25 красавiка 2024, Чацвер, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Расея не будзе ўмешвацца ў сітуацыю ў Беларусі

18
Чаму Расея не будзе ўмешвацца ў сітуацыю ў Беларусі
УЛАДЗІСЛАЎ ІНАЗЕМЦАЎ

Параза беларускага дыктатара – не адзіная прычына.

Лукашэнка кіраваў Беларуссю з 1994 года. Аднак ягоная хватка значна аслабла за апошнія месяцы, і цалкам верагодна, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня яго не будзе. Такі зыход не толькі страсяне Беларусь, але таксама дасць прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну сур'ёзную падставу для непакою.

У пачатку 2020 года Лукашэнка здаваўся «непераможным». Большасць беларусаў меркавала, што іхні аўтарытарны кіраўнік забяспечыць сабе шосты прэзідэнцкі тэрмін такімі самымі карумпаванымі метадамі, як і заўсёды.

Аднак COVID-19 змяніў усё. Калі Лукашэнка абвесціў пандэмію «глупствам» і рэгулярна хлусіў пра яе маштабы і колькасць ахвяраў, шараговыя жыхары краіны, якія пацярпелі ад крызісу, пайшлі супраць яго. Яны асабліва абураліся прымусам з боку ўладаў да ўдзелу ў святкаванні заканчэння Другой сусветнай вайны 9 траўня без санітарных масак або ахоўных пальчатак, і да падпісання петыцыі ў падтрымку пераабрання Лукашэнка.

У пачатку траўня ўлады арыштавалі народнага блогера Сяргея Ціханоўскага, які абвесціў пра свой намер балатавацца ў прэзідэнты. Ягоная жонка Святлана Ціханоўская, аднак, заняла ягонае месца, атрымаўшы пры гэтым актыўную падтрымку выбарнікаў. Чэргі на яе пікетах для збору подпісаў у чэрвені расцягваліся амаль на кіламетр, як бы міліцыя ні заклікала людзей разысціся.

Апытанні грамадскай думкі, праведзеныя 20–22 траўня (пакуль улады не забаранілі правядзенне апытанняў), паказалі, што толькі 3–6.24% выбарнікаў падтрымліваюць Лукашэнку, 12.7–18% сімпатызуюць Ціханоўскаму, а былы кіраўнік Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка (у цяперашні час арыштаваны беларускім КДБ) з'яўляецца абсалютным лідарам гонкі – за яго выказаліся 50–54.9% рэспандэнтаў. 30 чэрвеня Цэнтрвыбаркам у Менску афіцыйна дазволіў Бабарыку і Ціханоўскаму балатавацца пасля праверкі подпісаў іх прыхільнікаў, аднак калі Лукашэнка 9 жніўня абвесціць, што ён «перамог», гэта практычна неўнікнёна прывядзе да «каляровай рэвалюцыі» ва Усходняй Еўропе.

Аднак імавернае палітычнае падзенне Лукашэнкі пасля 25 гадоў утрымання практычна нічым не абмежаванай асабістай улады – не адзіная прычына, чаму жнівеньскія прэзідэнцкія выбары важныя. Іншая прычына – гістарычная тэндэнцыя, у адпаведнасці з якой развіццё палітычнай сітуацыі ў Беларусі апярэджвае падзеі ў гіганцкай суседняй краіне.

Расейскае кіраўніцтва ішло за Лукашэнкам з сярэдзіны 1990-х гадоў. Лозунгі кампаніі прэзідэнта Барыса Ельцына 1996 года, якія заклікаюць грамадзянаў «галасаваць сэрцам», былі скапіяваныя з лозунгаў кампаніі Лукашэнкі 1994 года. Калі Пуцін стаў прэзідэнтам Расеі пасля Ельцына ў 1999 годзе, ён абвесціў вяртанне «стабільнасці», як гэта зрабіў Лукашэнка за тры гады да гэтага.

Пуцін, пераймаючы Лукашэнку, які вярнуў Беларусі сцяг і герб савецкага ўзору, аднавіў у Расеі савецкі гімн. Ён таксама пайшоў за прыкладам Лукашэнкі на знішчэнне незалежных палітычных партый і выцісканне апанентаў з краіны, або на іх забойства (а часам і на тое, і на другое). Парламент і суды ў абедзвюх краінах ператварыліся ў аддзелы адміністрацыі прэзідэнта, а расейскія законы пра «замежных агентаў» і «непажаданыя арганізацыі» проста скапіяваныя з беларускага заканадаўства, у якім яны з'явіліся на шэсць гадоў раней.

Нарэшце, агульнанацыянальны рэферэндум Пуціна 1 ліпеня, які афіцыйна дазволіў яму застацца прэзідэнтам пасля 2024 года (пераводзячы гадзіннік на канстытуцыйнае абмежаванне ў выглядзе двух паслядоўных тэрмінаў) – люстраны адбітак лукашэнкаўскага рэферэндуму 2004 года. Наданне расейцам права галасаваць онлайн або па-за выбарчымі ўчасткамі нагадвае тыднёвы перыяд «датэрміновага галасавання» ў Беларусі, які забяспечыў Лукашэнку адну «перамогу» за другой.

Параза Лукашэнкі ў наступным месяцы можа нанесці магутны сімвалічны ўдар расейскай версіі ягонай уласнай палітычнай мадэлі, вызначыўшы будучыню Расеі ў большай ступені, чым усе спробы Украіны зрынуць дыктатуру. Украіна ўжо даўно ўспрымаецца расейскім кіраўніцтвам як цалкам іншая нацыя, якая заўсёды імкнуліся да заходняга кірунку больш, чым да Расеі. Беларусь, наадварот, заўсёды ўважалася годнай даверу сяброўкай і хаўрусніцай.

Расейцы глыбока паважаюць пакуты беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны, і грамадзяне абедзвюх дзяржаваў маюць роўныя эканамічныя правы ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі – адпаведнае пагадненне дзейнічае з 1999 года.

Такім чынам, калі для большасці расейцаў відавочна, што Украіна паступова схіліцца да ліберальнай дэмакратыі і адкіне савецкую аўтакратыю, падобны крок з боку Беларусі можа патрэсці асновы пуцінскага рэжыму.

Лукашэнка ў Беларусі ў пэўным сэнсе тое самае, што Пуцін у Расеі.

Як і Лукашэнка, Пуцін цяпер спрабуе ўвекавечыць сваю ўладу, адабраць у выбарнікаў права голасу ў працэсе прымання пастановаў і здабываць выгоду з савецкай спадчыны замест мадэрнізацыі краіны. Параза Лукашэнкі на выбарах створыць моцнае ўражанне на расейскіх выбарнікаў.

Напружанасць у стасунках Пуціна і Лукашэнкі робіць сітуацыю яшчэ больш інтрыгоўнай. З 2000 года Расея фінансава падтрымлівала Беларусь на 100 мільярдаў даляраў, не атрымліваючы ўзамен нічога, акрамя падбадзёрвальных палітычных заяваў. Лукашэнка крытыкаваў Пуціна з шматлікіх нагодаў за апошнія гады, ачольваючы сілы, скептычна настроеныя ў дачыненні да Расеі, унутры Еўразійскага Звязу, улюбёнай геапалітычнай канструкцыі Пуціна.

Такім чынам, у Крамля цяпер можа не быць ні магчымасці, ні жадання ўплываць на сітуацыю на карысць Лукашэнкі. У той самы час у Беларусі няма этнічнага падзелу, які стаў каталізатарам уварвання Расеі ва Украіну, і гэта таксама аслабляе пазіцыі Пуціна.

Вялікае пытанне цяпер заключаецца ў тым, ці пойдзе Беларусь тым жа дэмакратычным шляхам, які абрала Украіна ў 2014 годзе (ёсць надзея, што без гвалту). Калі Лукашэнка пацерпіць паразу, рэжым Пуціна таксама можа пачаць здавацца значна менш непахісным.

Уладзіслаў Іназемцаў, project-syndicate.org (пераклад – Charter97.org)

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках