19 красавiка 2024, Пятніца, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Economist: Стасункі паміж ЗША і Кітаем уступаюць у небяспечны перыяд

2
The Economist: Стасункі паміж ЗША і Кітаем уступаюць у небяспечны перыяд

Канкурэнцыя паміж краінамі нагадвае «халодную вайну».

Стасункі паміж ЗША і Кітаем сёння знаходзяцца на мяжы сур'ёзнага канфлікту. Вядома, гэта яшчэ не сведчыць пра пачатак збройнага супрацьстаяння, але пакуль краіны зусім не давяраюць адна адной, піша часопіс The Economist (пераклад - "Зеркало недели. Украина").

Закрыццё амерыканскага консульства ў Чэнду было кітайскай помстай пасля таго, як адміністрацыя прэзідэнта ЗША загадала зачыніць кітайскае консульства ў Х'юстане, санкцыі, якія ўвялі Злучаныя Штаты супраць чальца Камуністычнай партыі Кітая, пазбаўлення Ганконга асаблівага статусу - усё гэта можа прывесці да сур'ёзных наступстваў.

Зараз супрацьстаянне паміж краінамі нагадвае сапраўдную «халодную вайну». Справакавалі гэтую «вайну» чатыры выказванні ўплывовых асобаў з найбліжэйшага атачэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

26 чэрвеня дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Робэрт О'Браэн заявіў аб тым, што лідар Кітая Сі Цзіньпін уважае сябе за пераемніка Сталіна.

7 ліпеня дырэктар ФБР Крыстафер Врай сказаў, што Кітай імкнецца стаць сусветнай «звышдзяржавай», атрымаць неабмежаваную ўладу і для гэтага Пекін гатовы выкарыстаць усе неабходныя сродкі. Таксама ён нагадаў аб шпіянажы з боку кітайскага ўрада.

17 ліпеня генеральны пракурор ЗША Уільям Бар назваў галівудскія кінастудыі і некаторыя амерыканскія тэхнічныя гіганты - «пешкамі кітайскага ўплыву».

А 23 ліпеня дзяржаўны сакратар Майк Пампэа заявіў аб тым, што лідар Кітая Сі Цзіньпін вёў барацьбу за глабальнае вяршэнства цягам цэлага дзесяцігоддзя і заклікаў дэмакратычныя краіны свету спыніць «кітайскую тыранію».

ЗША так і не распрацавалі рэальнай стратэгіі для супрацьстаяння Кітаю. Парушэнне правоў уйгураў і новы закон аб нацыянальнай бяспецы Ганконга патрабуюць больш жорсткай рэакцыі ад свету, а не простага назірання. «Тэрытарыяльныя амбіцыі» Кітая і напружаныя стасункі краіны з уласнымі суседзямі таксама выклікаюць неспакой. Відавочна, што Пекін сапраўды пачынае пераймаць СССР. Калі ўлічыць даволі агрэсіўную замежную палітыку кітайскага ўрада, то можна выказаць здагадку, што прамовы паплечнікаў Трампа з'яўляюцца праўдзівымі.

Але іх выступы толькі паказваюць стаўленне да Кітаю, а не ствараюць стратэгію. Яны фармулююць пераканаўчыя аргументы, якія могуць стаць штуршком да рэакцыі ў адказ, але пра канкрэтныя справы ў іх не гаворыцца.

Прэзідэнт ЗША мог бы распрацаваць дзейсную стратэгію для барацьбы з канкурэнтам. Але, грэбаванне Дональда Трампа дэмакратычнымі хаўруснікамі і ягоная сімпатыя да лідарскіх якасцяў Сі Цзіньпіна сведчаць толькі пра ягоную нерашучасць да сапраўдных учынкаў. Ён востра крытыкуе дзеянні кітайскага ўрада датычна COVID-19, але напраўду прэзідэнта цікавіць толькі ўласнае перавыбранне на наступны тэрмін.

На працягу наступных месяцаў стасункі паміж ЗША і Кітаем будуць толькі пагаршацца. З набліжэннем выбараў, прэзідэнта Трампа можна было б пераканаць выкарыстоўваць больш «крытычныя» дзеянні, напрыклад, фінансавыя санкцыі супраць кітайскіх банкаў у Ганконгу. Але няправільная палітыка і памылковыя пастановы могуць прывесці да рэальнай небяспекі, рэзюмуе часопіс.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках