25 красавiка 2024, Чацвер, 5:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жахлівыя злачынствы беларускіх амапаўцаў, турэмшчыкаў і міліцыянтаў

174
Жахлівыя злачынствы беларускіх амапаўцаў, турэмшчыкаў і міліцыянтаў
ФОТА: TUT.BY

Сведчанні для Гаажскага трыбунала.

Выпускаць затрыманых на акцыях пратэсту людзей з ЦІП на Акрэсціна пачалі прыкладна а 22.30, родныя і блізкія, якія іх чакаюць расказваюць, што ў першыя паўгадзіны выпусцілі прыкладна да 30 чалавек. Людзей працягваюць вызваляць. Журналісты tut.by распыталі ў тых, хто выходзіць, пра ўмовы, у якіх іх утрымлівалі.

Нягледзячы на позні час, вакол ЦІП, у чаканні блізкіх стаіць вельмі шмат людзей. Пад'язджаюць кіроўцы-добраахвотнікі, яны прапануюць падвезці тых, хто выходзіць з цэнтра.

Мы адразу хочам папярэдзіць, што вам можа быць на фізічным узроўні балюча глядзець гэта відэа. Апісанае дзяўчатамі не паддаецца адэкватнаму ўспрыманню.

Першы чалавек, якога мы сустракаем на выхадзе, Мікалай. Ён з Бабруйска, чатыры гады жыве ў Менску. Фатаграфавацца адмаўляецца. Кажа, яго затрымалі 9 жніўня за стэлай.

- Я стаяў на скрыжаванні, стараўся супакоіць правакатара. Там былі правакатары, якія штурхалі натоўп на шчыты і вадамёты, [...] калі я адштурхнуў аднаго латругу, які хацеў кінуць бутэльку, мяне схапілі. А далей: дубінкі, дубінкі, дубінкі - і я ўжо ў аўтазаку.

Мікалай распавядае, што на Акрэсціна яму «пашанцавала больш за ўсіх». Ён адразу трапіў у камеру, некаторыя 24 гадзіны праводзілі на дварэ.

- Спачатку я трапіў у камеру, дзе было 24 чалавекі, потым перавялі туды, дзе 46, хоць камера на шэсць месцаў, - малады чалавек апісвае абстаноўку, у якой яго ўтрымлівалі. - На наступны дзень яны жартам гавораць: «Хто хоча на дварэ пашпацыраваць, падыхаць свежым паветрам?» А потым мімаходзь было чуваць: «На ноч». Я кажу: «Хлопцы, вы з глузду з’ехалі, вы ў кашулях і пойдзеце ўночы шпацыраваць?» Яны так рабілі, каб памяняць тых, хто быў у шпацырнай зоне, з тымі, хто знаходзіўся ў камеры.

- Не ставала месца?

- Я разумею, што так.

Пакармілі іх, распавядае Мікалай, на другія дзень - далі «паўбохана хлеба на 20 чалавек». Вада была і гарачая, і халодная, можна было спаласнуцца.

- Ці білі вас?

- Мяне не, але шмат каго білі, - адказвае Мікалай. - У нас была спакойная камера, не было такіх, хто моцна абураецца. Адразу хтосьці спрабаваў націскаць на нейкія кнопкі, але калі мы пачулі, як жорстка выводзяць і б'юць людзей, мы нічога не рабілі.

Са слоў Мікалая, «сама міліцыя не б'е, працуе АМАП».

- АМАП... Гэта проста... Сёння я начаваў на дварэ і чуў, як чалавека збівалі, прымушалі крычаць: «Я люблю АМАП».

- Чаму вы начавалі на дварэ?

- Мяне павінны былі вывезці ў Жодзіна. Высветлілася, што мае дакументы згубілі, і было яшчэ 48 чалавек, чые дакументы згубілі. 300 чалавек з'ехалі, і яшчэ дзве машыны паехалі пустыя, таму што дакументаў не знайшлося.

- Штраф далі?

- Я не ведаю, што мне будзе.

Ніжэй відэа, якое таксама можа зрабіць вам балюча. Расказанае гэтымі хлопцамі і дзяўчынай усё яшчэ не паддаецца асэнсаванню.

«Не перажывайце, ён нармальны, не біты»

- Не пляскайце! - крычаць людзі, калі з ізалятара выходзяць чарговыя затрыманыя.

Пляскаць нельга, бо там, за высокім парканам, як распавядаюць прысутныя, пачуўшы воплескі, людзей перастануць выпускаць. Таму ўсе стаяць з надзеяй, што адкрыецца брама, і на волю выйдзе іх родны чалавек.

- Паглядзіце! Вы гэтага бачылі? - кідаюцца да мужчыны незнаёмыя жанчыны і паказваюць на тэлефоне фота мужоў, братоў.

- Гэтага? Так. Не хвалюйцеся, ён нармальны, не біты, - адказвае мужчына.

- А калі бачылі? Узгадайце, калі ласка, гэта вельмі важна, - пачынае плакаць жанчына.

- Сёння або ўчора, - не ўпэўнена адказвае ён, бо разумення «час» у ізалятары няма. Усе рэчы ў людзей забіраюць, і яны ўдзячныя валанцёрам, блізкім, якія гучна крычаць ля Акрэсціна час, дык у іх ёсць хоць нейкая магчымасць арыентавацца.

- Цябе білі? - пытаецца знаёмая менчука, якая чакае разам з сынам мужа.

- Так, проста страшна. Крычаў: «Забіце мяне», - наш суразмоўца не хоча называць сваё імя, кажа, генерал прасіў не выказвацца на гэтую тэму. Але паказвае свой сіні пакалечаны палец. Убачыць пабоі адразу немагчыма: са слоў тых, хто быў на Акрэсціна, іх білі па нагах, спіне, лытках. Гэтыя часткі цела сінія і чорныя.

Да варот пастаянна пад'язджаюць карэты хуткай дапамогі, у лякарні вывозяць тых, хто мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе.

- Ягорава Таццяна, - машына гамуе каля валанцёра, і кіроўца дыктуе прозвішчы тых, каго шпіталізуюць. Многіх людзей проста няма ў спісе, і яны тут жа ў іх заносяцца.

Пад'ехаць на машыне да Акрэсціна немагчыма: тут выстраіліся дзясяткі аўто, тут блізкія, сябры затрыманых і валанцёры.

- Каго падвезці? На Сурганава ёсць хто? - раздаецца з натоўпу.

Людзі, якія выйшлі выглядаюць разгубленымі, іх выпускаюць без рэчаў, тэлефонаў, партманэтаў, усе рэчы застаюцца ў ізалятары. Ім тут жа даюць ваду, гарачую гарбату, ежу і ахінаюць цёплай коўдрай. Дзяўчыны проста плачуць, мужчыны проста сыходзяць без слоў. У іх пад адзеннем сінякі і гематомы.

«Не будзе вам ніякай медыцынскай дапамогі, кінем у вас гранату - і ўсё скончыцца»

У асноўным усе, хто выходзіць пасля 11 вечара, - жанчыны. Сярод іх лекарка брыгады хуткай дапамогі Настасся. Яна распавядае, што затрымалі яе ўночы 12 жніўня. Яны з калегамі пасля працы надавалі дапамогу пацярпелым, а калі вярталіся, іх аўто спынілі. Спадарыня ў гэты момант была ў белым халаце. Сёння ёй выдалі маску, пластыр, перакіс, якія ў яе былі з сабой.

- Спецназ спыніў аўто з намі, выкінулі, паставілі аўтаматы да галоў, вось і ўсё - і прывезлі сюды, - коратка распавядае спадарыня пра сваё затрыманне.

50 чалавек, прадаўжае медык, знаходзіліся ў камеры на чатырох чалавек.

- Мы не тое, што спаць не маглі, некаторыя ночы мы стаялі, бо сесці не маглі, - кажа яна. - Паветра няма.

Першы дзень, працягвае яна, яны стаялі ў дворыку для шпацыраў. Тут іх не кармілі, вады не давалі. Першую ваду, кажа дзяўчына, далі праз 15 гадзін, яе «патрабавалі са скандалам ды істэрыкай». На другі дзень прынеслі хлеб і кашу.

- Ахоўнікі хадзілі здзекаваліся, казалі: «Не будзе вам ніякай медыцынскай дапамогі, кінем у вас гранату - і ўсё скончыцца».

- Вас білі?

- Мяне не, але былі дзяўчаты, якіх тут збівалі. Іх збівалі супрацоўнікі, якія на першым паверсе, якія прымаюць усіх тут. Наглядчыкі - тут незразумела, хто.

- А што было з мужчынамі?

- Мы чулі, што кожную ноч мужчын збівалі так, што яны проста вылі. Бедныя хлапчукі проста вылі. Іх прымушалі спяваць гімн Беларусі і пры гэтым іх збівалі. Гэта тое, што мы чулі з вокнаў кожную ноч. Кроў стыла ў венах ад таго, што мы чулі кожную ноч.

- Колькі дзён вам далі?

- Дзесяць, але сёння, нейкім чароўным чынам прыехалі невядомыя людзі, якія сказалі, што тут робіцца незразумела, што [...] яны прыехалі, выклікалі нас усіх, правялі гутарку, далі паперы, што мы ведаем, за што мы былі затрыманыя, і сказалі: «Ідзіце, дадому».

Намеснік міністра: «Здзекаў не было»

А 1.20 ночы каля ЦІП з'явіўся намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў. Ён перагаварыў з фатографамі і хутка пайшоў да чорнага джыпа і не спыніўся каля тых, хто тут сабраўся. Журналісты пацікавіліся, колькі затрыманых сёння адпусцяць.

- Усіх, - сказаў ён ідучы. І дадаў: «Здзекаў не было».

За паўтары гадзіны мы налічылі блізу 10 карэт хуткіх, якія пад'язджалі да Акрэсціна.

Нагадаем, за час пратэстаў пасля выбараў было затрымана больш 6 700 чалавек, многія былі збітыя, больш за 250 апынуліся ў шпіталях, два чалавекі загінулі.

Напісаць каментар 174

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках