25 красавiка 2024, Чацвер, 20:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы разгадалі таямніцу Ірландскай даліны каралёў

Навукоўцы разгадалі таямніцу Ірландскай даліны каралёў

Старажытныя ірландцы маглі мець шмат агульнага з егіпецкімі фараонамі.

Археолагі правялі новыя даследаванні ў Ірландскай даліне каралёў, у Ньюгрэйнджы, і прыйшлі да высновы, што старажытныя ірландцы маглі мець шмат агульнага з егіпецкімі фараонамі.

Пра гэта паведамляе Independent.

Група ірландскіх генетыкаў і археолагаў паведаміла на мінулым тыдні, што чалавек, чые крэміраваныя парэшткі былі пахаваныя ў самым сэрцы Ньюгрэйнджа, быў нашчадкам кровазмяшэння першай ступені, альбо паміж бацькам і дзіцем, альбо паміж братам і сястрой.

Гэтае адкрыццё, у спалучэнні з іншымі генетычнымі і археалагічнымі звесткамі, сведчыць, што людзі, якія пабудавалі гэтыя курганы, жылі ў іерархічным грамадстве з кіроўнай элітай, якая ўважала сябе настолькі блізкай да боскага, што, падобна да егіпецкіх фараонаў, яны маглі парушыць істотныя табу.

Старажытныя ірландцы маглі мець кіроўную рэлігійную іерархію, магчыма, падобную на старажытныя супольнасці ў Егіпце, Перу і на Гаваях, якія таксама дазвалялі шлюбы паміж братам і сястрой.

У шырокім аглядзе старажытнай ДНК з узораў костак, раней сабраных у ірландскіх месцах пахавання, якім тысячы гадоў, даследнікі таксама выявілі генетычныя сувязі паміж людзьмі, пахаванымі ў іншых ірландскіх магільнях, названых у гонар іх падземных камераў або праходаў. Гэта сведчыць пра тое, што кіроўная эліта была звязаная адно з адным.

Цэнтральны падземны пакой у Ньюгрэйнджы пабудаваны так, што, калі сонца ўстае падчас зімовага сонцастаяння, яно асвятляе ўсю камеру праз тое, што называецца дахавай скрыняй. Тое, што костка, вынятая з гэтага месца, спарадзіла такі геномны шок, здавалася невыпадковым. Гэта павінен быў быць выбітны чалавек, разважалі даследнікі. Яго не змясцілі туды выпадкова, і ягонае паходжанне наўрад ці было няшчасным выпадкам.

"Цэлыя кавалкі геному, якія ён атрымаў у спадчыну ад маці і бацькі, цэлыя кавалкі былі проста ідэнтычныя, – кажа спецыяліст у старажытнай ДНК у Трыніці-коледжы Даніэль Дж. Брэдлі, – гэта фараон, я сказаў бы, гэта ірландскі фараон".

Генетычныя звесткі могуць дапамагчы акрэсліць сацыяльныя структуры канкрэтных супольнасцяў, настолькі згубленых у глыбіні часу, што іх было практычна немагчыма расшыфраваць.

Ірландскія геномы паказваюць, што людзі ў гэтых магілах былі нашчадкамі анаталійскіх фермераў. Паводле словаў Брэдлі, даследнікі выявілі след карэннага насельніцтва Ірландыі ў двух чалавек.

Навукоўцы таксама знайшлі ДНК у іншых парэштках, якія паказвалі, што сваякі чалавека, які быў дзіцем каралеўскага інцэсту, былі змешчаныя ў іншыя важныя магільні.

Гэта спрыяла ідэі, што была эліта, якая кіравала будаўніцтвам курганоў. У гэтым кантэксце мела сэнс, што інцэст быў наўмысным. Вядома, гэта не тое, што можна даказаць, але іншыя грамадствы заахвочваюць інцэст брат-сястра, і не толькі егіпцяне. Браты жаніліся з сёстрамі на старажытных Гаваях і ў Перу сярод інкаў.

Даследнікі паведамілі, што прадстаўнікі эліты, знойдзеныя ў самых складаных магільнях, былі генетычна бліжэйшыя адно да аднаго, чым да людзей, знойдзеных у больш простых пахаваннях.

Апошні фрагмент галаваломкі, пра якую паведамляюць даследнікі, фальклорны. Аўтары пішуць, што ў ірландскіх геаграфічных назвах, напісаных блізу 1100 года, апавядаецца пра караля Брэсала, які спаў са сваёй сястрой. Вынікам стала тое, што Даут, курган побач з Ньюгрэйнджам, назвалі Fertae Chuile, або Курган граху.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках