19 красавiка 2024, Пятніца, 6:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад COVID-19 памёр адзін з найлепшых траўматолагаў-артапедаў Беларусі

10
Ад COVID-19 памёр адзін з найлепшых траўматолагаў-артапедаў Беларусі

Калегі кажуць, што ён выратаваў тысячы пацыентаў.

26 ліпеня памёр адзін з найлепшых траўматолагаў-артапедаў краіны – Віктар Фёдаравіч Волкаў. Ён працаваў у 6-й гарадской клінічнай лякарні Менска. Калегі вельмі цяжка перажываюць страту, кажуць, што гэта быў лекар рэдкага таленту і пры гэтым вельмі інтэлігентны і сціплы чалавек. Нягледзячы на тое, што Віктар Фёдаравіч не прымаў пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, а на час пандэміі нават быў у адпачынку, ён захварэў на COVID-19, піша tut.by.

– Гэта вельмі сумленны чалавек, інтэлігентны да мозгу касцей, чалавек, які ніколі ні аднаго дрэннага слова ні пра каго не сказаў, супервыхаваны – ніколі не зрываўся, ніколі не лаяўся, будучы загадчыкам, нават калі ты не мае рацыі, заўсёды дапамагаў – у любы час дня і ночы, – расказвае Аляксандра Цітова, лекарка-траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення 6-й гарадской клінічнай лякарні Менска.

Віктар Волкаў адзін час быў загадчыкам прыёмнага аддзялення траўматалогіі, апошні час кансультаваў пацыентаў у складаных выпадках. Ён кандыдат медыцынскіх навук, працаваў на кафедры траўматалогіі і артапедыі БДМУ, у аддзяленні хірургіі пясця, ён абараніў кандыдацкую на тэму аднаўлення пашкоджанняў сухажылляў згінальнікаў пясця.

– Ён патомны лекар, ягоны бацька быў галоўным лекарам у сельскай лякарні ў Віцебскай вобласці, і гэта ён яго накіраваў у Медыцынскі ўніверсітэт, і дзякуючы гэтаму і з'явіўся вельмі добры хірург, адзін з заснавальнікаў хірургіі пясця ў краіне. Правёў тысячу аперацый, тысячам людзей выратаваў пясце, вельмі добры педагог, ніколі не цураўся кагосьці вучыць і падзяліцца досведам, моладзь за сабой вабіў, у аперацыйных усім дапамагаў, Спецыяліст з вялікай літары, – расказвае кіраўнік Менскага гарадскога клінічнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Валерый Урублеўскі.

– Чалавек рэдкага таленту, ён усе аперацыі рабіў выразна, вельмі хутка, відаць, што, калі справа спорыцца, чалавек усё разумее. Вельмі інтэлігентны і мяккі чалавек, за ўвесь час ніколі грубага слова пацыенту не сказаў, а пацыенты ў нас вельмі розныя. Самы ветлівы, напэўна, траўматолаг за ўсю гісторыю 6-й лякарні, – расказвае Валерый Ціхан, лекар-траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення 6-й гарадской клінічнай лякарні.

З пацыентамі з COVID-19 Віктар Фёдаравіч не працаваў, а на час пандэміі быў у адпачынку.

– У нас кіраўніцтва імкнулася абараніць лекараў, і ўсім пажылым дазволілі, нават папрасілі, сысці ў адпачынак, каб, крый Божа, не здарылася бяды. Ён быў у адпачынку, – адзначае Аляксандра Цітова.

Яна кажа: тое, што ў Віктара Фёдаравіча была каранавірусная інфекцыя, для іх стала нечаканасцю. Каля двух месяцаў лекар правёў у розных шпіталях горада, медыкі змагаліся за ягонае жыццё з усіх сілаў, але, на жаль, выратаваць не здолелі.

Калегі Віктара Фёдаравіча расказваюць: у лякарню ён паступіў з падазрэннем на інсульт, там выявілі і COVID-19, быў таксама і шэраг спадарожных захворванняў. Віктару Фёдаравічу было 65 гадоў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках