24 красавiка 2024, Серада, 2:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамельчука «вылечылі» ад каранавіруса за дзень, але рэнтген не паказалі

8
Гамельчука «вылечылі» ад каранавіруса за дзень, але рэнтген не паказалі
ФОТА: KP.BY

Пацыентаў проста выкідваюць на вуліцу.

Лякарні ва ўсёй Беларусі паступова пераводзяцца на звычайны рэжым працы. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, захворванне на COVID-19 зніжаецца. Высяляць каранавірусных хворых пачалі і ў Гомелі, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Гамяльчук Пётр Белавусаў з пацверджаным дыягназам COVID-19 з 15 чэрвеня да 2 ліпеня ляжаў у 3-й гарадской лякарні ў гінекалагічным аддзяленні, якое перапрафілявалі пад каранавіруснае. Мужчыну экстранна шпіталізавалі з двухбаковым запаленнем лёгкіх са шматлікімі паразамі. Тыдзень ён правёў у рэанімацыі пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх, мужчыну зрабілі тры рэнтгены.

Вынікі перадапошняга, з 29 чэрвеня, былі несуцяшальныя. Лекарка Пятра, Людміла Вакульчык, сказала, што цуду не адбылося - пра выпіску гаворка не ідзе, і загадала мужчыну застацца на стацыянарным лячэнні. Чарговы рэнтген планавалі на 6 ліпеня, але ўжо 1-га яго адправілі на дакладны здымак і паведамілі, што лёгкія чыстыя.

«Лекарка сказала, што ў мяне нічога няма, што такое здараецца! Лёгкія ў парадку, мяне выпісваюць. Сказала, што рэнтген не пакажа, чаму - не патлумачыла. Мяне проста выкінулі на вуліцу, як валацугу. «Вылечылі» за дзень? Усе хворыя раптам сталі здаровымі. Аднаго мужчыну сілком вывозілі з кіслароднага пакою. Пакет у зубы і пад зад».

Паводле слоў Пятра, ніхто нават не сказаў, што адбываецца, і чаму ўсіх выпісваюць. Аддзяленне неўзабаве вымылі, сабралі бялізну. Людміла Вакульчык - лекарка мужчыны таксама ў грубай форме адмовілася ад тлумачэнняў:

«Павяла сябе па-хамску, агрэсіўна і некарэктна. Сказала, што ў яе няма часу разбірацца. Доктар лечыць не толькі таблеткамі, але і спагадай. Яна палохала ўскладненнямі, а тут адразу вылечыла! Мне не падабаецца ў лякарні, але выходзіць недалечаным рызыкоўна. Нібы ў спіну плюнулі. На іх ціснуць, я разумею. Але падыдзі і скажы нармальна, што такая сітуацыя».

Нягледзячы на жахлівы стан і пагаршэнне самаадчування, Пётр паехаў дадому. Ягоная жонка і сын таксама перахварэлі, тэстаў на каранавірус і КТ ім не рабілі. Лекары сказалі, няма патрэбы - абураецца жонка Пятра Ларыса і падкрэслівае, што за два тыдні да іх ніхто не прыходзіў ні з паліклінікі, ні з санстанцыі:

«Нібыта нас не існуе. Толькі пасля выпіскі мужа прыйшлі. Ніякіх адэкватных лекаў мужу не прапісалі, нічога не напісалі ў рэкамендацыях. Муж не ведае, што адбываецца ў лёгкіх, здаровы ён ці не. Тэмпературы ў яго няма, толькі слабасць і дыхавіца. Цяпер на пытанне мэтазгоднасці рэнтгена праз дзень нам адказалі, што лекарка памылілася!»

Сям'я не выключае, што будзе звяртацца ў пракуратуру, бо 3-я гарадская лякарня Гомеля не ўваходзіла ў спіс Міністэрства аховы здароўя з лякарнямі, якія вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы. «Лякарні за дзень вярнулі звычайны статус. Хворыя нікога не хвалююць. Толькі ў Беларусі ў шпіталях каранавірус перамаглі», - кажа Людміла.

Лекарка Людміла Вакульчык для каментароў недасяжная.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках