29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы яшчэ не атрымалі эпікрыз, а нам кажуць здаваць бялізну»

1
«Мы яшчэ не атрымалі эпікрыз, а нам кажуць здаваць бялізну»
ФОТА: «Наша Ніва»

Мянчук расказаў, як яго з пнеўманіяй у спешцы выпісвалі з лякарні.

32-гадовы мянчук Кірыл Машэка ў Facebook апублікаваў пост з 10-й гарадской клінічнай лякарні Менска. Малады чалавек размясціў фота апусцелых бальнічных палатаў, паведаміўшы, што яго і "іншых хворых тэрмінова выпісваюць з пнеўманіяй на 7-ы дзень знаходжання". Маўляў, да 6-га ліпеня лякарня павінна выйсці з карантыну. Кірыл таксама напісаў, што ён другую гадзіну сядзіць на голых кушэтках у чаканні эпікрызу.

Выданне kp.by звязалася з маладым чалавекам. Ён расказаў, як апынуўся ў лякарні ў канцы мінулага тыдня, і чаму напісаў пост у сацсеткі.

– Усё пачалося з болю ў горле. Я набыў рассмоктвальныя таблеткі, а праз пару дзён у мяне паднялася тэмпература – 38,6, плюс былі невялікія болі ў спіне. Мне выклікалі хуткую дапамогу, – расказвае Кірыл. – Хуткая прывезла мяне ў 10-ю лякарню. У мяне ўзялі мазок на каранавірус, аналізы, зрабілі рэнтген лёгкіх, які паказаў пнеўманію. Пасля шпіталізацыі мяне адправілі на КТ. Дыягназ пацвердзіўся: двухбаковая пнеўманія ў лёгкай форме. Доктарка сказала, што гэта падобна на COVID-19, пры гэтым тэст у мяне быў адмоўны. Паўторны тэст (экспрэс-тэст) мне не зрабілі праз ягоную адсутнасць.

Паводле словаў Кірыла, стаўленне медперсаналу да яго было добрым. Яму прызначылі лекаванне – ставілі кропельніцы, давалі таблеткі. Ён ляжаў у палаце з пацыентамі, у якіх непацверджаны COVID-19.

– У мінулы панядзелак, 29 чэрвеня, сталі хадзіць чуткі, што збіраюцца зачыняць пульманалагічнае аддзяленне, у якім я ляжаў. Хтосьці казаў, што зачыняюць лякарню зноў пад каранавірус. Некаторыя казалі, што лякарню збіраюцца адчыняць для звычайных пацыентаў, не з СOVID-19. Але нам, пацыентам, ніякую афіцыйную інфармацыю не давалі. Толькі медсёстры казалі, што будуць, напэўна, нас пераразмяркоўваць у іншыя лякарні – далечвацца. Ужо ў аўторак мы сабралі свае рэчы, а ўвечары даведаліся, што нас пакуль не выпісваюць. На наступны дзень, у сераду, 1 ліпеня, нас, траіх пацыентаў у палаце, раптам адправілі на выпіску! Атрымліваецца, што не прайшоў тыдзень, як мяне выправілі далечвацца дадому. Я заўважыў, што ў нашым аддзяленні многіх выпісвалі. Была мітусня, бегатня. Прыносяць сняданак і тут жа паралельна бяруць кроў...

Кірыла абурыў апошні дзень у лякарні, калі ў спешцы пацыентаў сталі выпісваць дадому.

– У палаце сталі мыць падлогу, пераварочваць матрацы, грукаць тумбачкамі. Мы яшчэ не атрымалі на рукі эпікрыз, а нам кажуць здаваць бялізну!.. Нас выстаўлялі з палаты, у сутнасці кажучы. На голых матрацах мы прабылі блізу дзвюх гадзінаў. Насупраць мяне ляжаў 72-гадовы мужчына: у яго была вадкасць у лёгкіх, была дыхавіца, ледзь хадзіў, сядзеў, і яго таксама выпісвалі. Дадому я паехаў на грамадскім транспарце ў масцы, а гэтага мужчыну, як я ведаю, адвезлі дадому на медыцынскай машыне.

Цяпер Кірыл адчувае сябе добра.

– Да мяне прыходзіў участковы лекар. Тэмпературы няма, боляў асаблівых таксама. Ёсць кашаль. Мне прапісалі антыбіётыкі на 5 дзён і таблеткі ад кашлю на 10 дзён. На карантыне я буду знаходзіцца 14 дзён. Вядома, лекары не выключаюць, што ў мяне каранавірус. Мне павінны зрабіць паўторны тэст.

– Вы хацелі б застацца лекавацца ў шпіталі?

– Напэўна, я хацеў бы паляжаць у шпіталі. Але пасля таго, што было ў апошні дзень майго знаходжання там, я захацеў хутчэй дадому. З аднаго боку, дома я адчуваю сябе бяспечна маральна, а з другога – адчуваю непакой, бо я жыву адзін. Пнеўманія ж – гэта сур'ёзнае захворванне.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках