19 красавiка 2024, Пятніца, 4:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэсантнікі падтрымалі Святлану Ціханоўскую ў Петрыкаве

3
Дэсантнікі падтрымалі Святлану Ціханоўскую ў Петрыкаве
Фота: «Белсат»

У маленькім гарадку Гомельскай вобласці прагнуць пераменаў.

2 жніўня ў Петрыкаве, на Гомельшчыне, прайшоў дзясяты агітацыйны пікет за кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую на пляцоўцы побач з будоўляй ля мясцовай школы, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Адразу пасля пачатку сустрэчы было ўсяго прыблізна 50 чалавек, але вельмі хутка пляцоўка пачала запаўняцца людзьмі, прыходзілі сем'ямі, з дзецьмі, старыя і маладыя, школьнікі і пенсіянеры. Шмат хто быў апрануты ў майкі з нацыянальнай сімволікай: беларускім арнаментам і Пагоняй. Агітацыйнае мерапрыемства прыпала на Дзень дэсантнікаў, таму сярод прысутных былі і тыя, хто быў адзеты ў паласатыя цяльняшкі.

У пачатку быў невялікі выступ давераных асоб перад жыхарамі Петрыкава. На пытанні актывіста Юрыя Уласава прысутныя павінны былі адказаць «так» або «не». «Ці згодныя вы, што ў дзейнага прэзідэнта нізкі рэйтынг?», «Ці згодныя, што ўсе арыштаваныя падчас выбараў людзі знаходзяцца ў турме паводле сфабрыкаваных спраў?», «Ці згодныя вы, што альтэрнатыўных кандыдатаў пасадзілі ў турму толькі за тое, што за іх было большасць?», «Ці хапаюць у нас людзей проста так на вуліцах?», «Ці згодныя вы, што большасць беларусаў супраць цяперашняй улады і хоча новага прэзідэнта?», «Большасць беларусаў не проста жывуць, а выжываюць?», «Ці згодныя вы, што чыноўнікі будуюць сабе рэзідэнцыі і палацы за наш кошт?», «Ад каранавіруса памерла больш людзей, чым гавораць на тэлевізіі?», «Ці згодныя вы, што тэлевізія належыць у нашай краіне аднаму чалавеку?», «Ці згодныя вы, што трэба мяняць уладу ў гэтай краіне?», «Ці згодныя вы, што новым прэзідэнтам павінна быць Святлана Ціханоўская?». На ўсе пытанні людзі дружна выкрыквалі «Так».

Падчас вольнага мікрафона жыхары Петрыкава дзяліліся сваімі думкамі і меркаваннямі з нагоды выбараў.

«Кажуць у ЦВК, што няма грошай, каб камеры паставіць на участках, - выступае малады мужчына. - Ды калі ў нас з кожнага слупа ў рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Ляскавічах зняць камеры, іх будзе дастаткова, каб павесіць на кожным выбарчым участку ў раёне. Наконт празрыстых скрыняў - тое ж самае. Няўжо за 20 гадоў нельга было раз і назаўжды зрабіць іх? Дайце мне свабодны выбар і ўсё, думаю, што гэта ўсім трэба».

«Хачу заклікаць людзей - не баяцца, ісці на выбары, - заклікала маладая жанчына ў футболцы з надпісам «Краіна для жыцця». - Трэба зразумець, што без вас нічога не зменіцца. Можна ўсё змяніць, калі мы гэтага ў рэчаіснасці захочам. Калі ласка, не сядзіце на канапах 9 жніўня - прыходзьце і галасуйце. Давайце падтрымаем Святлану Ціханоўскую. За свабоду».

«Нам патрэбныя перамены, - сказаў мужчына сярэдніх гадоў, - калі мы будзем салідарныя, разам, мы пераможам. Не бойцеся».

Давераныя асобы кандыдата Святланы Ціханоўскай заклікалі прысутных не хадзіць на датэрміновае галасаванне, прыйсці на выбарчыя ўчасткі пасля абеду 9 жніўня, абазначыць сябе белай стужкай і сфатаграфаваць свой бюлетэнь.

Гэта быў апошні агітпікет Святланы Ціханоўскай у Гомельскай вобласці. З пачатку агітацыі актывісты наведалі Ветку, Хойнікі, Рэчыцу, Светлагорск, Добруш, Рагачоў, пас. Кастрычніцкі, Чачэрск, Буда-Кашалёва. Паўсюль агітацыйныя сустрэчы былі шматлюдныя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках