23 красавiка 2024, aўторак, 22:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У загінулага падчас пратэстаў у Менску была адкрытая рана грудной клеткі

16
У загінулага падчас пратэстаў у Менску была адкрытая рана грудной клеткі
ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА, TUT.BY

Пра гэта гаворыцца ў медычным пасведчанні аб смерці 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага.

Падчас акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Менску 10 жніўня загінуў чалавек.

Tut.by адшукаў ягоную грамадзянскую жонку і даведаўся, што асноўная прычына ягонай смерці - «адкрытая рана грудной клеткі».

Загінулага 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага клічуць Аляксандр Тарайкоўскі. Яму было 34 гады, у яго засталася трохгадовая дачка. У медычным пасведчанні аб смерці паказана, што асноўная прычына ягонай смерці - адкрытая рана грудной клеткі, а памёр ён ад масіўнай страты крыві.

МУС паведамляла, што мужчына загінуў на вуліцы Прытыцкага блізу 23.00 і нібыта ён хацеў кінуць «неўстаноўленую выбуховую прыладу» ў бок сілавікоў, прылада «выбухнула ў руцэ», мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Аднак відавочцы падзей той ночы каля станцыі метро «Пушкінская», распавядалі, што ў мужчыны ў руцэ нічога не выбухала.

Ягоная грамадзянская жонка Алена таксама не верыць у версію смерці ад МУС, асабліва ў тое, што ў яго была нейкая «выбуховая прылада». З яе слоў, каля станцыі метро «Пушкінская» ў той вечар ён апынуўся, бо пайшоў у кватэру бацькі - яна прыкладна ў 300 метрах ад таго месца. У гэтай кватэры яны з бацькам рабілі рамонт. Пры гэтым пайшоў ён у шортах, майцы, узяўшы з сабой тэлефон, пачак цыгарэт, грошы, карткі ў кішэнях, «ішоў з пустымі рукамі», гэта было прыкладна а восьмай гадзіне вечара.

- Я яму тэлефанавала а 22.20, ён сказаў, што на Пушкінскай і што там жах, што дзеецца, што ідзе дадому. Я ўдакладніла: «Ты адзін?», ён сказаў, што адзін. Я набірала яго потым а другой гадзіне ночы, гудкі ішлі, але адказу не было. Я яго шукала два дні і толькі да канца другога дня з бацькам звязаўся следчы і паведаміў.

Алена кажа, што на наступны дзень у СМІ яна ўбачыла фота, там у матэрыяле падзеі былі апісаныя па гадзінах, і а 23.00 ён быў на фатаграфіі.

У Аляксандра ІП, ён сабраў дакументы на адкрыццё сваёй фірмы, рабіў аўташторы і займаўся рамонтам бензаэлектраінструментаў. У іх з Аленай ёсць трохгадовая дачка.

Да гэтага Аляксандр таксама працаваў таксістам.

Алена не ўтойвае, што раней муж адбываў пакаранне за забойства і адбыў яго цалкам - усе сем гадоў.

- Ён шчыра адбыў пакаранне, але хто адкажа за ягоную смерць? Хто будзе адбываць пакаранне? Ён заступаўся за маці, якую збіваў яе грамадзянскі муж, там была бойка. Але мы гэтую тэму імкнуліся не абмяркоўваць, тэма была балючая. Але ён заўсёды быў за справядлівасць і яго вельмі абурала, калі людзей на вуліцы затрымлівалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў у цывільным. Ён быў вельмі мэтанакіраваным, ён бізнэс пачаў адзін з нуля і хацеў, каб гэта засталося дзецям.

Алена кажа, што цяпер у тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя аб тым, дзе і калі адбудзецца развітанне з Аляксандрам. Яна вельмі ўдзячная людзям, але просіць іх на развітанне не ісці, бо яны хочуць яго правесці ў коле сям'і і сяброў.

- Я ўдзячная людзям, але няхай прыходзяць на Пушкінскую, калі хочуць, але не да месца развітання, бо будзе вельмі шмат родных, сяброў і блізкіх. Гэта ўсё ж развітанне з чалавекам, нам трэба неяк гэта перажыць. Я вельмі салідарная з людзьмі і ўдзячная ім, але няхай не прыходзяць на развітанне.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках