18 красавiка 2024, Чацвер, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каранавірус: як унікнуць заражэння падчас спякоты і пляжнага сэзона

4
Каранавірус: як унікнуць заражэння падчас спякоты і пляжнага сэзона

Важныя рэкамендацыі экспертаў.

Пра тое, як засцерагчы сябе падчас летняй спякоты і адпачынку на пляжах, "Апостроф" пагутарыў са старшынём управы Усеўкраінскага звязу грамадскіх арганізацый "Украінскі санітарна-эпідэміялагічны звяз" Людмілай Мухарскай і кандыдатам медыцынскіх навук, дацэнтам Фёдарам Лапіем.

Як не заразіцца каранавірусам у летнюю спякоту на пляжы?

Лапій: Ніякіх асаблівых рэкамендацый у параўнанні з зімовым перыядам, няпляжным сэзонам няма. Мы гэтак жа гаворым пра дыстанцыю, маюць быць абмежаваныя кантакты з людзьмі. Трэба выконваць тры асноўныя правілы: дыстанцыю, чыстыя рукі і наяўнасць маскі ў грамадскіх месцах. Маску трэба насіць там, дзе ёсць шчыльны працяглы кантакт паміж людзьмі, які прадугледжвае адлегласць меншую за 1,5 м.

Мухарская: Я б звярнула ўвагу на патрэбу апрацоўкі і гігіены рук. Тыя, хто ўтрымлівае пляжы, павінны забяспечыць гэта, паклапаціцца, каб людзі мелі магчымасць памыць з мылам рукі або апрацаваць іх антысэптыкамі.

Таксама з нагоды масак. Калі людзі знаходзяцца на пляжы на вольным паветры і кантактуюць з людзьмі, якіх яны добра знаюць, і ўпэўненыя, што гэтыя людзі не з'яўляюцца носьбітамі ўзбуджальніка, то можна знаходзіцца і без маскі. Але калі кантактуюць з невядомымі людзьмі на адлегласці меншай за 1,5 м, і няма ўпэўненасці, што гэтыя людзі не інфікаваныя, лепш кантактаваць на вольным паветры ў масцы.

Ці перадаецца каранавірус праз ваду?

Лапій: Не трэба блытаць кропельны шлях перадачы і перадачу праз ваду. Не даведзена, што каранавірусам можна заразіцца, знаходзячыся ў вадзе.

Ці абараняе сонца ад Covid-19, ці мінімізуе яно рызыку заражэння?

Лапій: Былі надзеі, што ўлетку каранавірус адступіць менавіта праз дзеянне сонца і ультрафіялету. Але, як бачым, колькасць выпадкаў ва Украіне расце, нягледзячы на спякоту, на вялікую колькасць сонца. Гэта мы ўжо ўбачылі на прыкладзе Паўднёвай паўкулі - успомнім тую ж Бразілію, краіны Афрыкі альбо Азіі, якія знаходзяцца ля экватара, тое ж самае - Індыя. Таму спадзявацца, што сонца будзе моцным памочнікам, на жаль, не можам.

Мухарская: Сонечныя прамяні ўплываюць наўпрост на сам узбуджальнік і, вядома, пры сухім надвор'і маюць забіваць вірус. Але мы бачым, што нават у такую спёку каранавірус выжывае, актыўна распаўсюджваецца. І 100% гарантыі, што ты не заразішся, калі будзеш на сонца, няма. Дыстанцыя, маскі і гігіена рук -больш надзейныя сродкі абароны.

Цяпер шмат мух, камароў і кляшчоў. Ці ёсць рызыка заразіцца каранавірусам ад іх?

Мухарская: Не. Інсэкты не пераносяць узбуджальнік Covid-19, і няма ні воднага даследавання, што ён так перадаецца.

Як уплывае моцнае паценне на распаўсюджванне каранавірусу? Напрыклад, калі людзі дакранаюцца адзін да аднаго ў сціску грамадскага транспарту.

Лапій: Ніяк. Калі Вы не будзеце аблізваць скуру хворага - то не. Па-першае, не даведзена, што вірус перадаецца з потам. Па-другое, мае значэнне кропельны спосаб перадачы, гэта значыць, каб вірус трапіў у дыхальныя шляхі.

Мухарская: Няма такой інфармацыі, каб вірус перадаваўся праз скуру. Ён перадаецца праз слізістыя абалонкі верхніх дыхальных шляхоў, нос і праз вочы.

У сацыяльных сетках ёсць абурэння, што маскі ў спякоту небяспечныя, што яны хутка мокнуць, прасякаюцца потам, там размнажаецца патагенная мікрафлора, і ты рызыкуеш заразіцца нават не Covid-19, а іншымі, больш звыклымі хваробамі.

Лапій: дзейсны спосаб унікнуць Covid-19 - гэта ўнікаць месцаў, дзе Вы будзеце з людзьмі ў шчыльным кантакце. Калі Вы не можаце гэтага зрабіць - носіце маску. Калі гаворка ідзе пра двор, дзе ёсць вецер, дзе няма блізкага працяглага кантакту з іншымі людзьмі, то для чаго насіць маску? Калі ты заходзіш у транспарт, то маска патрэбная.

Людзі цяпер, здаецца, перасталі верыць у Covid-19 і яго небяспеку. Але для некаторых ён з'яўляецца ўжо рэальнай гісторыяй, бо пазнаёміў гэтых людзей з рэанімацыяй. Мы можам доўга разважаць пра небяспеку масак, але там, дзе ёсць рызыка заражэння, іх трэба выкарыстаць. Каб паменшыць негатыўныя наступствы нашэння масак улетку, не трэба рызыкаваць - унікайце кантактаў і не ідзіце на пляж.

Мухарская: Нашэнне масак мае пэўныя правілы, і іх трэба выконваць. Адно з іх - калі аднаразовая маска становіцца вільготнай, яе трэба змяніць і далей ужываць нельга. Рэкамендуецца змяняць маскі кожныя 2-3 гадзіны, але калі яна стала непрыдатнай, забрудзілася або стала вільготнай раней, яе трэба змяніць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках