8 жнiўня 2020, Субота, 21:19
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Для каго Лукашэнка зладзіў спектакль з ПВК пад Менскам?

109
Для каго Лукашэнка зладзіў спектакль з ПВК пад Менскам?
Ірына Халіп

З жыцця адпачывальнікаў.

На ўвядзенне надзвычайнага становішча і скасаванне выбараў у Беларусі 33 затрыманыя расейцы, вядома, не цягнуць, хай яны хоць тройчы з ПВК Вагнера. Замала будзе ўсё ж. І ўся гісторыя вельмі падобная да халастога паліттэхналагічнага стрэлу.

29 ліпеня ў першай палове дня дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА апублікавала навіну з аднаго сказа: «Сёння ўначы супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі пад Менскам затрымалі 32 баевікі замежнай прыватнай вайсковай кампаніі. Будзе дапоўнена». Тэлефоны ўправы інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ не адказвалі, следчы камітэт і МУС не валодалі інфармацыяй. Было зразумела, што дзяржаўнаму агенцтву прадыктавалі гэтую фразу і загадалі чакаць абнаўленняў. Для ўсіх астатніх журналістаў інфармацыя заставалася закрытай - каб не інтэрпрэтавалі.

Праз дзве гадзіны з'явілася абнаўленне. Удакладнялася, што прыватная вайсковая кампанія - гэта ПВК Вагнера. А потым са спасылкай на праваахоўныя органы БелТА паведамляла, што «была атрымана інфармацыя аб прыбыцці на нашу тэрыторыю больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі». У кожнага пры сабе была невялікая торба, і яшчэ тры валізкі на ўсіх. Спыніліся яны ў адным са сталічных гатэляў, рэзервацыя была на дзень - з 24 на 25 ліпеня, - але затрымаліся да 27 ліпеня, а потым перасяліліся ў санаторый пад Менскам. Там іх і затрымалі сіламі «Альфы» і АМАПу.

А затрымалі таму, што пастаяльцы выклікалі падазрэнні ў адміністрацыі санаторыя. У паведамленні БелТА напісана, што 32 затрыманыя вялі сябе не так, як паводзяць сябе расейскія турысты ў беларускіх санаторыях:

не пілі і не наведвалі забаўляльных устаноў, былі маўклівыя і перасоўваліся невялікімі групамі. Увогуле, паводзілі сябе падазрона.

У тым жа паведамленні дзяржаўнае агенцтва выклала спіс прозвішчаў затрыманых. Журналісты tut.by высветлілі, што гаворка ідзе пра санаторый «Беларусачка» за чатыры кіламетры ад Менска. У рэгістратуры санаторыя, натуральна, сцвярджаюць, што ўсё гэта адбывалася ў іншым месцы.

У дзённым выпуску навін на дзяржаўнай тэлевізіі паўтарылі ўсё тое ж самае, толькі яшчэ паказалі карцінку з тых, што заўсёды здымаюць пры затрыманні. На стале былі выкладзеныя расейскія пашпарты, тэлефоны, гатоўка, парачка крэдытак і прэзерватывы. У дачыненні да затрыманых, сказалі, праводзіцца праверка.

Да вечара іх стала 33 - Андрэя Бакуновіча, ураджэнца Гомельшчыны, затрымалі на радзіме. Ён надумаў наведаць сваякоў у Калінкавічах - адтуль і павезлі. І ў гэты ж час высветлілася, што некаторыя прозвішчы можна знайсці ў спісе «Міратворцы», гэта значыць, гэтыя людзі ваявалі на ўсходзе Украіны. Тут жа ў расейскіх медыя з'явіўся Захар Прылепін, які сцвярджаў, што ў спісе затрыманых ёсць байцы ягонага батальёна, і што Беларусь гэтай кампаніі зусім не была патрэбна, а ехалі яны зусім у іншае месца.

І яшчэ - што Лукашэнка выдатна пра гэта ведаў.

А вось гэта акурат падобна да праўды. Не, я не ўважаю Прылепіна за праніклівага і інфармаванага. Проста рэч у тым, што Беларусь - гэта прахадны двор для расейцаў з сярэдзіны дзевяностых. Чачэнцы з абодвух бакоў - і сепаратысты, і федэралы - прыязджалі ў Беларусь лячыцца пасля раненняў падчас чачэнскіх войнаў. Многія праз Менск - ізноў жа з абодвух бакоў - з'язджалі на Захад. Адседжваліся ў небяспечныя часы таксама тут. А «зялёныя чалавечкі» спакойна заязджалі ва Украіну з боку Беларусі і дакладна гэтак жа выязджалі. Ценявая зона, адсутнасць межаў з Расеяй - чаму тут здзіўляцца? Вядома, усе гэтыя перамяшчэнні адбываліся з узаемнай дамоўленасці. Вядома, Лукашэнка ўсё ведаў. Вядома, гэтая спецаперацыя - спектакль. Але спектакль гастрольны, не для мясцовага гледача. Мясцоваму гэтую байку не скарміць.

А глядач гэтага выступу знаходзіцца на Захадзе. Гэта ўсё для яго: «Глядзіце, ПВК Вагнера ўжо пад Менскам! Зялёныя чалавечкі наступаюць. Расея ўжо амаль акупавала Беларусь».

І замест заклікаў вызваліць палітвязняў і пагроз санкцыямі Захад павінен тут жа працягнуць руку дапамогі і прызнаць Аляксандра Лукашэнку адзіным гарантам незалежнасці. Пры ўсёй відавочнай пастаноўцы гэтага сюжэту на Захадзе знойдзецца нямала чыноўнікаў, якія будуць яго прадаваць як чыстую праўду. Што да затрыманых - пасядзяць у «катуху» да канца спектакля. Можа, некалькі дзён. А можа, і месяцаў. Расея ж з часоў арышту Баўмгертнэра за сваіх не б'ецца.

Ірына Халіп, «Новая газета»