23 красавiка 2024, aўторак, 12:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хопіць спаць, паўстаньце, рабскія натуры»: У Чачэрску прайшоў яркі мітынг

1
«Хопіць спаць, паўстаньце, рабскія натуры»: У Чачэрску прайшоў яркі мітынг
Фота: «Белсат»

У маленькім гарадку ў Гомельскай вобласці прайшла акцыя ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.

Чачэрск, горад у Гомельскай вобласці, стаў дзявятым горадам, куды прыехала з агітацыяй каманда давераных асобаў кандыдаткі Святланы Ціханоўскай і актывістаў ініцыятывы «Краіны дзеля жыцця». Блізу 300 чалавек (пераважная большасць – мужчыны) горача і эмацыйна віталі агітацыйныя прамовы за кандыдатку на прэзідэнцтва і эмацыйныя выступы жыхароў свайго горада, піша сайт тэлеканала «Белсат».

У пачатку мітынгу мясцовая жанчына паспрабавала расказаць прысутным пра стабільнасць у нашай краіне і годнае жыццё, запалохаць магчымай крывавай рэвалюцыяй. Але яе прамову сустрэлі варожа – прысутныя закрычалі, жанчына павінна была замаўчаць, бо праз моцны шум яе ўжо ніхто не чуў.

Самая балючая тэма для жыхароў Чачэрска – адсутнасць працы ў родным горадзе і неабходнасць пакідаць свае сем'і і ехаць на заробкі ў Расею. Людзі скардзіліся, што праз гэта руйнуюцца сем'і, дзеці растуць без бацькаў, гастарбайтары павінны паўгода жыць у дрэнных умовах без нармальнага харчавання.

Як давераныя асобы, так і жыхары горада звярталіся да чальцоў участковых камісій з просьбай не фальсіфікаваць выбары і не пазбаўляць людзей права абіраць сабе ўладу.

«Мужык-беларус сказаў: “Хопіць спаць, паўстаньце, рабскія натуры”, – сказала ў свабодны мікрафон мясцовая настаўніца. – Мы ідзем на плошчу, мы агітуем за выбары. Нельга так, каб 26 гадоў і адзін чалавек. Я адпрацавала 42 гады настаўніцай і я прашу настаўнікаў быць сумленнымі і служыць народу. Сёння краіне патрэбныя перамены».

Цягам усяго мітынгу людзі скандавалі «Пераменаў», «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь».

Шмат цёплых словаў казалі жыхары Чачэрска і пра Святлану Ціханоўскую.

«Я заклікаю жанчынаў аддаць галасы за жанчыну Святлану Ціханоўскую, – заклікала пенсіянерка. – Паглядзіце, як яна абараняе сваю сям'ю, сваіх дзяцей і свайго мужа. Так яна будзе абараняць і родную Беларусь. Яна адданая сям'і і адданая Радзіме. Святлана – гэта сімвал нашай Беларусі – Радзімы-маці».

Агітацыйны мітынг традыцыйна скончыўся супольным выкананнем песні «Муры» з запаленымі ліхтарыкамі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках