19 красавiка 2024, Пятніца, 21:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абнуленне Пуціна: Навукоўцы зафіксавалі самыя вялікія фальсіфікацыі ў найноўшай гісторыі РФ

8
Абнуленне Пуціна: Навукоўцы зафіксавалі самыя вялікія фальсіфікацыі ў найноўшай гісторыі РФ
Фотa: ТАСС

Расейскія навукоўцы правялі статыстычны аналіз «галасавання» пра папраўкі ў Канстытуцыі РФ.

Навукоўцы, якія вывучаюць статыстыку расейскіх выбараў, мяркуюць, што агульнарасейскае галасаванне пра папраўкі да Канстытуцыі РФ было самым несумленным з 2000 года. Гэта пацвярджаюць адразу некалькі «тэстаў»: з пункту гледжання статыстыкі, вынікі галасавання на многіх участках не могуць быць растлумачаныя якімі-небудзь рэальнымі працэсамі сумленнага галасавання. Адзінае тлумачэнне – яны былі так ці інакш змененыя тымі, хто гэтыя вынікі падлічваў, кажуць навукоўцы. Паводле афіцыйных звестак ЦВК, папраўкі да Канстытуцыі былі ўхваленыя крыху больш чым паловай грамадзянаў, якія маюць права голасу. Але калі выключыць усе «лішнія» галасы на ўчастках, якія не праходзяць статыстычныя «тэсты», атрымаецца, што за папраўкі прагаласавала менш за траціну ўсіх выбарнікаў, піша «Медуза».

Хто лічыць статыстыку выбараў? Як можна з афіцыйных звестак зразумець, што недзе былі фальсіфікацыі?

Расейскія навукоўцы – фізікі, сацыёлагі, эканамісты – распрацавалі тэорыю статыстычнага аналізу выбараў яшчэ ў 1990-я. Ідэя складаецца ў тым, што вынікі сумленнага галасавання, заснаваныя на падліку рэальна пададзеных галасоў, і тыя, якія падбіраліся «ўручную» (гэта значыць фальсіфікаваныя), выглядаюць па-рознаму. З канца 2000-х самым вядомым даследнікам статыстыкі расейскіх выбараў стаў фізік Сяргей Шпількін.

Паводле тэорыі Шпількіна, ёсць некалькі «тэстаў», якія дазваляюць выявіць магчымыя фальсіфікацыі:

Рост дзелі галасоў, пададзеных за лідара галасавання пры высокай яўцы на ўчастку (адносна дзелі, назіранай на ўчастках з больш нізкай яўкай). Ён можа сведчыць пра ўкід пакінутых нявыкарыстанымі бюлетэняў на карысць лідара. Пры сумленным падліку дзелі галасоў за лідара і астатніх павінны быць прапарцыйныя пры любой яўцы, мяркуюць навукоўцы.

Размеркаванне выбарчых участкаў у галасах і яўцы такім чынам, што відаць два «кластары» – з адносна нізкай яўкай і адносна нізкай дзеллю галасоў за лідара і вельмі высокай яўкай і высокім вынікам лідара. У гэтым выпадку сярэдні вынік па рэгіёне і ўсёй краіне можа ляжаць у «разрэджанай» сярэдзіне паміж гэтымі кластарамі. Гэта можа сведчыць пра тое, што вынікі на ўчастках з кластара з высокай яўкай уручную падбіраліся так, каб павысіць сярэдняе значэнне ў рэгіёне і краіне.

На ўчастках (звычайна – з высокай яўкай) асабліва часта сустракаюцца вынікі галасавання і яўкі, кратныя 5% ці роўныя любому паўтаральнаму ліку. На графіках яны выглядаюць як піла з зубцамі-вяршынямі, напрыклад, на 65%, 70% і 75% або як прамая лінія, прывязаная да якога-небудзь ліку (напрыклад, на 140 участках у Саратаве на думскіх выбарах 2016 году за «Адзіную Расею» «прагаласавалі» блізу 62% выбарнікаў). Гэта можа азначаць, што выбарчыя камісіі падганялі вынік да вядомага ім ліку.

І што было на сёлетнім галасаванні?

Сяргей Шпількін і ягоныя калегі выявілі, што паводле ўсіх трох «тэстаў» агульнарасейскае галасаванне стала самым фальсіфікаваным у расейскай гісторыі:

На многіх участках у больш чым палове рэгіёнаў пачынаючы з яўкі 50% колькасць галасоў «за» расце відавочна хутчэй, чым колькасць галасоў «супраць».

На графіку размеркавання галасоў і яўкі выразна відаць два кластары: вакол яўкі 45% – 65% «за» і 35% «супраць»; вакол яўкі ад 80 да 100% – галасоў «за» ад 70 да 100%. Сярэдні ў краіне вынік – яўка блізу 65% і дзель галасоў за 77% паказалі толькі нешматлікія ўчасткі. На графіцы ў гэтай галіне відаць адна шчыльная пляма – гэта вынікі ўчасткаў з Казані.

Два кластары і непрапарцыйны рост галасоў «за» на ўчастках з высокай яўкай выяўлены, у тым ліку, у Маскве, дзе ў папярэднія некалькі апошніх выбараў афіцыйныя вынікі выглядалі даволі рэалістычнымі. Гэта стала магчыма, верагодна, праз асаблівасці галасавання: яно праходзіла некалькі дзён і вялікая частка галасоў была пададзеная дыстанцыйна – без кантролю з боку назіральнікаў.

Нарэшце, графік размеркавання выглядае як піла з вялікімі «зубцамі», адпаведнымі яўцы 65, 70, 75, 80, 85 і 90%. Паводле гэтага паказніка, як сцвярджаюць навукоўцы, галасаванне пра папраўкі абышло ўсе папярэднія выбары гэтага стагоддзя.

І што гэта значыць? На самай справе расейцы не падтрымалі папраўкі?

Калі верыць мадэлі Шпількіна, рэальна «за» прагаласавалі 65% тых, хто прыйшоў на ўчасткі або запоўніў электронны бюлетэнь (афіцыйны вынік – 77,92%). Рэальная яўка склала блізу 45% (афіцыйна – 67,97%). Такім чынам, папраўкі падтрымалі не 52,95% усіх, хто мае права голас, або 57,7 мільёна чалавек, як сцвярджае Цэнтрвыбаркам, а блізу 30% грамадзянаў (32 мільёны). Гаворка можа ісці больш чым пра 20 мільёнаў «прыпісаных» галасоў «за».

А ці можна растлумачыць дзіўную статыстыку інакш?

З аднаго боку, зразумела, што мадэль Шпількіна мае абмежаванні: так, размеркаванне яўкі ў рэальнасці не павінна быць нармальным, як мяркуе мадэль. Гэта значыць, што мадэль можа меркаваць фальсіфікацыяй скажэнні, якія тэарэтычна маглі быць выкліканыя неаднастайнасцю ў размеркаванні выбарнікаў на ўчастках. Аднак гэтымі неаднароднымі усё роўна нельга растлумачыць афіцыйныя вынікі выбараў апошніх 16 гадоў.

Цікава, што многія фальсіфікацыі алгарытм мадэлі можа, наадварот, не ўлоўліваць: напрыклад, ён мяркуе «рэалістычным» галасаванне ў многіх рэспубліках Каўказа, дзе яўку пад 100% амаль з поўнай ухвалай кандыдата ўлады часта дэманструюць амаль усе ўчасткі – для таго, каб у іх усумніцца, проста няма «сумленных» участкаў для параўнання.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках