29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: У жніўні мы можам пабачыць бел-чырвона-белыя сцягі і «Пагоню» на галоўных будынках краіны

33
Зміцер Бандарэнка: У жніўні мы можам пабачыць бел-чырвона-белыя сцягі і «Пагоню» на галоўных будынках краіны
Фота: tut.by

План перамогі: 500 тысячаў, 1 мільён, 2 мільёны.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка адказаў на пытанні Charter97.org.

– Як Вы пракаментуеце абвастрэнне сітуацыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі? Лукашэнка ўжо заявіў пра захоп нейкіх баявікоў. Што адбываецца?

– Лукашэнка з трэскам саступае Святлане Ціханоўскай з сваім трохпрацэнтным рэйтынгам, які быў зафіксаваны яшчэ некалькі месяцаў таму, і прадпрымае недарэчныя мітуслівыя спробы выйсці з гэтай сітуацыі ў сілу сваіх інтэлектуальных здольнасцяў і здольнасцяў свайго атачэння.

– Які варыянт развіцця падзей Вы бачыце ў найбліжэйшы час?

– Змена ўлады ў Беларусі, таму што Лукашэнка не мае ні маральнага права, ні якога-небудзь іншага займаць гэтую пасаду. Уседзець на падтрымцы толькі сваіх дубінагаловых памочнікаў ён не ў стане. А беларускі народ жыць з гэтым кіраўніком ужо не хоча тым жыццём, якое ёсць сёння: з нізкімі пенсіямі, з нізкімі заробкамі, з ідыётамі ва ўладзе, з іх паскуднымі ініцыятывамі. Людзям зразумела, што кіраўнік – разумова адсталы і псіхічна ненармальны.

– Як можа адбываецца змена ўлады ў Беларусі? Нядаўна з'явіўся артыкул Андрэя Саннікава «План перамогі». Вы згодныя з гэтай стратэгіяй?

– У сутнасці, гэта і ёсць план перамогі, таму што ўсе астатнія крокі, як назіранне, ініцыятыва «Голас», маюць нейкае значэнне, але яны дапаможныя. Усё будзе залежаць ад таго, колькі беларусаў выйдзе на вуліцу. Гэты план рэальны.

У першы дзень па ўсёй краіне выйдзе дзесьці пяцьсот тысячаў, а можа, і больш чалавек, таму што галасаваць будзе шмат людзей. У другі дзень выйдзе яшчэ больш людзей, можа, мільён і пачнуцца «перадсвяточныя» забастоўкі. Потым, можа быць, на трэці дзень выйдзе два мільёны чалавек, а можа, гэта будзе праз некалькі дзён, ужо будзе святочная забастоўка.

Я згодны з рэстаратарам Пракоп'евым, ён лепш ведае рынак, што шампанскае ў Беларусі скончыцца, таму што будзе ўсеагульная весялосць.

– Як павінны фармавацца новыя органы ўлады ў такім выпадку?

– Я не згодны з ідэямі, якія агучвала Святлана Ціханоўская ў дачыненні да чыноўнікаў. Яна дакладна кажа, што з'яўляецца пачаткоўкай у палітыцы. Пакідаць усіх чыноўнікаў і ўрад на сваіх месцах нельга.

Людзі будуць выходзіць на вуліцу, пераадольваць пэўную рызыку, прымаць пастановы не для таго, каб гэтыя дармаеды, амаральныя тыпы прадаўжалі кіраваць краінай. Можа, хто-небудзь з іх і будзе карысны, але ўрад будзе новы.

Ёсць добры кадравы рэзерв для новага кааліцыйнага ўрада. Гэта кандыдаты, якія знаходзяцца ў турме або за мяжой, а таксама чальцы іх камандаў. Гэта будуць прадстаўнікі апазіцыі, у якую ўжо ўвойдуць каманды кандыдатаў, якія баяліся называцца апазіцыяй, а таксама нейкія чыноўнікі, якія патрэбныя для пераходнага перыяду і пагодзяцца дапамагчы беларусам.

Будуць запушчаныя сацыяльныя ліфты. У нас жа выбараў няма нідзе: ні ў раёнах, ні ў абласцях. Яны запусцяцца, абновяцца кіроўныя кадры. У людзей ёсць выдатная магчымасць праявіць сябе ў рэвалюцыйны перыяд. Многія ўжо сябе выявілі. Яны выявяць сябе і пасля нашай перамогі, калі трэба будзе браць адказнасць на сябе і развязваць вельмі сур'ёзныя пытанні як на лакальным, рэгіянальным узроўні, так і на ўзроўні цэнтральных уладаў.

Мы ведаем таксама, што вельмі шмат былых вайскоўцаў, ветэранаў міліцыі, спецслужбаў сёння знаходзяцца ў адкрытай апазіцыі да Лукашэнкі. Гэтыя людзі будуць карысныя.

Вялікія рэзэрвы – гэта таксама тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, працуюць мэнэджарамі ў сур'ёзных фірмах і тыя маладыя людзі, якія атрымалі адукацыю ў добрых універсітэтах. Я ўпэўнены, што гэтыя многія людзі вернуцца. Пераходны перыяд будзе забяспечаны.

Наступны крок – вяртанне Канстытуцыі 1994 года, пра што добра і пісьменна расказаў экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, прыстойны і адказны чалавек, спецыяліст-дзяржаўнік.

І нарэшце правядзенне выбараў у адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 года.

– А што калі Лукашэнка ўвядзе надзвычайнае становішча?

– Трэба адразу ж выходзіць на вуліцу. Людзі павінны быць да гэтага гатовыя. Успамінаюць старую апазіцыю, якая змагалася 26 гадоў. Давайце яшчэ раней адкруцім. Мы перамаглі яшчэ ў 1991 годзе. Так званая старая апазіцыя, ветэраны супраціву, менавіта яны здабылі незалежнасць для нашай краіны. Менавіта мы выходзілі на Плошчу, калі была спроба ГКЧП у Менску.

Гісторыя паўтараецца як фарс. Мы павінны памятаць, што ГКЧП праіснавала тры дні. Мы ведаем, што Мікола Статкевіч, тады ў форме падпалкоўніка Узброеных сілаў, на галоўнай плошчы Менска (цяпер – плошча Незалежнасці) заклікаў вайскоўцаў не выконваць загады злачынцаў ГКЧП. Ягоны заклік застаецца актуальным і сёння.

Новае пакаленне, у якога ёсць амбіцыі, можа паказаць сваю сілу. Мы сваю гістарычную місію выканалі: здабылі і захавалі незалежнасць нашай краіны. У маладых і ў тых, хто ўважае сябе новай сілай, ёсць магчымасць выявіць сябе і здабыць для краіны свабоду. Хоць я ўпэўнены, што вызначальную ролю згуляюць якраз ветэраны, загартаваныя турмамі, якія маюць досвед акцый, якія выходзяць не па каўбасу, а па незалежнасць, па нашу і вашу свабоду. Гэтыя людзі будуць галоўнымі ў гэты момант.

На гэтых выбарах няма майго кандыдата, таксама як і для многіх людзей. Але выказваю сваю павагу і захапленне Святлане Ціханоўскай, якая кажа, што яе галоўная задача – правесці новыя свабодныя выбары. Для патрыётаў Беларусі, для тых, хто сумняваецца, ці ўдзельнічаць у галасаванні, я хачу сказаць. У нас ёсць выдатная магчымасць ужо ў жніўні зноў убачыць на галоўных дзяржаўных будынках нашай краіны нашы нацыянальныя сымбалі – бел-чырвона-белыя сцягі і «Пагоню». Мы можа гэта зрабіць.

Мы б'емся за вяртанне Канстытуцыі 1994 года і ў нас ёсць выдатная магчымасць вярнуць нашы нацыянальныя сымбалі ў самым блізкім часе. Потым паглядзім, чые ідэі мацнейшыя і прывабнейшыя на новых, свабодных і вельмі цікавых выбарах, якія будуць у самым блізкім часе пасля адстаўкі Лукашэнкі.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках