16 красавiка 2024, aўторак, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Курэйчык: Спадзяюся, што мы зможам неўзабаве адхіліць дыктатара

10
Андрэй Курэйчык: Спадзяюся, што мы зможам неўзабаве адхіліць дыктатара
Андрэй Курэйчык

Тысячы беларусаў ператварыліся ў смелых рыцараў Лансэлотаў.

30 ліпеня ў Менску прайшоў масавы мітынг у падтрымку кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. На працягу некалькіх наступных дзён на сустрэчы з кандыдаткай у прэзідэнты ў кожным горадзе прыходзіла рэкордная для яго колькасць чалавек: 15 тысяч - у Гародні, 10 тысяч - у Баранавічах, 20 тысяч - у Берасці.

Сваімі ўражаннямі пра сітуацыю ў Беларусі з сайтам Charter97.org падзяліўся вядомы беларускі рэжысёр Андрэй Курэйчык, які выступіў на 70-тысячным мітынгу ў Менску і які пажадаў, каб пасля 9 жніўня ў нас быў новы прэзідэнт:

- Гэта быў мой дэбют, першы выступ на мітынгу. Я вельмі хваляваўся. Меў неймаверныя эмоцыі праз тое, што такая велізарная колькасць людзей падтрымлівае перамены, якія мы ўсе чакаем у нашай краіне. Я спадзяюся, што ў мяне ўсё выйшла.

Я думаю, што канкрэтна гэты мітынг быў унікальны, бо гэта было самы масавы мірны выступ грамадзян за апошнія дзесяць гадоў. Яшчэ адыграла ролю неймаверная атмасфера, якая стваралася не на нянавісці, пачуцці крыўды ці болю, а на салідарнасці, любові і веры ў будучыню нашай краіны.

- Што адбылося ў нашым грамадстве? Чаму беларусы амаль кожны дзень усталёўваюць рэкорды ў колькасці людзей на мітынгах у сваіх гарадах?

- Дзякуй Богу, гэтая ўлада прапусціла той момант, калі новае пакаленне беларусаў прачнулася і проста пачало расці як грамадзяне. Уся прапаганда заўсёды была накіраваная на тое, каб не даць людзям вырасці ў грамадзян, якія самастойна і свабодна распараджаюцца сваёй воляй і маюць выразную і спелую пазіцыю. Нас заўсёды хацелі зрабіць нейкімі прыгоннымі сялянамі.

І раптам у адзін момант высветлілася, што велізарная колькасць людзей неяк незаўважна для ўлады дарасла да ўзроўню ўласнай грамадзянскай пазіцыі. Цяпер дзейнічае не толькі актыўная палітычная эліта, але і самыя звычайныя людзі раптам усвядомілі сябе кіраўнікамі сваёй краіны. Цяпер яны патрабуюць перадаць ім права на гэта кіраванне.

- З чым можна параўнаць абуджэнне беларускага народа летам 2020 году?

- Цікавячыся гісторыяй, я ведаю, што ніякая дыктатура не бывае вечнай. Яна па-рознаму заканчваецца: але ні адна дыктатура за апошнія паўтара стагоддзя не была вечнай.

Я б параўнаў гэта з тым, што адбывалася ў Чылі ў 1988 годзе. Тады Аўгуста Піначэт нечакана для сябе, кантралюючы ўсе дзяржаўныя СМІ, маючы ваеншчыну ў сябе ў кулаку, у рэальнасці саступіў рэферэндум свайму даверу. Тое, што ў нас цяпер адбываецца - гэта не выбары прэзідэнта. Гэта, фактычна, вотум недаверу да ўлады. Святлана Ціханоўская не збіраецца доўга заставацца прэзідэнтам, будуць новыя выбары, на якіх мы будзем выбіраць легітымнага кіраўніка дзяржавы.

А цяпер гэта - вотум недаверу, тое ж, што было ў Чылі ў 1988 годзе. Дык вось, пасля тых падзей, Піначэт пратрымаўся ва ўладзе яшчэ нейкі час, але пад ціскам грамадства неўзабаве быў вымушаны сысці. Я вельмі спадзяюся, што нам не спатрэбіцца на гэта два гады, як чылійцам, што ў нас усё адбудзецца значна хутчэй.

- На мітынгу 30 ліпеня вы назвалі Сяргея Ціханоўскага Лансэлотам, а Святлану - яшчэ адным рыцарам. У чым яшчэ падабенства сітуацыі ў Беларусі з фільмам «Забіць дракона»?

- У гэтым фільме таксама паказваецца шлях абуджэння народа. Праблема і савецкага рэжыму, і нацысцкага, і практычна ўсіх дыктатур у тым, што ўлада выдае маўчанне людзей за сваю падтрымку. Прымушаючы людзей маўчаць, улада кажа, што яны яе нібыта «падтрымліваюць». І ў фільме, і ў жыцці наша задача - паказаць, што нават калі чалавек пакуль маўчыць, гэта не значыць, што ён падтрымлівае ўладу. Хутчэй за ўсё, наадварот - ён будзе супраць дыктатара.

Такіх людзей, якія могуць у голас гэта казаць, такіх рыцараў Лансэлотаў, становіцца ўсё больш. Як бачыце, гэта не абмежавалася Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыкам або Валерыем Цапкалам. З'явіліся тры цудоўныя жанчыны, а з імі і тысячы беларусаў, кожны з якіх цяпер з'яўляецца такім жа Лансэлотам, які забівае дракона ў нашай краіне.

- Ці хацелася б вам зняць фільм пра мітынгі гэтага лета ў Беларусі? Як бы ён называўся?

- Мне б хацелася зняць фільм пра каханне. Пра тое, як выдатная жанчына ўзяла на сябе тую ношу, якую нёс муж, і перамагла сістэму. Гэта тое, што цяпер адбываецца са Святланай. Гэтую гісторыю я б зняў з задавальненнем.

Я б назваў гэты фільм «Любоў перамагае ўсё». Таму што так і ёсць напраўду.

- Вы пажадалі, каб 9 жніўня ў нас быў новы прэзідэнт...

- 9 жніўня ў нас, нармальных беларусаў, вядома ж, будзе новы прэзідэнт - гэта абсалютна так. Як і для нармальных венесуэльцаў нармальны прэзідэнт - гэта не узурпатар Мадура, а законна абраны Хуан Гуайдо.

Мы разумеем, што сістэма, вядома ж, будзе супраціўляцца волевыяўленню людзей. Гэты супраціў сістэмы запатрабуе найперш нязгоды і дзеянняў з боку людзей, якія абралі новага прэзідэнта.

Тут мне цягка прагназаваць, як гэта пойдзе тактычна, але стратэгічна - усё адно, у кожным выпадку перамога будзе за народам. Тут мае рацыю Марыя Калеснікава, якая кажа, што калі абсалютная большасць пачынае пратэставаць і выяўляць у разнастайных формах сваю нязгоду, то сістэма нічога не зможа гэтаму супрацьпаставіць.

- Як, на вашу думку, павінен выглядаць апошні рывок да перамогі?

- Спачатку, гэта самае галоўнае, мы павінны дасягнуць кансенсусу ў грамадстве наконт таго, што мы мяняем гэтую ўладу. Колькасць людзей, якія больш-менш актыўна выказваюць сваю нязгоду з гэтай уладай, павінна быць сотні тысяч і нават мільёны.

Для гэтага ў нас да 9 дня жніўня ёсць час, каб даносіць да тых, хто яшчэ альбо не вызначыўся, альбо баіцца, альбо нават працуе ў сістэме, наш пункт гледжання. Калі ў нас будзе такая большасць, то далей ужо ўсялякая форма развіцця пратэсту прывядзе да поспеху. Я ў гэтым не спецыяліст, але я падтрымліваю абсалютна ўсялякую форму пратэстаў, якая прывядзе да нашай агульнай перамогі.

- Як вы думаеце, наколькі моцна натхніць беларусаў перамога над дыктатурай? Ці дадуць гэтыя эмоцыі штуршок да імклівых пераўтварэнняў?

- Вядома, цяпер шмат якія праблемы ў Беларусі, у тым ліку эканамічныя, звязаныя з адсутнасцю ў людзей адчування якіх-небудзь перспектыў пры гэтай уладзе. Нават калі добрае надвор'е, праз гэта ў нас на душы ляжыць камень. Як толькі мы гэты камень скінем, мы зможам у самыя кароткія тэрміны зрабіць рывок да ўзроўню Польшчы або Літвы. Гэта адбудзецца проста за кошт таго, што мы будзем адчуваць сябе свабоднымі людзьмі ў сваёй краіне, якую мы пачынаем ствараць, фактычна, зноўку.

Узгадайце, пасля вайны ў Нямеччыне былі ФРГ і ГДР - свабодная і несвабодная краіна. Ёсць таксама Паўднёвая і Паўночная Карэі пасля вайны на Карэйскай паўвыспе. Дык вось, нягледзячы на тое, што войны аднолькавым чынам прайшліся па ўсіх частках гэтых краін, мы бачым з якой хуткасцю аднавіліся ФРГ і Паўднёвая Карэя. Проста таму што гэта былі свабодныя краіны, якія імкнуліся пабудаваць свой дом. І з другога боку, мы бачым, як крыва і коса развіваліся краіны, дзе былі ўсталяваныя дыктатуры.

У нас ёсць усе шанцы на імклівае развіццё пасля перамогі. Самае галоўнае цяпер - аб'яднацца. Ці будзе гэта праз сістэму «Голас», ці белыя стужкі, або праз масавы выхад на вуліцы, або праз агульную песню - усё адно. Галоўнае - быць разам.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках