23 верасня 2020, Серада, 5:59
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч - Лукашэнка: Ідзі прэч, пакуль не позна!

72
Святлана Алексіевіч - Лукашэнка: Ідзі прэч, пакуль не позна!
Святлана Алексіевіч

Нобэлеўская лаўрэатка патрабуе сыходу дыктатара ў адстаўку.

Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, лаўрэатка прэміі Нобэля ў літаратуры 2015 года, у інтэрв'ю «Радыё Свабода» расказала пра сваё стаўленне да цяперашняй палітычнай сітуацыі ў краіне.

- На мой погляд, улада абвясціла вайну свайму народу. Я бачу, наколькі радыкалізуецца грамадства. Тое, як паводзіць сябе ОМОН... ніхто з нас нават уявіць сабе не мог такога. Мы бачылі, як гэта адбывалася ў іншых краінах, але ў нас страляюць у самаход, дзе маленькае дзіця, і яно ўсё ў крыві, цяжарную жанчыну збіваюць, затрыманых душаць каленам - гэта тое, супраць чаго паўстала чорнае насельніцтва Амэрыкі.

Людзей хапаюць на вуліцы. Затрыманыя сядзяць у спартовых залах без ежы і вады. І самае галоўнае - людзі абсалютна мірныя. Сёння [на акцыю пратэсту] выйшаў ланцужок жанчын, якія прасілі: мы хочам ведаць праўду аб выбарах, не забівайце нашых мужчын. Яны неслі кветкі, маліліся ля Вечнага агню. А калі пачалі разыходзіцца, на іх напаў ОМОН. Я нават не кажу пра тое, што адбываецца ўначы. Гэта проста ваенныя дзеянні...

- Што б Вы хацелі сказаць тым людзям, якія выйшлі на акцыі пратэсту і, можа быць, яшчэ выйдуць?

- Я ім удзячная за тое, што яны захавалі нашу годнасць. Я проста закахалася ў свой народ за апошнія некалькі тыдняў. Гэта зусім іншыя людзі, гэтыя людзі маюць зусім іншую моц. Раней у мяне было пэўнае расчараванне - цяпер няма. Нам трэба быць больш арганізаванымі. У барацьбе знойдуцца і лідэры. А то ўсе наважылі, што гэтыя дзяўчаты [самі] ўсё зробяць.

- А што б Вы хацелі сказаць Аляксандру Лукашэнку?

- ...Хацелася б паўтарыць тое, што так прыгожа сказала журналістка Святлана Калінкіна: «Сыдзі прыгожа!»... Але не выйдзе ўжо, кроў [пралілася]. Прэч, пакуль не позна, пакуль ты не кінуў людзей у жудасную бездань, у бездань грамадзянскай вайны! Прэч! Нікому не патрэбны Майдан, нікому не патрэбная кроў. Ты проста хочаш улады, і гэта тваё жаданне абернецца крывёю, - сказала Святлана Алексіевіч.