16 красавiка 2024, aўторак, 23:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кар'ерны» спад: У БелАЗа сур'ёзныя праблемы

2
«Кар'ерны» спад: У БелАЗа сур'ёзныя праблемы

Горназдабыўная галіна адчула «недамаганне».

Паводле вынікаў першага паўгоддзя БелАЗ заявіў пра павелічэнне дзелі паставак за межы СНД у структуры экспарту: яна дасягнула 39,9%, што на 31,8 п. п. больш, чым за аналагічны перыяд 2019 года, і стала максімальнай за ўсю гісторыю. Аднак у цэлым гэты год для збыту прадпрыемства складваецца няпроста, бо сусветная горназдабыўная галіна адчула «недамаганне» яшчэ да пандэміі каранавірусу, піша сайт «Беларусы і рынак».

Прэс-служба прадпрыемства паведаміла, што ў 2020 годзе сярэднямесячная адгрузка ў краіны далёкага замежжа дэманструе другі паказнік у гісторыі пасля 2011 года. Усяго экспарт за межы СНД ішоў у 14 краінаў. У структуры паставак унутраны рынак складае 10,5%, Расея – 37,4%, іншыя краіны СНД – 12,2%.

Разам з тым паказнікі экспарту ў цэлым, хутчэй за ўсё, будуць ніжэйшыя за леташнія. Звесткі афіцыйнай статыстыкі паказваюць, што ў студзені – красавіку пастаўкі за мяжу аўтамабіляў-самазвалаў, прызначаных для эксплуатацыі ва ўмовах бездарожжа, скараціліся на 62%, да 124 адзінак. У вартасным выразе скарачэнне склала 62,2%, да 86,15 млн даляраў, а сярэдні кошт адзінкі тэхнікі ўпаў на 16,5%, што можа адлюстроўваць змены ў грузападымальнасці самазвалаў.

Трэба адзначыць, што пра зніжэнне попыту на звышцяжкую і дарагую тэхніку сведчаць і звесткі БелАЗа. Паводле вынікаў першага паўгоддзя сярэдняя грузападымальнасць прададзенага сёлета кар'ернага самазвала склала 100 т. Для параўнання: паводле вынікаў 2019 года прадпрыемства заяўляла пра сярэднюю грузападымальнасць 123 т, а ў топ-3 катэгорый знаходзіліся машыны класаў 110–130, 220–240 і 45 т.

Сёлета структура рэалізацыі змянілася: на дзель класу грузападымальнасці 110–130 т прыходзіцца 42%, 45 т – 19% і 55–60 т – 11%.

Рост дзелі паставак за межы СНД ідзе ў асноўным за кошт скарачэння попыту з боку расейскіх кампаній. Яны закончылі цыкл актыўнага абнаўлення тэхнікі. Так, у студзені – красавіку пастаўкі самазвалаў у Расейскую Федэрацыю ў параўнанні з мінулым годам упалі ў чатыры разы, да 54 адзінак. Акрамя таго, павелічэнню дзелі паставак за межы СНД спрыяў кантракт з Індыяй на 77 машынаў грузападымальнасцю 136 т. З іх 32 машыны, мяркуючы з экспартнай статыстыкі, былі адгружаныя атрымальніку за першыя чатыры месяцы.

Прастуда ў гігантаў

Складанасці, з якімі БелАЗ сутыкаецца сёлета, не з'яўляюцца ягонай лакальнай праблемай. Запаволенне актыўнасці ў горназдабыўной прамысловасці пачалося яшчэ летась. Амерыканская Parker Bay фіксуе зніжэнне свайго сусветнага індэксу адгрузак тэхнікі і абсталявання для горназдабыўной галіны з I квартала 2019 года. У I квартале 2020-га падзенне паказніка замарудзілася. У параўнанні з папярэднім перыядам колькасць адгружанай тэхнікі знізілася на 7,5%, а ў вартасным выражэнні – на 1%. За мінулы год індэкс страціў палову свайго прыросту ў папярэднія тры гады. Кампанія таксама адзначае, што ў студзені – сакавіку зніжаліся адгрузкі менавіта кар’ерных самазвалаў, у тым час як пастаўкі іншых відаў тэхнікі павялічваліся або былі стабільнымі. Пры гэтым захоўвалася тэндэнцыя да павелічэння грузападымальнасці аўтамабіляў.

У II квартале паказчык, хутчэй за ўсё, паскорыў сваё падзенне праз карантынныя абмежаванні, зніжэнне коштаў сыравіны, якое вядзе да пагаршэння фінансавага становішча горназдабыўных кампаній, а таксама праз зніжэнне іх актыўнасці ў распрацоўцы новых радовішчаў і праектаў. Тэндэнцыя таксама зарадзілася яшчэ летась. Паводле звестак S&P, у параўнанні з 2018 годам адкрыццё новых здабыўных магутнасцяў скарацілася на траціну.

З падзеннем колькасці заказаў і выручкі сутыкнуліся і асноўныя канкурэнты беларускага аўтазавода. Caterpillar паводле вынікаў I квартала 2020 года паведаміла пра падзенне выручкі на 21%, да 10,6 млрд даляраў, а таксама пра зніжэнне аперацыйнай маржы на 3,2 п. п., да 13,2%. Прыбыткі кампаніі ад сыравіннага бізнэсу скараціліся на 24%, да 2,1 млрд даляраў. У справаздачы адзначаецца, што горназдабыўныя кампаніі аптымізуюць выдаткі праз валацільнасць коштаў на сыравіну.

З высокай верагоднасцю можна казаць пра тое, што праз каранавірус сітуацыя ў II квартале толькі пагоршылася. У красавіку Kоmatsu фіксавала зніжэнне попыту на 12–53% у залежнасці ад рэгіёну. Рост попыту захоўваўся толькі ў Кітаі. Пры гэтым кампанія таксама адзначала, што тэндэнцыя стала выяўляцца з канца 2019 года.

Komatsu дала справаздачу пра зніжэнне выручкі ў I квартале на 12,6%, да 617,4 млрд енаў (5,7 млрд даляраў).

Price Weatehouse Coopers прагназуе, што праз каранавірус 40 найбуйнейшых горназдабыўных кампаній сёлета скароцяць свае капітальныя выдаткі на 20%, іх прыбытак да падаткаабкладання знізіцца на 17%, а выручка – на 6%. Паводле звестак аналітыкаў, у красавіку больш як палова гэтых кампаній поўнасцю або часткова спыняла здабычу праз абмежаванні. Пры гэтым адзначаецца, што ў цэлым кампаніі з топ-40 перад пандэміяй мелі ўстойлівае фінансавае становішча, і яно дазволіць ім пераадолець крызіс.

На думку аналітыкаў, кампаніі вынесуць з каранакрызісу некалькі ўрокаў. Сярод іншага павысіцца значэнне аўтаматызацыі ў здабычы карысных выкапняў, кампаніі будуць імкнуцца засцерагчы свае ланцужкі паставак, аддаючы больш увагі мясцовым пастаўшчыкам. Акрамя таго, яны могуць звярнуцца да аптымізацыі працоўнай сілы, пераразмеркавання офісных функцый унутры кампаній.

БелАЗу ёсць чым адказаць на гэтыя запыты. Разам з расейскімі партнёрамі завод паспяхова прадаўжае выпрабаванні рабатызаванай тэхнікі самазвалаў і пагрузчыкаў, якія могуць працаваць пад кіраваннем аддаленага аператара. Сёлета пачатыя тэсты з выкарыстаннем сеткі сотавай сувязі пятага пакалення.

Завод таксама дыверсіфікуе свой партфель. У траўні прадпрыемства паведаміла пра паспяховае выпрабаванне ў Польшчы 60-тоннага самазвала з рухавіком, адпаведным экастандарту Еўра-5. Праект рэалізаваны разам з польскім дылерам і Volvo Penta. Такія самазвалы могуць быць запатрабаваныя на рынку Еўразвязу. У супрацоўніцтве з расейскімі заказчыкамі прадаўжаецца праца над самазваламі з газавым рухавіком.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках