29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Жывёлы сапраўды могуць прадказваць землятрусы

4
Навукоўцы: Жывёлы сапраўды могуць прадказваць землятрусы

Даследнікі правялі назіранне за каровамі, авечкамі і сабакамі.

Міжнародная група навукоўцаў пад кіраўніцтвам Марціна Вікельскага з Інстытута вывучэння паводзінаў жывёлаў Таварыства Макса Планка змагла даказаць, што жывёлы сапраўды могуць прадказваць землятрусы. Як паведамляе zn.ua, даследнікі высветлілі, што паводзіны жывёлаў змяняліся за 20 ці менш гадзінаў да землятрусу.

У ходзе даследавання навукоўцы назіралі за шасцю каровамі, пяццю авечкамі і двума сабакамі, якія жылі на ферме, размешчанай у сейсмічна актыўным рэгіёне Італіі. На жывёлаў надзелі датчыкі руху і назіралі за іх актыўнасцю цягам некалькіх месяцаў. За гэты перыяд паблізу адбылося 18 тысячаў землятрусаў – у асноўным невялікіх, аднак 12 штуршкоў былі з магнітудай чатыры і больш паводле шкалы Рыхтэра.

З гэтых землятрусаў былі адабраныя тыя, якія вынікавалі статыстычна значныя зрухі глебы на самой ферме – гэта альбо моцныя штуршкі, чый эпіцэнтр размяшчаўся на адлегласці да 28 кіламетраў, альбо слабыя з эпіцэнтрам у непасрэднай блізкасці. Сейсмічныя звесткі былі накладзеныя на спецыяльна адзначаныя істотныя адхіленні ў паводзінах жывёлаў. Паколькі паводніцкія рэакцыі кароваў, авечак, сабак адрозніваюцца, для ацэнкі звестак была ўжытая эканаметрычная методыка, якая выкарыстоўваецца звычайна для аналізу паводзінаў інвестараў на рынку. Пры гэтым былі ўзятыя да ўвагі розныя чыннікі, якія парушаюць звычайныя паводзіны жывёлаў.

Высветлілася, што паводзіны жывёлаў змяняліся за 20 ці менш гадзінаў да землятрусу. Пры гэтым чым бліжэй жывёла падыходзіла да эпіцэнтра землятрусу, тым раней змяняліся яе паводзіны. Адзначаецца, што заўважыць змены ў паводзінах жывёлаў атрымалася толькі дзякуючы таму, што за імі назіралі калектыўна.

Разам з тым даследнікі не ведаюць, якім чынам жывёлы прадбачаць землятрус. Магчыма, яны ўлоўліваюць іянізацыю паветра або адчуваюць выхад падземных газаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках