19 красавiка 2024, Пятніца, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Ціханоўская і каманда правялі масавы мітынг у Баранавічах (Анлайн, відэа)

14
Святлана Ціханоўская і каманда правялі масавы мітынг у Баранавічах (Анлайн, відэа)
Фото: intex-press.by

(Абноўлена) У Парку культуры і адпачынку па вуліцы Камсамольскай сабралася больш за 8 тысячаў чалавек.

Сёння, 2 жніўня, кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская з прадстаўніцамі штаба Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай правялі легальны агітацыйны мітынг у Баранавічах.

Мітынг прайшоў у Парку культуры і адпачынку імя 30-годдзя ВЛКСМ (Малады парк) па вуліцы Камсамольскай.

12.09 Анлайн-рэпартаж скончаны. Дзякуй, што былі з намі! Баранавічы, вы – супер! Жыве Беларусь!

12.07 Наступны мітынг Святлана Ціханоўская і каманда правядуць у Берасці а 14-й. Месца збору – прысады ля сцэнічнай пляцоўкі ў парку імя Воінаў-інтэрнацыяналістаў (вул. Маскоўская).

12.00 Людзі праводзяць кандыдатку ў прэзідэнты з камандай авацыямі. Святлану Ціханоўскую акружылі яе прыхільнікі, людзі робяць сэлфі, просяць у яе аўтограф. "Святлана, можна да вас дакрануцца? Вы малайчына, вы самая смелая", – кажуць людзі. Многія падносяць да кандыдаткі ў прэзідэнты сваіх маленькіх дзяцей. Атмасфера ўзрушае!

11.59 Мужчыны падымаюцца на сцэну, цалуюць рукі Святлане Ціханоўскай і прадстаўніцам штаба.

11.58 Прадстаўнікі розных канфесій падарылі Святлане Ціханоўскай і штабу абразы. "З намі Бог!" – скандуюць людзі.

11.57 Святлане Ціханоўскай і штабу падарылі карціну, дзе тры смелыя жанчыны намаляваныя ў выглядзе "супервумен".

11.55 "Сёння не толькі дзень ПДВ, але і дзень чыгуначніка. Баранавічы – міжнародны чыгуначны вузел. Дзякуй вам за вашу працу", – кажа Святлана Ціханоўская. Людзі пляскаюць у далоні. "Сябры, памятайце словы Сяргея Ціханоўскага: толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця!" – кажа Святлана Ціханоўская.

11.53 Людзі разам з кандыдаткай у прэзідэнты і штабам скандуюць "Верым! Можам! Пераможам!", "Баранавічы – наперад!", "Дзякуй!", "Міліцыя – з народам!".

11.51 Святлана Ціханоўская разам са штабам і 8 тысячамі чалавек спяваюць "Разбуры турмы муры".

11.49 На мітынгу вельмі шмат байцоў-дэсантнікаў. З днём ПДВ! Эліта арміі – з народам!

11.45 Маргарыта Ляўчук выконвае знакаміты хіт Лявона Вольскага "Простыя словы".

11.43 Гучыць беларускі варыянт гімна Ave Maria.

11.41 На мітынгу ў Баранавічах – нечаканка. Перад людзьмі выступаюць піяніст-віртуоз Канстанцін Гарачаў і знакамітая оперная спявачка Маргарыта Ляўчук.

11.40 Вядоўца нагадаў пра палітвязняў. Людзі скандуюць "Свабоду!".

11.38 Людзі скандуюць "Любім! Можам! Пераможам!", гучаць авацыі.

11.37 "Для нас Святлана – гарант пераменаў. Падтрымайце яе на выбарах!" – кажа Вераніка Цапкала. "Света! Света! Света!" – скандуюць людзі.

11.28 Вераніка Цапкала расказвае, як Лукашэнка раздае беларускую нерухомасць, актывы і зямлю сумнеўным замежным дзялкам. А сярэдні заробак у Баранавічах – 150–200 даляраў. "Ганьба!" – скандуюць людзі.

11.27 На мітынгу ўжо блізу 8 тысячаў чалавек.

11.23 Выступае Вераніка Цапкала: "Баранавічы, у вас сёння горача ва ўсіх сэнсах! Мой родны дзядзька шмат гадоў служыў у ПДВ. Ваш дэвіз – ніхто, акрамя вас! Дзякуй вам! Мы вамі ганарымся".

11.19 "У рэжыму няма ні смеласці, ні грошай! Расказвайце ўсім, што нельга датэрмінова галасаваць. Нас – большасць! Разам – мы сіла! Мы – пераможам!" – кажа Марыя Калеснікава. Гучаць авацыі і воклічы "Маша! Маша! Маша!".

11.18 "Бразгатлівая калымага ўлады развальваецца на часткі!" – кажа Марыя Калеснікава. Гучаць авацыі. "Малайчына!" – крычаць людзі.

11.17 "Дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці гэтую ўладу!" – шматтысячны натоўп падхоплівае знакаміты лозунг.

11.16 "Усё толькі пачынаецца. Мы атрымліваем задавальненне ад пераменаў. Мы змяніліся – і гэта назаўсёды!" – кажа Марыя Калеснікава. "Так!" – крычаць людзі.

11.15 Праваабарончая арганізацыя "Вясна" налічыла блізу 7,5 тысячаў чалавек на мітынгу ў Баранавічах.

Фото: intex-press.by

11.14 "Моц – у самым народзе!" – кажа Марыя Калеснікава. Людзі пляскаюць у далоні.

11.13 "Дзяўчаткі, мы з вамі!" – крычаць людзі. "А мы – з вамі", – адказвае Марыя Калеснікава.

11.12 На сцэну паднялася дзяўчынка-падлетак і абняла адну за адной Марыю Калеснікаву і Святлану Ціханоўскую. "Замест тысячы словаў", – кажа вядоўца мітынгу. Людзі пляскаюць у далоні.

11.10 "Я – шчаслівая. Нас натхняюць вашыя палымяныя вочы. Мы бачым, што Беларусь змянілася. Дзякуй вам!" – кажа Марыя Калеснікава. Гучаць авацыі.

11.08 Марыя Калеснікава ў пачатку выступу дзякуе героям нашага часу – лекарам, якія змагаюцца з каранавірусам. "Улада хавае ад нас праўду", – кажа яна. "Пасля выбараў разбярэмся", – крычаць людзі. "Шмат вашых прадпрыемстваў стратныя, а ўлада толькі хаміць і прымушае мыць асфальт перад сваім прыездам", – кажа Калеснікава. "Ганьба!" – крычаць людзі.

11.05 Баранавічы прыгожыя! Людзі творча падышлі да ўдзелу ў мітынгу. Паглядзіце, якая разнастайнасць плакатаў.

11.02 "Мяне бянтэжыць, што вы мяне так горача вітаеце. Я – такая самая, як і вы. Дзякуй, што паверылі мне. Будзьце ўпэўненыя – я пайду да перамогі", – кажа Святлана Ціханоўская. "Вы – класная!" – крычаць людзі. Гучаць авацыі. Людзі скандуюць "Света! Света! Света!".

10.59 "Усе цяпер хочуць дапамагаць адно аднаму. І ў гэтым наша сіла!" – кажа Святлана Ціханоўская. Людзі радуюцца.

10.55 Амаль кожная фраза Святланы Ціханоўскай выклікае магутныя авацыі. Атмасфера на мітынгу – узрушвае. Людзі скандуюць "Мы разам!".

10.50 Святлана Ціханоўская: "Забудзьцеся слова "калі б"! КАЛІ я стану прэзідэнткай Беларусі, я вызвалю палітзняволеных, правяду рэферэндум, які абмяжоўвае тэрмін прэзідэнта, праз паўгода правяду новыя, сумленныя, адкрытыя выбары". Людзі сустракаюць яе словы авацыямі, скандуюць "Верым! Можам! Пераможам!".

10.47 Людзей так шмат, што сцэны амаль не відаць.

10.41 "Слова ўлада мне непрыемнае. У нас найвышэйшая ўлада ў краіне – гэта народ. Вы ўсе – улада", – кажа Святлана Ціханоўская. Людзі радуюцца, гучаць авацыі.

10.40 Святлана Ціханоўская расказвае гісторыю свайго мужа, блогера Сяргея Ціханоўскга. "Сярога мужык!" – крычаць людзі.

10.35 Выступае Святлана Ціханоўская: "Сёння – вялікае свята, дзень ПДВ. Дарагая крылатая пяхота, са святам вас. Вы – нашы героі, нашы абаронцы. Вы – частка арміі, а калі войска служыць народу, народ яму вельмі ўдзячны. Мы хочам вамі ганарыцца. Дапамажыце нам. Зрабіце так, каб мы вамі ганарыліся". Людзі пляскаюць у далоні.

10.32 Баранавіцкі актывіст Мікола Чарнавус-старэйшы выйшаў на сцэну ў нацыянальнай вопратцы з караваем і вышытым ручніком. Так Святлану Ціханоўскую і штаб яшчэ не сустракалі.

10.31 Людское мора вітае Святлану Ціханоўскую.

10.29 Гучыць песня "Разбуры турмы муры".

10.26 Святлана Ціханоўская з'явілася ў парку. Людзі зладзілі жывы калідор, захоплена скандуюць "Света! Света! Света!".

10.23 Перад землякамі выступіў экс-супрацоўнік МУС з Баранавічаў, які заклікаў людзей абараняць свае галасы на выбарах.

10.22 Людзей вельмі шмат, настрой прыўзняты.

10.16 Моладзь у Баранавічах: наша будучыня.

10.15 У Баранавічах ужо горача! Людзі ўсё прыбываюць.

10.12 Паглядзіце на гэтае чалавечае мора ў Баранавічах! Відэа ад "Нашай Нівы".

10.11 Раніца выхаднога дня, а да сцэны ў Баранавічах ўжо цяжка падступіцца. На мітынгу ўжо некалькі тысячаў чалавек.

10.10 У людзей святочны настрой, са сцэны гучыць музыка.

10.09 На галоўных прысадах парку сабралася ўжо блізу тысячы чалавек.

10.02 Каардынатар "Хуткай дапамогі", знаходзячыся на службе, прыбыў на мітынг у кепцы з знакамі аб'яднанага штаба Святланы Ціханоўскай. Дзяржслужбоўцы ўжо адкрыта пераходзяць на бок народнай кандыдаткі.

10.00 "Патрэбныя змены ў краіне. З Лукашэнкам дакаціліся ўжо да ручкі", – кажа жыхар Баранавічаў.

9.59 Людзі ідуць у парк з усіх бакоў. Хутка будзе няма дзе стаць, а людзі ўсё прыбываюць і прыбываюць.

9.55 Людзі ўсё прыбываюць і прыбываюць.

9.40 За 20 хвілінаў да пачатку мітынгу ў парку сабралася мноства людзей.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках