26 верасня 2020, Субота, 23:17
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўнікі Інстытута фізікі Акадэміі навук пачалі «італійскі» страйк

29
Супрацоўнікі Інстытута фізікі Акадэміі навук пачалі «італійскі» страйк

Работнікі інстытута сабраліся каля прахадной і выставілі палітычныя патрабаванні.

Супрацоўнікі Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук заявілі, што пачынаюць «італійскі страйк». Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў старшы навуковы супрацоўнік Іван Сіўцоў.

Раніцай 12 жніўня больш за дзясятак супрацоўнікаў Інстытута фізікі занялі месца ў фае ўстановы. Перад сабой паставілі плакат з патрабаваннямі да ўладаў:

- на падставе масавых фальсіфікацый не прызнаваць вынікаў галасавання на выбарах прэзідэнта;

- выпусціць палітвязняў і затрыманых падчас акцый пратэсту ў дзень і пасля выбараў;

- падключыць Інтэрнэт, без якога праца ў цяперашніх умовах становіцца немагчымай.

Падраздзяленне Івана Сіўцова сярод іншага далучана да касмічных праектаў Акадэміі навук, мае шырокія міжнародныя кантакты ў гэтай галіне.

«Гэта фармат такі «італійскі страйк»: пакуль на вуліцу з плакатамі не выходзім, застаёмся ў інстытуцкім будынку, але патрабаванні ў нас чыста палітычныя, - пацвярджае Іван Сіўцоў. - Па-першае, выказваем недавер да вынікаў выбараў, хоць пералікам галасоў ужо наўрад ці хто будзе займацца. Па-другое, намагаем на спыненні гвалту і вызваленні ўсіх арыштаваных, бо дэманстрацыі такой нянавісці да ўласнага народу няма больш нідзе. Па-трэцяе, выступаем супраць адключэння інтэрнэту, бо папросту не можам працаваць. А нашай сферы без гэтага ніяк».

Ці думалі арганізатары навуковага страйку аб наступствах для сябе? Інстытут фізікі - акадэмічнаая ўстанова, цалкам падпарадкаваная дзяржаўнай сістэме. Якія гарантыі, што на гэтым супрацоўніцтва з імі не спыніцца з ініцыятыве адміністрацыі?

«Так, думалі, і вельмі сур'ёзна, - кажа Іван Сіўцоў. - Але такое трываць ужо немагчыма, нармальны чалавек не можа быць абыякавым да ўсяго, што адбываецца навокал. Для нас спускавым кручком стала тое, што на выбарчым участку, дзе прадстаўнікі Інстытута ўваходзілі ў склад выбарчай камісіі і нібыта вялі падлік галасоў «празрыста і адкрыта», абсалютна не супалі лічбы назірання і агучаныя. Бессаромныя, непрыхаваныя фальсіфікацыі».

Навуковец першапачаткова не сумняваўся, што арганізатары палітычнага страйку будуць выкліканыя ў вышэйшыя інстанцыі, але ад сваіх прэтэнзій да ўладаў адступаць не збіраюцца. Калі трэба, будуць і аргументацыя, і спасылка на факты, працягвае Іван Сіўцоў.

«У самым пачатку працоўнага дня мы з плакатам занялі «абарону» на прахадной, дзе сустракалі калег, - распавядае навуковец. - Безумоўна, маглі толькі ўявіць рэакцыю дырэкцыі, але ў гэтым выпадку справа гонару кожнаму беларусу вызначыць сваё стаўленне да цяперашняга беззаконня. Пакуль нас не так шмат - больш за 10 чалавек. Але гэта толькі пачатак. Мы гатовыя на ахвяры для выканання законнасці ў краіне, як высакамоўна прагучыць».

Іван Сіўцоў выказвае надзею, што іх учынак стане прыкладам для пераймання для іншых навукоўцаў і акадэмічных падраздзяленняў.

Пасля закліку да Усебеларускага страйку падключаецца ўсё больш прадпрыемстваў і рабочых ва ўсёй краіне.

Нагадаем, што да Усебеларускага страйку далучыліся некалькі цэхаў Беларускага металургічнага завода (БМЗ) у Жлобіне, дзяржаўны Інстытут парашковай металургіі ў Менску, Менскі электратэхнічны завод імя Казлова, Жабінкаўскі цукровы завод.

Адначасова з-за адключэння інтэрнэту ў Беларусі не працуюць дзясяткі тысяч дробных і сярэдніх прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці і дзяржаўных устаноў. Праз страх перад народнымі пратэстамі Лукашэнка адключыў інтэрнэт і справакаваў маштабны страйк, які ахапіў транспарт, гандаль, банкі, ІТ-сферу.