствах склалася крытычная сітуацыя. Заводы і фабрыкі літаральна загразлі ў пазыках, якія выраслі да 50 мільярдаў рублёў.

Пра стан беларускай прамысловасці сайт Charter97.org пагутарыў з стваральнікам і экс-кіраўніком канцэрна «Амкадор» Васілём Шлындзікавым.

– Васіль Міхайлавіч, пазыкі беларускіх прадпрыемстваў увесь час растуць. Многія няздольныя выплачваць крэдыты перад банкамі. Як Вы ацэньваеце сітуацыю ў прамысловым сектары краіны?

– Прадпрыемствы, якімі мы ганарыліся многія гады, цяпер, у сутнасці, знаходзяцца ў банкрутным стане. Праблема адна – адсутнасць усякай ініцыятывы праз боязь зрабіць памылку, бо ініцыятыва ў нашай краіне не застаецца без пакарання вельмі жорстка.

Павінен сказаць, усё гэта – дзякуючы «плённай працы» прызначэнцаў Лукашэнкі. Яны вельмі «працавітыя», таму плодзяць усякія паперкі, указы і г.д. Усё гэта спускаецца на месцы. І ўжо мясцовыя чыноўнікі, баючыся зрабіць памылку, перастрахоўваюцца тысячу разоў. У выніку дзяржаўны апарат як бы працуе ў рэжыме італьянскай забастоўкі. І на працу ходзяць, і гальштукі носяць гэтыя «важныя» хлопцы і дзяўчаты – а ў выніку паралізуюць эканамічнае жыццё ў краіне.

Без сумневу, такі стан прамысловасці – гэта віна ўладаў. Ёсць і аб'ектыўныя прычыны. Рынак ёсць рынак, а ён жыве паводле сваіх законаў жорсткай канкурэнцыі. Натуральна, трэба адпавядаць гэтаму рынку.

А ў нас проста не даецца магчымасці гэтаму адпавядаць. У нас старое савецкае кіраванне. Нашы заводы – гэта тыя ж калгасы, з той жа структурай кіравання. Адсюль усе праблемы.

У свеце ўсё развіваецца, удасканальваецца. Дзе тут будуць адбывацца змены, калі людзі баяцца лішні крок зрабіць, каб не патрапіць у няміласць і не натыкнуцца на буйныя непрыемнасці.

– З'яўляюцца звесткі, што ўсё больш дырэктараў заводаў і чыноўнікаў з эканамічнага сектару на розных падставах адмаўляюцца быць даверанымі асобамі Лукашэнкі. З чым звязаны гэты сабатаж?

– Думаю, яны не мяркуюць для сябе гэта патрэбным рабіць. У большасці сваёй яны, хоць і не выказваюцца, разумеюць сітуацыю і першапрычыны ўсіх праблемаў. Таму і адмаўляюцца.

– Больш за ўсё людзей на мітынгі Святланы Ціханоўскай і яе каманды выходзіла на мінулым тыдні ў прамысловых гарадах: Жлобіне, Рэчыцы, Гомелі. Пра што гэта кажа?

– Пра настроі працоўных на буйных прадпрыемствах. Там людзі ўвогуле бяспраўныя. Кантракты, якія з імі заключаюць, выключаюць магчымасць свабодна сябе паводзіць. Ледзь што – брама, а за брамай ніхто нікога не чакае.

Ды і што гэта за заробак, які на большасці прадпрыемстваў плацяць? Праблемы на праблемах. Людзям надакучыла, яны зразумелі, што трэба нешта рабіць і штосьці мяняць.

Я памятаю, быў час, калі людзі з заводаў падтрымлівалі Лукашэнку. Калісьці ў завадскіх раёнах адсоткаў 50 галасавала за Лукашэнку. А цяпер прыйшоў зусім іншы час.

У 1994 годзе ён, як ні дзіўна, сказаў праўду. Ён «запусціў» заводы да канца, да таго, што ў раённых цэнтрах і гарадах яны ўвогуле спыніліся і стаяць. У многіх прадпрыемстваў у рэгіёнах засталіся толькі платы і струхлелыя будынкі. Калі казаць у сутнасці, ён сваё слова стрымаў.

– Упершыню за ўсю гісторыю свайго кіравання Лукашэнка не падвышае працаўнікам буйных прадпрыемстваў заробкі перад выбарамі, а наадварот – зніжае іх. Нават на «ўзорна-паказальным» БелАЗ працаўнікам буйных прадпрыемстваў заробкі перад выбараміпрацоўным зрэзалі прэміі за два тыдні да дня галасавання. Пра што кажа такі сімптом?

– Я ведаю адно: эканамічная сітуацыя настолькі складаная, што ў нас і так заробкі растуць несувымерна росту ВУП. Гэта значыць, надзімаецца фінансавая бурбалка. Я буду вельмі рады, калі ў найбліжэйшы час увогуле не адбудзецца краху рубля. Ён бы сапраўды адбыўся, калі б пачалі рабіць тое, што рабілі заўсёды, а менавіта рэзка падвышалі заробкі, пенсіі.

Гэтая ўлада ўжо вычарпала ўсе свае магчымасці. Таму заробкі і не павышаюць – інакш бурбалка проста лопне.

– У працоўных калектывах ходзяць размовы пра нацыянальны страйк. Чым скончыцца для ўлады сітуацыя, калі працоўныя буйных прадпрыемстваў – «Беларуськалія», ААТ «Гродна Азот», БМЗ – забастуюць?

– Тады гэтай уладзе давядзецца сысці. Гэта адназначна. Агульнанацыянальны страйк прывядзе да змены ўлады. У адваротным выпадку гэты рэжым можа захавацца.

Я бачыў прыклад Кубы, калі Фідэль Кастра давёў кубінцаў да поўнай галечы і разрухі. А на тэлевізіі ім расказвалі, як добра яны жывуць. Тое самае адбывалася ў Іраку з Хусэйнам.

Цяпер у нас вельмі сур'ёзна выраслі шанцы для змены ўлады. Упершыню народ так востра рэагуе на ўсё, што адбываецца ў краіне. Бо ва ўсе папярэднія «выбарныя» гады так рэагавала толькі пасіянарная частка грамадства. Гэта значыць, пісьменныя, актыўныя людзі, якія абураліся і пратэставалі, ішлі ў турмы і гінулі пры маўклівым уласным народзе. А цяпер сітуацыя – зусім іншая. Цяпер ужо народ спрабуе сказаць і кажа сваё слова. Ужо вельмі шмат робіцца.

Унікнуць яшчэ большага эканамічнага краху гэтая ўлада наўрад ці здолее, таму што і ў Расеі цяпер сур'ёзныя праблемы. Там таксама адбываецца падзенне вытворчасці, ВУП, прыбыткаў. Таму пратэставыя настроі ў людзей будуць толькі расці.

– Як Вы параілі б ратаваць прамысловасць у новай, вольнай Беларусі?

– Рэцэпты ўжо даўно вядомыя ўсім. Трэба ісці шляхам Польшчы. Укараняць поўную свабоду ў эканоміцы. Патрэбная прыватызацыя – толькі не такая, як цяпер робіцца. Ніхто гэтыя заводы набываць не будзе. Гэтая ўлада адвучылі людзей ад набыцця акцый і ўвогуле ўдзелу ў развіцці эканомікі. У нармальных краінах эканоміка развіваецца за кошт унутраных інвестараў, народа, які ўкладвае свае ашчаджэнні ў акцыі, стварэнне прадпрыемстваў і г.д. У нас народ адвучылі. Беларусы не вераць і не хутка павераць у гэтыя акцыі.

Усё будзе адбывацца павольна. Але ўсё роўна трэба прыватызаваць, акцыянаваць, прадаваць акцыі, арганізоўваць фондавы рынак, уводзіць права ўласнасці на зямлю, рэарганізоўваць усю сельскую гаспадарку, медыцыну, каб грошы ішлі за хворым, а не ложка-месца і г.д.

Гэта велізарны пласт працы. На кожны пласт патрэбныя людзі, якія будуць разумець, што трэба рабіць. У тым ліку трэба і ператвараць прамысловасць. Кожнаму заводу патрэбная свая праграма, каб яна адкрыта і публічна абмяркоўвалася, каб не было дапушчана памылак.