20 красавiка 2024, Субота, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У аўтазаку і РУУС быў тройчы збіты 14-гадовы школьнік

26
У аўтазаку і РУУС быў тройчы збіты 14-гадовы школьнік

Цяпер яму не выдаюць накіраванне на судмедэкспэртызу.

Як распавёў Мікіта сям'і, за сем гадзінаў затрымання яго тройчы збілі: спачатку білі «людзі ў зялёнай форме», пасля білі аўтазаку і ў Цэнтральным РУУС. Як і іншых затрыманых, падлетка прымушалі крычаць «Я люблю АМАП. Слава АМАПу», піша tut.by. Цяпер блізкія Мікіты хочуць прыцягнуць да адказнасці тых, хто яго збіў, але праз загружанасць у міліцыі падлетку не даюць накіраванне на судова-медыцынскую экспэртызу.

«Восем гадзін мы праляжалі ва ўнутраным дворыку міліцыі, нас было амаль 100 чалавек. Спаць немагчыма, вакол цябе ўвесь час ходзяць, не так рассунуў ногі - б'юць кірзавымі ботамі ў пах. Б'юць так, што потым ты дакладна ногі ўжо не ссунеш. Правяралі асабістыя рэчы, у 14-гадовага хлопца знайшлі малаток у заплечніку, за гэта яго білі гадзіну. Гэта была цяжкая ноч. Білі ўсіх. Раніцай паставілі да сцяны, мы замярзалі, прасілі, каб дазволілі прысядаць, так станавілася цяплей», - так, што адбываецца ў Цэнтральным РУУС Менска апісваў затрыманы Аляксандр.

Журналісты адшукалі сям'ю 14-гадовага Мікіты, у інтарэсах дзіцяці змянілі ягонае імя, але ўсе звесткі ёсць у рэдакцыі. Увечары 11 жніўня школьнік быў на акцыі салідарнасці каля станцыі метро «Пушкінская» і там жа быў затрыманы а 22.10.

- Кім менавіта, ён не ведае, кажа, гэта былі «людзі ў зялёнай форме». Брат адразу сказаў, што яму 14 гадоў, калі саджаюць у аўтазак, пытаюцца прозвішча, імя, дату нараджэння і адрас прапіскі, - расказвае сястра хлопца Наталля. - Мікіту білі пры затрыманні, у аўтазаку і ў Цэнтральным РУУС. Але я хачу адзначыць: малаток у заплечніку ў яго знайшлі толькі пры аглядзе рэчаў у РУУС. Убачылі і раззлаваліся. У заплечніку знайшлі гамбургер, медыцынскія маскі, бінты, сурвэткі і ваду.

Калі вечарам сям'я не змагла датэлефанавацца да Мікіты, стала набіраць 102, там дапамагчы не змаглі. А 5-й раніцы з Цэнтральнага РУУС пачуўся званок, паведамілі: трэба прыехаць і забраць падлетка. На той момант прайшло ўжо 7 гадзін.

- У брата глыбокія раны на каленях, локцях, сляды на лбе і падбародку - гэта усё ад паставы, у якой ён доўга стаяў. Іх апускалі на калені, рукі за спіной або за галавой, тварам у асфальт. Яшчэ сляды ад дубінак на ягадзіцах, спіне, нагах, а на руцэ аддрукаваліся чужыя пальцы, мабыць, яго ўтрымлівалі, - Наталля пералічвае траўмы школьніка. - Брат сказаў, што пабываў у пекле, самае страшнае было стаяць на каленях у гэтай позе. У аўтазаку іх прымушалі спяваць гімн, крычаць «Я люблю АМАП. Слава АМАПу», пыталіся ў яго: «За каго, з..., будзеш галасаваць?». Яму ж 14 гадоў! Калі мама прыехала забіраць Мікіту з РУУС, ёй вынеслі падпісаць нейкі пратакол, копію не далі. З таго, што яна запомніла, там было ўказана: Мікіта ўдзельнічаў у «антыўрадавым мітынгу». Сказалі, ніякія дакументы маме на працу не пойдуць, у школу таксама, толькі трэба прынесці характарыстыку.

Са слоў Наталлі, сям'я ўжо звярталася ў Следчы камітэт з пытаннем аб праходжанні судова-медыцынскай экспэртызы, там адправілі ў РУУС па месцы жыхарства.

- Адказалі, што цяпер усе занятыя, трэба тэлефанаваць пасля 19 жніўня і, маўляў, не варта хвалявацца, пабоі не сыдуць. Мы сфатаграфавалі ўсе траўмы і звярнуліся да траўматолага, каб усё зафіксаваць. Хочам прыцягнуць да адказнасці тых, хто біў брата, - дадае Наталля. - Калі хтосьці быў відавочцам таго, што адбывалася з Мікітам пасля затрымання, мы просім адгукнуцца.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках