19 верасня 2020, Субота, 7:54
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Іран заніжае колькасць памерлых ад каранавірусу амаль утрая

3
Іран заніжае колькасць памерлых ад каранавірусу амаль утрая
ФОТА: ABEDIN TAHERKENAREH / EPA / TASS

Тэгеран прадаўжае фальсіфікаваць рэальныя звесткі пра эпідэмію.

У Іране ад каранавірусу памерла амаль у тры разы больш чалавек, чым кажа ўрадавая статыстыка. Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на расследаванне сваёй іранскай службы.

Звесткі, якімі валодае ўрад Ірана, паказваюць блізу 42 000 памерлых ад COVID-19 да 20 ліпеня, у той час як афіцыйна было абвешчана пра 14 405 смяротных выпадкаў.

Колькасць хворых перавышае афіцыйную статыстыку амаль удвая, сцвярджае BBC: 451 024 замест 278 827.

Паводле звестак справаздачаў і медыцынскіх запісаў, якія апынуліся ў распараджэнні BBC, першы выпадак каранавірусу ў Іране быў зафіксаваны 22 студзеня амаль за месяц да першага афіцыйна абвешчанага выпадку.

Інфармацыя была дасланая BBC ананімнай крыніцай. Яна ўключала дэталі штодзённага паступлення пацыентаў у лякарні Ірана, уключаючы імёны, узрост, пол, сімптомы, даты і тэрміны шпіталізацыі і асноўныя ўмовы, у якіх павінны ўтрымлівацца пацыенты.

Дэталі адпавядаюць звесткам пра некаторых перахварэлых на каранавірус, якія вядомыя BBC.

Разыходжанне паміж лікам памерлых паводле афіцыйнай статыстыкі і паводле атрыманых BBC запісаў адпавядае разыходжанню паміж афіцыйнымі звесткамі і разлікамі залішняй смяротнасці да сярэдзіны чэрвеня.

Крыніца, якая перадала BBC інфармацыю, сцвярджае, што зрабіла гэта, каб "праліць святло на праўду" і пакласці канец "палітычным гульням" вакол эпідэміі.