23 верасня 2020, Серада, 16:22
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліна Шарэнда-Панасюк: Лукашэнка з трэскам саступіў яшчэ да выбараў

29
Паліна Шарэнда-Панасюк: Лукашэнка з трэскам саступіў яшчэ да выбараў
ФОТА: "РАДЫЁ СВАБОДА"

Фартуна павярнулася да беларусаў тварам.

Мітынгі аб'яднанага штаба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Берасцейскай вобласці пабілі ўсе рэкорды - 10 тысяч чалавек у Баранавічах, блізу 20 тысяч у Берасці і 5 тысяч у Бярозе. Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Берасця Паліна Шарэнда-Панасюк расказала сайту Charter97.org, што прымусіла ейных землякоў падняцца з канапаў і гучна заявіць пра сябе.

- Я чакала, што будзе вялікая актыўнасць на мітынгах. Дзякуючы сацыяльным сеткам і незалежным сайтам людзі бачаць, колькі чалавек прыходзіць на сустрэчы ў іншых гарадах. Адбываецца свайго кшталту спаборніцтва і гэта заўважна з чатаў: пішуць, што ў Менску выйшла столькі чалавек, значыць, давайце захоўваць твар у Берасці, давайце пакажам, што нас шмат».

Натуральна, цяпер ёсць чаты «Краіны для жыцця», якія каардынаваў аднайменны Telegram-канал Сяргея Ціханоўскага. Амаль у кожным горадзе ёсць свой чат, нават у маленькіх Івацэвічах, Бярозе і Кобрыне. Дзякуючы гэтым каналам людзі ўвесь час онлайн, увесь час камунікуюць паміж сабой, каардынуюць дзеянні. Гэта вельмі вялікае дасягненне новых тэхналогій.

- Лукашэнка ўжо даўно страціў сваю папулярнасць, але чаму менавіта ў гэтым годзе столькі людзей выходзіць на акцыі?

- Вядома, гэтыя «спаборніцтвы» адбываюцца на хвалі пратэстных настрояў. Чаму так? Гэта быў вельмі доўгі працэс. Эмоцыі назапашваліся, а цяпер адбываецца сапраўдны выбух. Зноў жа, дзякуючы новым тэхналогіям беларусы ўбачылі, што іх сапраўды шмат.

Беларусы знайшлі паплечнікаў, аднадумцаў. Безумоўна, гэты працэс не быў такім хуткім: назапашвалася злосць да гэтай бяздарнай, нахабнай, абуральнай улады. Калі казаць пра Берасце, то акцыі папярэдніх гадоў адыгралі вялікую ролю ў абуджэнні людзей.

- Акцыі супраць будаўніцтва завода АКБ пад Берасцем?

- І не толькі! Калі казаць менавіта пра Берасце, то рух за перамены ў нашым горадзе пачаўся яшчэ ў 2017 годзе. Акцыі абураных беларусаў і кармленне галубоў можна назваць такім пратэстным «трэнінгам» для грамадства. Іншыя гарады Беларусі таксама глядзелі і вучыліся на прыкладзе Берасця. Сёння ўсе гэтыя лакальныя акцыі раўчукамі злучаюцца ў адзін вялікі пратэст.

Берасцейцы былі піянерамі, якія паказалі, што трэба выходзіць, нягледзячы ні на што. Цяпер гэта ўжо сотні тысяч людзей па ўсёй Беларусі, якія не баяцца выйсці на вуліцы.

- На акцыі ў Берасце было шмат дэсантнікаў. Якія настроі сярод беларускіх вайскоўцаў і сілавікоў?

- Ведаеце, я з сілавікамі не камунікую. Магу судзіць з размоў, што яны таксама не згодныя з тым, што адбываецца ў краіне і наўпрост кажуць, што не будуць выступаць супраць людзей. Калі я была на пікеце ў Бярозе, да нас таксама падыходзілі дэсантнікі, якія казалі, што яны за нас, за народ і за перамены.

- Ці гатовыя пайсці супраць сістэмы бюджэтнікі?

- Ужо гадоў 15 у выбарчых камісіях сядзяць адны і тыя ж людзі. Склад не мяняецца, іх 70 тысяч па ўсёй Беларусі. Ядро з году ў год застаецца нязменным. Таму галоўнае пытанне, як яны паступяць у гэтым годзе.

Я ўпэўнена, што ў шараговых бюджэтнікаў такія ж настроі, як і ва ўсім грамадстве. Што ж рабіць з ядром, якое фальсіфікуе? Трэба з імі размаўляць, але зразумела, што ёсць злачынцы, да якіх у будучыні трэба будзе выкарыстаць люстрацыю.

- Да выбараў засталіся лічаныя дні. Як нам не ўпусціць перамогу?

- Ёсць вялікі пратэстны запал, а з кожным разам на акцыі выходзіць усё больш і больш людзей. У дзень выбараў мы павінны не толькі прагаласаваць або надзець белыя стужачкі, але і выйсці абараняць нашу перамогу. Мы павінны выходзіць пасля галасавання на цэнтральныя вуліцы гарадоў і там ужо ўсім разам аб'ядноўвацца і заяўляць, што Лукашэнка саступіў, а ён з трэскам саступіў яшчэ да пачатку выбараў. Перамог кандыдат, якія акумуляваў гэты пратэст - Святлана Ціханоўская.

Усім вельмі імпануе ідэя, што павінны адбыцца новыя, сумленныя, еўрапейскія выбары. Павінны вярнуцца з эміграцыі усе разумныя, прыстойныя, таленавітыя прафесіяналы, якія былі вымушаныя з'ехаць.

Толькі тады пачнецца нармальны працэс і нармальная выбарчая кампанія. Сапраўды, усе беларусы вельмі чакаюць магчымасці ўзяць удзел у сапраўдных выбарах, сапраўдных дэбатах, сапраўды пачуць розныя меркаванні. Грамадства ўжо проста засумавала па выбарах, дзе іх голас будуць лічыць.

Я казала на пікеце ў Бярозе, што гісторыя нам дае зараз шанец. У нас не атрымлівалася ў халодныя дні вясны, потым у халодныя дні зімы, а цяпер нас, вольных людзей Беларусі, цэлых 97%. Фартуна павярнулася да беларусаў тварам.

Больш выгадных і спрыяльных умоў для таго, каб быць на вуліцах, бараніць сваю перамогу і дамагацца сваёй волі, напэўна, не будзе. Таму трэба гэты шанец выкарыстаць і быць вартымі гэтага шанцу. Тады мы сапраўды будзе народам вартым волі.