29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баранавічы пад акупацыяй

24
Баранавічы пад акупацыяй

Жнівень-2020.

Апошні раз выбухі гранат і страляніна на вуліцах Баранавіч чуліся ў 1944 годзе. Прайшло 76 год, мы жылі ў «спакойнай і стабільнай краіне», і раптам 9 жніўня жыхары нашага горада зноў пачулі гэтыя гукі.

Недавер гараджан (і ўсіх беларусаў) да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў прымусіў людзей сабірацца ў цэнтры горада, каб проста паказаць, што яны не даюць веры тым выкрунтасам, якія адбываліся ў апошнія тыдні. Гэта была мірная акцыя, хаця ўсе ведалі пра шматлікія затрыманні актывістаў і незалежных назіральнікаў напярэдадні выбараў. Але людзей сустрэлі апранутыя ў спецамуніцыю сілавікі са шчытамі. Здаецца, упершыню ў гісторыі горад пабачыў такое.

Акрамя гэтага, яшчэ шмат іншых падзей упершыню можна ўнесці ў летапіс Баранавіч. Начныя сутычкі з міліцыяй, жахлівы хапун на вуліцах і неабвешчаная каменданцкая гадзіна ўвечары.

Самае жахлівае з усяго гэтага тое, што за нейкіх пару дзён пасля выбараў горад змяніўся, а гараджане пачалі адчуваць сябе як быццам ва ўмовах акупацыі. З’явіліся забароненыя для адпачынку месцы, нечаканыя аб’езды гарадскіх аўтобусаў і расповеды пра арыштаваных, міліцэйскія дроны і хуткую дапамогу, дзе сядзяць амапаўцы. Бацькі сталі баяцца выпускаць дзяцей у горад, асабліва ў цэнтр.

У размове пры сустрэчы і ў чатах пераказваюцца чуткі пра збіццё моладзевых кампаній у розных мікрараёнах – напрыклад на Усходнім, дзе падлеткаў перед затрыманнем збілі на горкі яблык «касманаўты», а аднаго потым кінулі ляжаць на зямлі. Шырацца гісторыі пра непаўнагадовых падлеткаў, якіх амаль суткі трымалі за кратамі, не паведамляючы аб тым бацькам. Здымкі збітых дубінкамі дзяцей мы размяшчалі ўжо на нашым сайце. Жах бярэ ад расповедаў падлеткаў, якіх перад варотамі следчага ізалятара прагналі праз строй супрацоўнікаў МУС з дубінкамі. «Я сказал милиционеру, что мне только 13 лет, а он со всей силы ударил дубинкой мне в живот». Як спіцца таму міліцыянту пасля таго вечара? Ці, можа, ён з пяшчотай пацалаваў свайго сына, вярнуўшыся са сваёй кіпучай небяспечнай працы?

Зайшоў сёння ў краму і пачуў, як чацвёра падлеткаў, гадоў 15, абмяркоўвалі свае прыгоды: «Само стрёмно было Сане – он первый входил в камеру».

18-гадовы сын майго сябра ў ноч на 13 жніўня выйшаў ад дзяўчыны дахаты, але так і не вярнуўся да бацькоў. Знайшоўся ён на наступны дзень у следчым ізалятары. Як сказалі сябру – сын быў затрыманы на 72 гадзіны. За што і дзе яго «ўзялі» – так і не паведамілі. Сказалі толькі, што 14 жніўня будзе суд і, маўляў, спадзяванняў на нейкае апраўданне можна не чакаць. Маўляў, рыхтуйцеся да 10–15 сутак. Паседжанне ж будзе адбывацца не ў судзе, а адразу ў следчым ізалятары – вельмі шмат людзей, няма як усіх прывезці ў прыгожы новы будынак суда.

14-гадовая дачка другога знаёмага была ў гасцях у сяброўкі, у прыватным доме на Брэсцкай. Дзяўчыты а 21-й гадзіне гулялі на падворку і чамусьці захацелі выйсці на вуліцу. Калі яны былі недалёка ад брамкі, да іх пад’ехаў бус, адкуль выскачыла некалькі «касманаўтаў». Пачаўся хапун. Дачка гаспадара дома была схоплена і закінута ў бус, а дачцэ маёго знаёмага пашчасціла вырвацца і забегчы ў дом. Без аднаго кеда і з крывавымі плямамі на назе.

Падобныя гісторыі цяпер пераказваюць адзін аднаму шмат хто з гараджан. Дзясяткі падлеткаў і моладзі раптоўна сталіся злачынцамі, ізаляванымі ад грамадства. Як жа мы жылі сярод такіх нашых дзяцей столькі год? Ці будуць верыць тыя дзеці пасля такога міліцыі? Ці ў іх застанецца ў душы толькі страх? Бацькі ж дзяцей таксама запалоханыя і баяцца пісаць скаргі ў пракуратуру.

Цэнтр горада пасля 18 гадзін цяпер застаецца пустым – там пануюць толькі супрацоўнікі МУС у поўнай экіпіроўцы. Мясцовыя жыхары баяцца туды заходзіць. Гэта бачна па роліку, знятым увечары 12 жніўня з вокнаў дома на плошчы.

Калі глядзіш шматлікія відэа з маршам па вуліцы Камсамольскай людзей ў шчытах, у вушах адразу гучыць музыка з «Зорных войнаў». Чаму ніхто не каментуе разгром больш за дзясятак аўтамабіляў, што стаялі прыпаркаваныя каля дамоў? Іх не трушчылі пратэстоўцы, але менавіта супрацоўнікі сілавых ведамстваў. Гэта добра відаць на шматлікіх кадрах, знятых з балконаў дамоў самімі гараджанамі.

Як гэта здарылася? Чаму нечакана наш спакойны горад ператварыўся ў месца асаблівай небяспекі, куды дасылаюць сілавікоў з іншых рэгіёнаў? Хто адкажа, навошта вечарам 9 жніўня ў цэнтры горада пачалі выкарыстоўваць выбуховыя гранаты і газ? Страляць гумовымі кулямі па людзях? Можа, людскі тлум быў такі небяспечны, што крушыў крамы і вітрыны ў той час? Нападаў на простых людзей і прадстаўнікоў улады? Ці дачакаемся мы адказу ад кіраўніцтва ГАУС, як ўлічвалася выкарыстанне газу ў горадзе? Ці прадбачылі сілавікі, што ў суседніх дамах жывуць людзі, у адкрытыя форткі якіх пагоніць слезацечны газ, а асколкі ад гукавых гранат пачнуць разлятацца і калечыць не толькі пратэстуючых, але і навакольныя аб’екты?

За гэтыя некалькі дзён у вачах многіх гараджан прэстыж супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў і, наогул, уладаў, быў проста растаптаны ўшчэнт. Растаптаны некалькімі ўзмахамі дубінкі, некалькімі кінутымі гранатамі, некалькімкі гумовымі кулямі, разбітымі аўто і затрыманнем на прыступках аўтобуса непаўнагадовых падлеткаў.

Уся тая крапатлівая праца, што вялася ГАУС па выбудове даверу да міліцыянтаў – проста выкінута ў сметніцу. Гэта, на жаль, яшчэ шмат год будзе кепска адбівацца на стаўленні простых грамадзян нават да тых супрацоўнікаў МУС, што сапраўды годна выконваюць свой прафесійны абавязак. Цалкам верагодна, што апошнія падзеі прывядуць да сыходу такіх людзей гонару з органаў.

Руслан Равяка, intex-press.by

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках