29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Дзянісаў: Годзе ўжо жыць паводле прынцыпу «мая хата з краю»

19
Алесь Дзянісаў: Годзе ўжо жыць паводле прынцыпу «мая хата з краю»
АЛЕСЬ ДЗЯНІСАЎ
ФОТА: EURORADIO.FM

Толькі шырокая народная актыўнасць можа змяніць сітуацыю ў краіне.

У ліпені шэраг дзеячаў беларускай культуры абвясціў акцыю Культпратэст. Акторы, музыкі, рэжысёры, літаратары запісалі відэазварот з патрабаваннем вызваліць беларускіх палітвязняў.

Днямі гурт «Naka» з лідарамі гуртоў «DZIECIUKI», «Петля прстрастия», «Разбітае сэрца пацана» і «Rostany» ў рамках акцыі Культпратэст запісалі песню на верш Уладзіміра Някляева пра АМАПаўцаў. Песня набрала даволі шырокую папулярнасць у сеціве.

Лідар гурта «DZIECIUKI» Алесь Дзянісаў расказаў сайту Charter97.org, чаму ён далучыўся да Культпратэсту, і што музыкі хацелі сказаць песняй «Вам».

- Мяне запрасіла праспяваць Анастасія Шпакоўская з гурта NAKA і такім чынам я далучыўся да акцыі. Усё жыццё я дэманстраваў сваю грамадзянскую пазіцыю, свае палітычныя погляды, таму вырашыў паўдзельнічаць у гэтай ініцыятыве.

Сама акцыя Культпратэст важная, бо ніколі яшчэ за гэтыя гады не было столькі творчых людзей, інтэлігенцыі, якая б казала пра тое, што ў Беларусі адбываюцца самыя нечаканыя рэчы.

Скажу шчыра, што я ганаруся тымі людзьмі, якія сумленна і смела выказваюцца. Асабліва тымі, хто працуе ў дзяржаўных структурах, звязаных з культурай. Яны рызыкуюць сваёй працай, кар'ерай і грашыма. У гэтым ёсць адна вельмі сумная рэч: улады могуць звольніць шмат таленавітых творцаў. Ад гэтага дакладна не здабудзе наша культура...

- Песня «Вам» была адрасавана супрацоўнікам АМАПу. Як вы думаеце, ці атрымалася вам усім дастукацца да сумлення гэтых людзей?

- Мантажоры кліпа зрабілі акцэнт на гэтых віжах і дробных сілавіках. У гэтым кліпе відавочна не стае тых, хто аддае гэтым людзям загады, таму што яны нясуць яшчэ большую адказнасць, чым тыя, хто б'е людзей на вуліцах.

Думаю, што песня «Вам» можа дастукацца акурат да тых адзінак, якія яшчэ здольныя задумацца, што яны служаць народу, а не дыктатуры. У сілавых структурах ёсць людзі з сумленнем, але іх не вельмі шмат, а што ў галовах большасці - я нават не ведаю. Адны загады, напэўна.

Мне здаецца, што ў гэтай песні - не зварот да міліцыі. Важна паказаць самім сабе, што ў нас ёсць сумленне, што мы на баку дабра, пра што і гаворыцца ў вершы Някляева. У гэтым наша сіла, на гэтых каштоўнасцях мы павінны грунтавацца і аб'ядноўвацца, адчуць у гэтым сваю сілу. Можна сказаць, што гэта мая вольная інтэрпрэтацыя кліпа.

- Чаму творчых людзей так даняў дзейны рэжым?

- Я за ўсіх не магу адказваць. Камусьці мала грошай, у кагосьці сапраўды прачнулася сумленне. У грамадстве цяпер сапраўды дастаткова вялікі адсотак палітызаваных людзей. Мне здаецца, што беларусы, у тым ліку і творчыя, пачалі задумвацца, што сітуацыю можна памяняць, і што менавіта народ - крыніца ўлады.

Магчыма, раней яны пра гэта не задумваліся, ім не было цікава, не было асабістай незадаволенасці. Магчыма, паўплывалі такія рэчы, як стаўленне ўладаў да людзей ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Могуць быць нават не такія важныя з палітычнага погляду прычыны, якія паўплывалі на тое, што людзі пачалі выказвацца.

