25 красавiка 2024, Чацвер, 21:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даходы расейскіх прадпрымальнікаў абрынуліся да мінімуму з пачатку стагоддзя

4
Даходы расейскіх прадпрымальнікаў абрынуліся да мінімуму з пачатку стагоддзя
ФОТА: REUTERS

Уладальнікі бізнэсу страцілі 37% сваіх даходаў.

Пандэмія каранавіруса і карантын, уведзены ўладамі, нанеслі ўдар па малых і сярэдніх прадпрымальніках, клас якіх імкліва скарачаецца з 2014 года.

За другі квартал даходы расейцаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці абрынуліся на 37%, паведамляе РБК са спасылкай на звесткі Расстата.

У суме ўладальнікі бізнэсу, якія складаюць аснову выміраючага «сярэдняга класа», страцілі 300 млрд рублёў, зарабіўшы за тры месяцы блізу 512 млрд.

У выніку доля прадпрымальніцкіх даходаў у насельніцтва склала ўсяго 3,5%. Гэта мінімальны паказчык за ўвесь час даступных звестак (з пачатку 21-га стагоддзя), які ў чатыры разы ніжэйшы за ўзровень, напрыклад, 2000 года (14,7%).

Доля малога і сярэдняга бізнэсу ў даходах грамадзян, імаверна, апусцілася да адзнак пачатку 1990-х, але дакладна пацвердзіць гэта немагчыма: звесткі Расстата захоўваюцца на папяровых носьбітах у архіве, а ў адкрытым і лічбавым выглядзе адсутнічаюць.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за красавік-чэрвень рэальныя наяўныя даходы грамадзян РФ упалі на 8% - рэкордную з 1999 года велічыню.

Пры гэтым «касцяк» даходаў - заробкі і пенсіі - мала пацярпеў: агулам яны нават змаглі зрабіць станоўчы ўнёсак у агульную дынаміку (0,3 адсоткі), паказвае эканаміст Райффайзенбанка Станіслаў Мурашоў.

Практычна ўвесь правал узроўню жыцця, згодна з Расстатам, адбыўся за кошт прадпрымальнікаў. «Гэта кардынальна адрознівае існую сітуацыю ад той, што мы назіралі ў крызіс 2015 года», - адзначае Мурашоў.

Праз карантынныя абмежаванні многія прадпрыемствы, асабліва ў сферы паслуг, цягам аднаго - двух з паловай месяцаў былі проста закрытыя, у найлепшым выпадку людзі атрымлівалі мінімальны заробак, а ўладальнікі малога бізнэсу наогул страцілі крыніцы даходаў, канстатуе галоўны эканаміст BCS Global Markets Уладзімір Ціхаміраў.

Апытанне Гандлёва-прамысловай палаты РФ, у якім бралі ўдзел 26,8 тысячы прадпрымальнікаў з 83 суб'ектаў РФ, паказала, што на пачатак ліпеня менш за палову змаглі вярнуцца да паўнавартаснай працы пасля скасавання карантыну, пры гэтым кожны пяты бізнэс пандэмія загубіла назаўжды.

48% прадпрымальнікаў заявілі аб тым, што іх бізнэс ужо пачаў працу. 32% паведамілі, што аднаўляюцца ці спрабуюць прыстасавацца. Пры гэтым 13% канчаткова закрытыя, а 7% знаходзяцца ў стадыі закрыцця.

Найбагацейшая праслойка насельніцтва ў асобе ранцье, якія атрымліваюць даходы ад уласнасці і актываў, у крызіс пацярпела мала: іх доля ў агульнай суме даходаў фізічных асоб не змянілася - 4,1%.

Доля сацыяльных выплат і дапамог, які на задуму павінны былі дапамагчы насельніцтву справіцца з адсутнасцю заробку, не толькі не вырасла, але нават знізілася адносна першага квартала - 21,8% супраць 22,1%.

Той факт, што ўдар крызісу прынялі на сябе прадпрымальнікі, а заробкі і пенсіі пацярпелі ў меншай ступені, кажа пра тое, што спажывецкі попыт можа аднавіцца хутчэй, чым у папярэдні крызіс, паказвае Мурашоў.

З іншага боку, падзенне даходаў прадпрымальнікаў больш адаб'ецца на інвестыцыйным сегменце, падкрэслівае ён. А значыць, на аднаўленне эканомікі спатрэбіцца больш часу.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках