25 красавiка 2024, Чацвер, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску юрыст утапіў сейф, які скраў у начальніка

5
У Віцебску юрыст утапіў сейф, які скраў у начальніка
МУЖЧЫНА ЎТАПІЎ СКРАДЗЕНЫ СЕЙФ, ПАПЯРЭДНЕ ДАСТАЎШЫ З ЯГО СЕМ ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ. ВАДАЛАЗЫ СЕЙФ ЗНАЙСЦІ НЕ ЗМАГЛІ. ФОТА: СЛЕДЧЫ КАМІТЭТ.

«Здабычу» мужчына падзяліў з прыяцелем, што нічога не падазраваў аб тым, што грошы крадзеныя.

Суд Савецкага раёна Менска вынес прысуд юрысту з Віцебска. Мужчына прызнаны вінаватым у тым, што ён скраў у свайго працадаўцы сейф з грашыма, паведамляе kp.by.

Сейф 43-гадовы юрыст забраў з офіса. Магчыма, і сярод белага дня - час злачынства вызначаны недакладна. «У перыяд з 19.00 20 сакавіка 2020 да 19.00 27 сакавіка 2020» - пазначана ў матэрыялах справы. Мужчына працаваў у віцебскім філіяле менскай фірмы, якая належыць замежніку. Пад офіс уладальнік фірмы здымаў звычайную кватэру на праспекце Машэрава ў сталіцы. Час ад часу віцебскі юрыст наведваўся туды.

- У сакавіку мужчына прыехаў у Менск. Ён папрасіў свайго прыяцеля падвезці яго да хаты, дзе размяшчаўся офіс. Скарыстаўшыся адсутнасцю работнікаў, ён забраў сейф і схаваў яго ў поліэтыленавы пакет, - распавяла афіцыйная прадстаўніца УСК г. Менск Кацярына Гарлінская.

Слядоў узлому сышчыкі не знайшлі - дзверы ў пад'езд і кватэру-офіс юрыст адкрыў ключамі. А вось ключоў ад сейфа ў яго не было, каб адкрыць яго, давялося прымяніць цэлы арсенал: зубіла, малаток, абцугі. Сейф ён трыбушыў ужо за горадам, схаваўшыся ў зацішным месцы на беразе ракі Бярэзіна. Там было 7 тысяч даляраў і дакументы - дамова на арэнду кватэры-офіса.

Пустую жалезную скрыню мужчына выкінуў у Бярэзіну. Пазней ён паказаў следчым месца, дзе ўтапіў яго. Сейф коштам 200 рублёў доўга шукалі вадалазы, але не знайшлі.

3 тысячы даляраў юрыст падарыў прыяцелю, які вазіў яго на машыне, 3 пакінуў сабе. На астатнія грошы сябры закацілі папойку.

Пасля таго як замежны бізнэсоўца выявіў прапажу і звярнуўся ў міліцыю, падазроных - юрыста і яго 40-гадовага прыяцеля - вылічылі хутка. Прыяцель запэўніваў, што нічога не ведаў пра тое, што юрыст учыніў злачынства, проста вазіў яго па справах. Доказаў яго дачынення да крадзяжу знойдзена не было, і крымінальную справу ў дачыненні да мужчыны спынілі. Юрыста ж прызналі вінаватым у крадзяжы ў значнай суме, учыненай з пранікненнем у жыллё.

- Абвінавачванаму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 3 гады і штрафам сумаю 250 базавых велічыняў (6750 рублёў), - паведамілі ў прэс-службе Вярхоўнага суда.

Тую частку прысуду, у якой гаворыцца аб пазбаўленні волі, адтэрмінавалі на 3 гады. Калі мужчына будзе добра сябе паводзіць і выконваць усталяваны для такіх выпадкаў рэжым, адпраўляцца ў месцы не надта далёкія яму не давядзецца.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках