25 красавiка 2024, Чацвер, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ восем журналістаў звольніліся з праўладных СМІ

29
Яшчэ восем журналістаў звольніліся з праўладных СМІ

У іх ліку чатыры супрацоўнікі сайта sb.by.

Сёння яшчэ восем супрацоўнікаў заявілі пра тое, што яны больш не працуюць у дзяржаўных СМІ. У іх ліку чатыры супрацоўнікі сайта sb.by і пісьменнік Уладзімір Сцяпан, які пісаў для газеты «СБ. Беларусь сегодня», а таксама эканамічная аглядальніца АНТ Надзея Цвірко, рэдактар Першага нацыянальнага канала беларускага радыё Дзмітрый Сідаровіч і вядоўца «Беларусі 24» Юлія Юрчанка, піша tut.by.

Чатыры супрацоўнікі выдавецкага дома «Беларусь сегодня», якія працавалі ў аддзеле навін сайта sb.by, паведамілі аб сваім звальненні. Гэта Аліна Янчур, Аляксандр Кастыка, Вадзім Шундалаў і Святлана Галуза. Частка іх пакінула СМІ яшчэ ў пачатку месяца, але публічна яны распавялі пра гэта толькі сёння. Інфармацыя з'явілася ў Facebook Аліны Янчур.

Святлана Галуза распавяла, што пасля ўніверсітэта яна размеркавалася ў выдавецкі дом «Беларусь сегодня» і працавала як журналістка сайта sb.by, і цяпер у яе скончыўся кантракт.

— Я не стала яго прадаўжаць, хаця мне прапаноўвалі. Мяне нават выклікаў да сябе Дзмітрый Жук, гендырэктар, але я не пайшла да яго. Усім тлумачыла, быццам бы не хачу прадаўжаць працу з асабістых прычын, але насамрэч хацелася збегчы адтуль як мага хутчэй.

Мне вельмі прыкра цяпер ад таго, што я ставіла зневажальныя тэксты пра Святлану Ціханоўскую і Віктара Бабарыку. Таму больш за ўсё на свеце хачу папрасіць прабачэння ў іх і ва ўсіх астатніх, каго гэтыя тэксты як-небудзь абразілі.

Спыніў супрацоўніцтва з газетай «СБ. Беларусь сегодня» пісьменнік Уладзімір Сцяпан. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Навіной аб звальненні ў сацыяльных сетках таксама падзялілася эканамічная аглядальніца АНТ Надзея Цвірко. Яна афіцыйна не будзе працаваць на канале з 17 жніўня:

- Я ўпэўненая, што наша эканоміка акрыяе пасля пераменаў. Нас вельмі шмат! Мы ёсць!

Працаваць на дзяржаўнай тэлевізіі адмовілася і Юлія Юрчанка, вядоўца праграмы «Плэйліст Юліі Юрчанка» на тэлеканале «Беларусь 24».

- Я не хачу пісаць шмат слоў. Я звольнілася з Белтэлерадыёкампаніі. Я спадзяюся, што інтэрв'ю і праграмы, якія я рабіла пра артыстаў, музыкаў і творчых людзей, былі даволі цікавыя, месцамі - карысныя. Я дакладна ведаю, у нас шмат цудоўных, таленавітых людзей, але цяпер не час для забаўляльнага кантэнту. Немагчыма ўсміхацца ў кадры. Калі што, я ў пошуку працы. Працаваць люблю і ўмею, - напісала яна.

У рэдакцыю напісаў Дзмітрый Сідаровіч, рэдактар Першага нацыянальнага канала беларускага радыё. Ён падзяліўся, што сёння пайшоў з Белтэлерадыёкампаніі, а таксама звярнуўся да калегаў, якія «больш не могуць працаваць на зламаную сістэму».

- Я прашу вас выйсці з гульні. Не думайце пра няшчасныя грошы, крэдыты і іншыя цяпер няважныя глупствы. Проста дайце вашым сэрцам перастаць хварэць, розуму - ачысціцца ад прамывання, а духу - быць сумленным і справядлівым, адужэць. Я не ведаю, як жыць далей, але калі б я прадаўжаў хлусіць, я б наогул памёр.

Аб сваім стане Дзмітрый выказаўся так:

- Я цалкам дэмаралізаваны. Я пайшоў у нікуды, але мае трое дзяцей з жонкай мяне падтрымліваюць.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках