Беларусы звярнуліся з публічным лістом да прэзідэнта Чэхіі
17- 4.07.2020, 20:10
- 59,839
Яны заклікаюць паўплываць на Лукашэнку.
Копіі ліста былі перададзеныя старшыням ураду Чэхіі і абедзвюм палатам чэшскага парламента - Сэната і Палаты дэпутатаў, перадае «Радыё Свабода».
У лісце, які быў зачытаны перад некалькімі сотнямі ўдзельнікаў беларускага ланцуга салідарнасці і мітынгу пратэсту на Старамескай плошчы Прагі 27 чэрвеня, апавядаецца пра абставіны цяперашняй выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Аўтары звароту гавораць пра гістарычна самы нізкі рэйтынг даверу Лукашэнку. Таксама ў лісце згадваецца пра арышты ўдзельнікаў збору подпісаў, адміністрацыйныя і крымінальныя справы супраць актывістаў і аб зняволенні Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі.
Ініцыятыва напісання ліста і перадачы яго ва ўладныя органы Чэшскай Рэспублікі належала беларускаму пісьменніку Максу Шчуру, які жыве ў Празе. Рэалізацыя ініцыятывы адбылася пры ўдзеле ФБ-супольнасці BLRČR.
Ліст падпісалі блізу 150 чалавек (прыкладна палова ўдзельнікаў акцыі).
Аўтары ліста заклікаюць прэзідэнта Чэхіі Мілаша Зэмана выкарыстоўваць свой палітычны ўплыў для таго, каб Лукашэнка ўсвядоміў міжнародныя і эканамічныя наступствы «свайго незаконнага ўтрымання ўлады за ўсякую цану». Са слоў аўтараў, Лукашэнка не мае думаць, што парушэнне закона і рэпрэсіі супраць уласнага народа сыдуць яму з рук, і што ягоныя аўтарытарныя метады кіравання не адпавядаюць XXI стагоддзю і Еўропе.