29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Die Presse: Расейскія нафта, газ і сталь пад ударам

2
Die Presse: Расейскія нафта, газ і сталь пад ударам

Кліматычныя падаткі пойдуць на карысць не толькі кліматычнаму балансу, але і еўрапейскай прамысловасці.

Планаванае ўвядзенне мытнага вугляроднага падатку на імпарт у Еўропе выкліча хаос у міжнародным гандлі. Але на шляху такога захаду стаяць сур'ёзныя перашкоды, піша аўстрыйскае выданне Die Presse (пераклад - inosmi.ru).

На першы погляд ідэя здаецца прывабнай. Каб увесь час не навязваць сваім уласным кампаніям мерапрыемствы для абароны клімату, ЕЗ мае намер у будучыні абкласці кліматычным падаткам імпартныя тавары. Усяго пару дзён таму канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і французскі кіраўнік дзяржавы Эмануэль Макрон яшчэ раз настойліва паказалі, што планаваны мытны вугляродны падатак на імпарт павінен быць уведзены як мага хутчэй.

Прыхільнікаў гэтай ідэі дастаткова - перш за ўсё ў Еўропе. Бо гэты захад пойдзе на карысць не толькі еўрапейскаму кліматычнаму балансу, але і еўрапейскай прамысловасці. Але там, дзе ёсць пераможцы, заўсёды ёсць і пераможаныя.

Што азначае кліматычны падатак для традыцыйных пастаўшчыкоў ЕЗ? Калі верыць кансультантам з кампаніі Boston Consulting Group (BCG), то Расея можа патрапіць у колькасць найбольш пацярпелых. Гэтая краіна дзякуючы сваёй тэрытарыяльнай блізкасці да Еўропы з'яўляецца яе галоўным пастаўшчыком энэргарэсурсаў. 280 мільярдаў даляраў ЕЗ выдаткаваў у 2018 годзе на імпарт сырой нафты. Чвэрць гэтай колькасці паступіла з расейскіх радовішчаў. Калі ж ЕЗ у будучыні падыме вугляродны падатак на імпарт, які будзе вылічвацца ў залежнасці ад выкіду вугляроду пры вытворчасці і транспартаванні нафты ў Еўропу, то неўзабаве сітуацыя можа змяніцца. Пра гэта напісана ў адным з апошніх аналізаў кампаніі BCG. Мяркуецца, што падатак складзе 30 еўраў за кожную тону вугляроду. У гэтым выпадку ўсе пастаўшчыкі нафты ў суме страцяць амаль пятую частку сваёй маржы.

Па Расеі гэты захад ударыць мацней, чым па іншых, бо здабыча нафты і газу ў Расеі звязаная з асабліва высокімі выкідамі вугляроду. Адзін барэль нафты, якая здабываецца ў Расеі, прыводзіць да выкіду амаль удвая большай колькасці вугляроду, чым у Савудаўскай Арабіі. Гэтую розніцу лёгка растлумачыць: у Расеі выкапнёвая сыравіна залягае значна глыбей у зямлі, чым на Блізкім Усходзе, таму яго здабыча звязаная з большымі выдаткамі, чым у мяккім пяску пустынь. У выніку нафта з Савудаўскай Арабіі будзе абкладацца на 30-50% меншым вугляродным падаткам, чым расейская. Экспэрты мяркуюць, што некаторым хімічным заводам у Еўропе, магчыма, давядзецца змяніць пастаўшчыкоў.

Зялёны пратэкцыянізм?

Аналагічная сітуацыя складзецца і з імпартам сталі. Еўрапейскія аўтавытворцы і машынабудаўнікі штогод набываюць за мяжой пракатную сталь на 20 мільярдаў даляраў. Дагэтуль на рынку дамінавалі кітайскія кампаніі, якія прадаюць сталь самымі нізкімі коштамі. Гэтак жа як у Расеі і ва Украіне, вытворчасць сталі ў Кітаі значна мацней шкодзіць экалогіі, чым у Еўропе, Турцыі ці Паўночнай Амерыцы. Калі ў сабекошт прадукцыі будзе ўключаны і вугляродны падатак на імпарт, то цяперашнія прадаўцы таннай сталі неўзабаве страцяць перавагу.

Калі яны не прывядуць свае вытворчыя магутнасці ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі, то могуць страціць долі на нямецкім рынку. Больш за ўсё ад гэтага выйграюць еўрапейскія сталеліцейныя заводы, якія ўжо сёння вырабляюць сталь значна больш экалагічнымі метадамі, чым канкурэнты.

Як гаворыцца ў аналізе BCG, мытны вугляродны падатак дасць еўрапейскай прамысловасці шанец ізноў канкурыраваць на роўных з іншымі вытворцамі. Такая тэорыя. Але на практыцы на шляху рэалізацыі жаданняў Мэркель і Макрона стаяць сур'ёзныя перашкоды. Еўрапейская камісія фармальна падтрымлівае праект і чакае ад яго рэалізацыі прыбытак у суме 14 мільярдаў еўраў. Але пакуль яшчэ не зразумела, як будзе вылічацца вугляродны падатак. Пра гэта вядзецца вельмі бурная дыскусія.

За межамі Еўрапейскага Звязу ініцыятыва сустрэтая без захаплення. Праўда, у Брусэлі ўвесь час падкрэсліваюць, што знойдуць механізм, які не будзе аспрэчаны Сусветнай гандлёвай арганізацыяй. Аднак шматлікія гандлёвыя партнёры Еўропы затаўравалі вугляродны падатак як чысты пратэкцыянізм і будуць з ім змагацца. А каб прадухіліць з'яўленне у адказ падаткаў і ўзнікненне дрэнна аргументаваных выняткаў, прыхільнікам ініцыятывы давядзецца праводзіць доўгую і напружаную працу для пераканання апанентаў ідэі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках