27 студзеня 2021, Серада, 10:28
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы прайшлі дэбаты з удзелам кандыдатаў у прэзідэнты

У Польшчы прайшлі дэбаты з удзелам кандыдатаў у прэзідэнты
РАФАЛ ТШАСКОЎСКІ (ЗЛЕВА) І АНДЖЭЙ ДУДА
ФОТА: AGENCJA GAZETA

Дэбаты з удзелам кандыдатаў у прэзідэнты прайшлі паасобку.

Напярэдадні другога тура прэзідэнцкіх выбараў у мясцовасці Коньске ў Свентакшыскім ваяводстве адбыліся прэзідэнцкія дэбаты, арганізаваныя Польскай тэлевізіяй. На пытанні адказваў кандыдат ад Аб'яднаных правых сіл – дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда, які імкнецца да другога тэрміну паўнамоцтваў. Ягоны апанент - кандыдат Грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі адмовіўся ад удзелу ў гэтых дэбатах, запрасіўшы пры гэтым Анджэя Дуду да ўдзелу ў «Прэзідэнцкай арэне», арганізаванай у Лешне ягоным выбарчым штабам у той жа самы час, што ў Коньске, піша «Радыё Польшча».

Такім чынам дэбаты з удзелам кандыдатаў у прэзідэнты прайшлі паасобку.

Падчас дэбатаў у Конскае карыстальнікі інтэрнэту задавалі Анджэю Дудзе пытанні аб дапамозе для фірмаў, маладых бізнэсоўцаў і аграрыяў у выпадку падаўжэння пандэміі каранавіруса. Анджэй Дуда паабяцаў працягваць захады, прынятыя раней, і заявіў, што дзякуючы «антыкрызіснаму шчыту» польская эканоміка вяртаецца ў норму.

Са слоў прэзідэнта, сацыяльныя праграмы, якія ён ўводзіў супольна з урадам, сярод іх, «Сям'я 500+», сталі магчымыя, дзякуючы падвышэнню эфектыўнасці падатковай сістэмы. Анджэй Дуда супакоіў выбарцаў, што эканамічная сітуацыя знаходзіцца пад кантролем, і што на далейшую рэалізацыю сацыяльных праграм грошай будзе дастаткова:

«Я хачу падкрэсліць, што цяпер у Польшчы даволі нізкае беспрацоўе, улічваючы еўрапейскія ўмовы. І Польшча па-ранейшаму развіваецца. Дзякуючы антыкрызісным захадам эканоміка вяртаецца ў норму, і ў чэрвені значна знізіўся дэфіцыт у параўнанні з тым, які быў у траўні. Таму я хацеў бы, каб мы дзейнічалі гэтак жа, як і раней. Таму што толькі супольныя і ўзгодненыя дзеянні, без канфліктаў паміж урадам і прэзідэнтам дапамогуць Польшчы справіцца з сітуацыяй».

Падчас дэбатаў у Коньске былі закранутыя таксама пытанні развіцця невялікіх гарадоў, буйных інвестыцый, экалогіі, падтрымкі культуры, навукі і спорту. На думку прэзідэнта, найлепшай мадэллю развіцця малых гарадоў з'яўляецца прапанаваная Еўрапейскім звязам сістэма раўнавагі; дзяржава павінна рэалізаваць такія інвестыцыі як Цэнтральны камунікацыйны порт, Перакоп Балтыйскай касы, праграму развіцця чыгуначнай інфраструктуры і падтрымкі мясцовых органаў самакіравання ў галіне культуры.

У сваю чаргу, кандыдат Грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі на дэбатах у Лешне звярнуў асаблівую ўвагу на барацьбу з кліматычным крызісам і выказаў меркаванне, што ў галіне энэргетычнай палітыкі трэба зрабіць стаўку на аднаўляльныя крыніцы энэргіі:

«Прапаную, каб кожная польская сям'я магла атрымаць 10 тысяч злотых (больш за 2 тысячы еўраў) на змену вугальнай печы. Сёння барацьба з кліматычным крызісам з'яўляецца надзвычай важнай, абсалютным прыярытэтам. Вядома, гэтаму павінна спадарожнічаць трансфармацыя польскай эканомікі, энэргетычнага сектара. Трэба зрабіць стаўку на аднаўляльныя крыніцы энэргіі і атрымаць на гэта вялікія грошы з Еўразвязу. Па гэтым пытанні я гатовы шчыльна супрацоўнічаць з урадам».