12 жнiўня 2020, Серада, 4:27
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп паабяцаў абараніць амерыканскі лад жыцця

2
Трамп паабяцаў абараніць амерыканскі лад жыцця

Прэзідэнт ЗША звязаў ягоны пачатак з першай экспедыцыяй Калумба.

ЗША атрымаюць перамогу над "леварадыкаламі, марксістамі, анархістамі, бунтаўшчыкамі і марадзёрамі", заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у суботу, 4 ліпеня, выступаючы на лужку ля Белага дому з нагоды Дня незалежнасці, паведамляе dw.com.

Ён паабяцаў таксама "абараняць амерыканскі лад жыцця", які, паводле ягоных словаў, "пачаўся ў 1492 годзе, калі Калумб адкрыў Амерыку".

"Мы не дазволім нейкаму шалёнаму натоўпу зносіць нашы статуі або сціраць нашу гісторыю", – падкрэсліў кіраўнік Белага дому. Так ён адрэагаваў на дзеянні тых, хто ў ходзе акцый пратэсту супраць расізму ў краіне спрабуе знішчыць помнікі.

Масавыя пратэсты супраць расізму і паліцэйскага гвалту пачаліся ў ЗША пасля рэзананснай гібелі афраамерыканца Джорджа Флойда ад рук паліцыянтаў у Мінеапалісе. Акцыі адбыліся і ў Дзень незалежнасці, у тым ліку ў сталіцы Вашынгтоне і найбуйнейшым горадзе, Нью-Ёрку. Паводле паведамленняў амерыканскіх СМІ, некаторыя з дэманстрантаў палілі амерыканскія сцягі. А ў Балтымары пратэстоўцы зрынулі з пастамента статую Хрыстафора Калумба і скінулі яе ў акіян.

Байдэн заклікаў "вырваць расізм з каранямі"

Верагодны спаборнік Трампа на лістападаўскіх выбарах прэзідэнта, Джозэф Байдэн, таксама закрануў тэму прыгнёту у сваім відэазвароце з нагоды Дня незалежнасці. Ён заклікаў "вырваць сістэмны расізм з коранем". "Наша нацыя была заснаваная на простай ідэі: усе мы створаныя роўнымі. Мы не здолелі дасягнуць гэтага, але мы не спыняем спробы", – падкрэсліў Байдэн.

Дэкларацыя незалежнасці ЗША, у якой брытанскія калоніі ў Паўночнай Амерыцы абвесцілі незалежнасць ад Вялікай Брытаніі, была падпісана 4 ліпеня 1776 году. Першым усенародна абраным прэзідэнтам стаў Джордж Вашынгтон. У лістападзе 2020 года жыхарам ЗША зноў трэба будзе выбіраць кіраўніка дзяржавы.