- Дастаткова шмат музыкаў, якія гралі на розных дзяржаўных святах, сёння выказваюцца ў падтрымку перамен. Яны шчырыя ў сваім жаданні?

- Усё залежыць ад таго, што ты сказаў і што ты зрабіў. Я, дарэчы, не заўважыў, каб вельмі шмат прадстаўнікоў СМІ, музыкаў, мастакоў, шчыльна звязаных з дзяржавай, пабеглі выказвацца. Зразумела, што на самым версе будуць маўчаць, а сярод тых, хто на больш нізкіх пасадах, ёсць людзі з сумленнем. Думаю, засталіся сярод іх тыя, хто яшчэ не выказаўся. Напрыклад, хто-небудзь з канала «Беларусь 5», хто ўсё жыццё займаўся спортам і ніколі не залазіў у палітыку. Пакуль яны маўчаць, бо баяцца страціць працу.

Паглядзім, што будзе далей, і як будзе развівацца Культпратэст. Таксама гэта будзе залежаць ад далейшых дзеянняў уладаў. Будуць новыя масавыя затрыманні або не зарэгіструюць Ціханоўскую і Бабарыку - тады, магчыма, пойдзе наступная хваля.

Я амаль не веру, што на гэтых выбарах нешта зменіцца. Важна, каб тыя людзі, якія цяпер адчулі, што яны могуць нешта змяніць, не страцілі гэтую веру. Трэба шырокі народны рух, толькі ён штосьці здолее ў нас у краіне. Будзем спадзявацца на тое, што яшчэ больш прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі пакінуць свой страх, расплюшчаць вочы іншым на тое, што адбываецца ў краіне. Яны патрэбныя гэтаму руху, як паветра.

- На вашы канцэрты прыходзіць шмат моладзі, вы яе добра разумееце. Скажыце, чаму сёння маладыя людзі выходзяць на вуліцы?

- Сучасная моладзь чымсьці падобная да майго пакалення, дзе былі людзі з нефармальнага руху, звязаныя ў нейкай ступені з музыкай, у добрым сэнсе палітызаваныя, ім было не ўсё адно, што адбываецца. Потым прыйшло пакаленне, якое адышло у свае «тусоўкі» і разважыла, што лепш ствараць лепшым свет у сваіх «рэзервацыях», бо яны не могуць ні на што паўплываць. Сёння моладзь бачыць, што ад гэтай самаізаляцыі не становіцца лепш.

Мне хацелася б верыць, што новае пакаленне стала разумець і ўсведамляць сябе часткай грамадства, што яно можа нешта вызначыць і змяніць не толькі ў сваіх маленькіх «групках», а ва ўсёй краіне. Годзе ўжо жыць паводле прынцыпу «мая хата з краю», бо гэта глупства. Ты ўсё адно поўнасцю не схаваешся ад таго, што адбываецца ў краіне. Калі вакол усё становіцца толькі горш, то чаму гэты працэс абміне «рэзервацыі»?

- Вялікую ролю ў «перабудове» і падзенні камуністычных рэжымаў у Еўропе адыграла менавіта музыка. Ці будзе нешта такое ў нашай краіне?

- Безумоўна, бо музыка - гэта самы папулярны від мастацтва, яго не параўнаеш з жывапісам або тэатрам. Музыка больш уплывовая. Магчыма, не так моцна як у той час, але песні будуць змяняць людзей, расплюшчваць вочы, натхняць. Музыка прымушае моладзь задумацца, крытычна шукаць адказы, прычынна-выніковыя сувязі ў тым, што адбываецца навокал.

- Наколькі важна, каб сёння людзі мастацтва, лідары меркаванняў, бралі на сябе адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне?

- Важна, каб было адчуванне еднасці, гонару, даверу, уменне разумець і дараваць адзін аднаму. Важна, каб людзі розных палітычных, рэлігійных поглядаў, сацыяльнага становішча, пачалі шукаць дыялог для гэтага аб'яднання на такіх прынцыпах. Бо толькі шырокая народная актыўнасць можа змяніць сітуацыю ў нашай краіне.

Усялякі патрыятызм і адказнасць за краіну пачынаецца з такіх маленькіх сувязяў. З пачуцця локця свайго блізкага, з жадання аб'ядноўвацца і падтрымліваць адзін аднаго.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках