19 красавiка 2024, Пятніца, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрадэпутаты абмеркавалі, якімі павінны быць санкцыі супраць Лукашэнкі

52
Еўрадэпутаты абмеркавалі, якімі павінны быць санкцыі супраць Лукашэнкі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

У Брусэлі прайшло пасяджэнне Камітэта замежных спраў Еўрапарламента.

У Еўрапарламенце адбылося пасяджэнне Камітэта замежных спраў, на якім абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі, паведамляе карэспандэнт сайта Charter97.org у Брусэлі.

У дыскусіі ўдзельнічалі дэпутаты, дыпламаты і чыноўнікі ЕЗ: пастаянны дакладчык Еўрапарламента аб Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва), кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю Робэрт Бедрань (Польшча), кіраўнік Камітэта замежных спраў Дэвід Макалістэр (Нямаччына), намеснік кіраўніка фракцыі «Еўрапейская народная партыя», былая міністарка замежных спраў Латвіі Сандра Калніетэ, кіраўнік дэлегацыі «Еўранэст», былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, намесніца кіраўніка дэлегацыі «Еўранэст» Маркета Грэгорава (Чэхія), былая міністарка замежных спраў Польшчы, дэпутатка Ганна Фатыга, дэпутаты Цьеры Марыяні (Францыя) і Ману Пінеда (Гішпанія), кіраўнік аддзела Генеральнага дырэктарата ў пытаннях суседства Еўрапейскай камісіі, Арменіі, Азербайджана, Беларусі і Усходняга партнёрства Васіліс Марагос, намеснік дырэктара Еўрапейскай службы замежных дзеянняў у Еўропе і Цэнтральнай Азіі Люк Дэвінь.

Дэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус прадставіў праект рэкамендацый Радзе ЕЗ і Еўракамісіі аб дачыненнях з Беларуссю. Паводле ягоных слоў скасаванне санкцый у 2016 годзе было «заўчаснай і наўрад ці абгрунтаванай пастановай», а палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі павінна быць заснавана «на прынцыповым выкарыстанні доўгачасовай стратэгіі ў кірунку Еўрапейскай Беларусі».

Пятрас Аўштравічус расказаў аб парушэннях правоў чалавека падчас перадвыбарнай кампаніі і параўнаў размах цяперашніх рэпрэсіяў з сітуацыяй 2010 года.

Прадстаўнік Еўракамісіі Васіліс Марагос заявіў, што прынятая на сённяшні дзень палітыка ЕЗ у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, так званае «крытычнае ўзаемадзеянне», калі бакі «вядуць дыялог» і «супрацоўнічаюць», «была паспяховай».

Да «ўмацавання сувязяў» і да «захавання дыялогу» з Лукашэнкам заклікалі таксама прадстаўнікі ўльтраправых і ультралевых партый Цьеры Марыяні і Пінеда Ману.

Прамежкавую пазіцыю заняў Люк Дэвін, намеснік дырэктара ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы замежных дзеянняў. На ягоную думку, палітыка «крытычнага ўзаемадзеяння» прывяла да «некаторых пазітыўных змен». Але ў той жа час, ён адзначыў: «мы ў меншай ступені ўстурбаваныя нядаўнімі падзеямі падчас прэзідэнцкай перадвыбарчай кампаніі», «гэта павінна спыніцца» і «мы заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх адвольна затрыманых». «Мы вітаем гэтыя рэкамендацыі працягваць крытычнае ўзаемадзеянне, але не за кошт дэмакратычных каштоўнасцяў», - сказаў Люк Дэвін.

Кіраўнік Камітэта замежных справах Дэвід Макалістэр заявіў, што будучыя выбары «будуць адыгрываць ключавую ролю ў развіцці далейшых стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю».

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю Робэрт Бедрань мяркуе, што «ў ЕЗ павінна быць выразная палітыка ў дачыненні да Беларусі, а гэтая палітыка павінна быць заснавана на яснай стратэгіі Еўрапейскай Беларусі».

Моцна выступіла намесніца кіраўніка самай буйной фракцыі ў Еўрапарламенце «Еўрапейская народная партыя» Сандра Калніетэ. Яна распавяла пра палітычных вязняў і пра катаванні апазіцыянераў. «Рэпрэсіі, запалохванне і арышты не могуць з'яўляцца метадамі правядзення выбараў. Лукашэнка павінен зразумець тое, што ЕЗ не пацерпіць такіх дзеянняў, і тое што будуць наступствы, уключаючы адрасныя санкцыі супраць груп, асобных асоб і прадпрыемстваў, і тое, што гэта паўплывае на пастанову ЕЗ у дачыненні да фінансавай дапамогі».

Пра санкцыі гаварыла і намесніца кіраўніка дэлегацыі «Еўранэст» Маркета Грэгорава: "У выпадку далейшых парушэнняў з боку Лукашэнкі, ЕЗ павінен быць гатовы да аднаўлення санкцый, скасаваных у 2016 годзе»

Былая міністарка замежных спраў Польшчы Ганна Фатыга адзначыла: «Сітуацыя сапраўды вельмі цяжкая ў сувязі з хваляй рэпрэсій супраць апазіцыі і фактычна супраць шараговых грамадзян, прадстаўнікоў беларускага грамадства. Мы павінны падтрымаць іх, а сігнал з боку ЕЗ аб наступствах [для Лукашэнкі] працягу такога кшталту паводзін павінен быць як мага больш ясным».

Дэпутаты могуць прапаноўваць папраўкі ў праект рэкамендацый да 20 ліпеня, а канчатковае галасаванне Камітэта замежных спраў запланаваны на верасень-кастрычнік. Пасля галасавання заканадаўчая галіна ўлады ў ЕЗ афіцыйна накіруе свае рэкамендацыі пра стасункі з Беларуссю выканаўчай галіне ўлады: Радзе ЕЗ і Еўракамісіі.

Кіраўнік дэлегацыі «Еўранэст» Андрус Кубілюс заклікаў калег дзейнічаць хутчэй і «паслаць выразны сігнал [Лукашэнку] цяпер, бо наступны тыдзень з'яўляецца крытычна важным».

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках