28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус выпусьціў у Нідэрляндах сэрыю марак з выявамі «Краіна для жыцьця» і «Я/Мы 97%»

2
Беларус выпусьціў у Нідэрляндах сэрыю марак з выявамі «Краіна для жыцьця» і «Я/Мы 97%»
Павел Краснапеўцаў

Паштоўкі з гэтымі малюнкамі дашлюць беларускім палітвязьням.

Праграміст зь Нідэрляндаў Павел Краснапеўцаў замовіў сэрыю «палітычных» марак. На іх зьмешчаныя выявы «Краіна для жыцьця», «Я мы 97» і карціна «Ева» Хаіма Суціна. У інтэрвію Павел распавёў, як выбары аб’ядналі беларусаў замежжа і каму ён дашле паштоўкі з уласнымі маркамі, перадае «Радыё Свабода».

Павел адразу ўдакладняе, што маркі сапраўдныя, але яны ня выпушчаныя па ініцыятыве афіцыйнай пошты. У Нідэрляндах ёсьць такі сэрвіс, дзе любы ахвочы можа выпусьціць дзейсную марку са сваёй выявай.

«Гэта вельмі лёгка зрабіць праз сайт. Трэба дадаць сваю выяву, і празь дзень-два прыходзяць маркі. Ёсьць абмежаваньні наконт экстырмісцкіх выяваў. Але „Краіну для жыцьця“ можна», — кажа Павел.

Пакуль наклад «палітычных» марак 15 штук. Павел кажа пра ажыятаж у сацыяльных сетках, але асабіста да яго пакуль ніхто не зьвяртаўся па такія маркі.

«Іх выпусьціць можа кожны. Але паштоўкі атрымаецца адпраўляць толькі з Галяндыі. Калі ёсьць інтарэс, можна арганізавацца і выпусьціць», — кажа ён.

Павел вырабіў такія маркі, каб наклеіць іх на паштоўкі для палітычных вязьняў у Беларусі.

«Пачнём зь іх, — кажа ён— Я не вялікі аматар адпраўленьня лістоў і паштовак. А цяпер адмыслова замовіў для іх».

Павел Кранапеўцаў зьбіраецца адправіць лісты ў панядзелак. Кажа, вырашыў гэта зрабіць, калі пабачыў на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» адрасы палітвязьняў

«Я сачу за сытуацыяй у Беларусі. Гэта ж беззаконьне поўнае, няма ў мяне іншых словаў», — кажа Павел.

Праграміст кажа, што за выходныя ён напіша лісты вядомым людзям. Найперш — Ціханоўскаму, бацьку і сыну Бабарыкам і затрыманым блогерам.

5 ліпеня у Амстэрдаме пройдзе пэрформанс FreeEva, дзе людзі будуць падпісваць паштоўкі палітвязьням. Гэтая акцыя натхніла Паўла на стварэньне ўласных марак. Таксама штаб Віктара Бабарыкі абвясьціў кампанію «Лісты надзеі».

«Так сышлося, што давядзецца пісаць лісты. Гэта мінімум, што можна зрабіць адсюль», — кажа Павел.

Павел Краснапеўцаў эміграваў зь Беларусі ў 2007 годзе. Апошнія дзевяць год жыве ў Нідэрляндах. У яго мясцовае грамадзянства. А ў жонкі — беларускае. Яна спрабавала трапіць ва ўчастковую камісію пры амбасадзе, але ёй адмовілі.

Нядаўна ў Амстэрдаме праходзіла беларуская акцыя салідарнасьці. Удзел у ёй брала і сям’я Паўла. Па яго назіраньнях, раней падобнай актыўнасьці ў беларускай супольнасьцьі Нідэрляндаў не было.

«Агульны інтарэс аб’ядноўвае тых, хто тут жыве. Для мяне гэта было нечаканасьцю, калі ў Амстэрдаме на акцыю прыйшло 100 чалавек. Я бы сказаў, гэта сур’ёзна, бо на консульскім уліку каля 600 чалавек», — распавядае Павел.

Палітычная сытуацыя ў Беларусі яго расчароўвае. Па словах праграміста, яму цяжка патлумачыць галяндцам, што людзей у Беларусі могуць проста так хапаць на вуліцы і закідваць у аўтазакі. Ці тое, што галасы на выбарах ня лічаць.

«Ёсьць надзея, што нешта можа зьмяніцца, але з кожным днём яе ўсё менш. Дрэннае адчуваньне ў мяне», — кажа Павел.

Нагадаем, апошнія тыдні беларусы замежжа праводзяць акцыі салідарнасьці па ўсім сьвеце. Яны прайшлі ўжо ў некалькіх дзясятках гарадоў. На самыя вялікія зь іх зьбіраецца да тысячы чалавек, як гэта было ў Варшаве.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках