29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Такога расейскі бок яшчэ не рабіў!»

45
«Такога расейскі бок яшчэ не рабіў!»
иллюстрационное фото

Што адбываецца на мяжы Беларусі з РФ.

З пачатку жніўня на памежным пераходзе «Чырвоная горка» пад Смаленскам стаяць кіламетровыя чэргі з грузавікоў і легкавікоў. Журналісты kp.by высвятлялі, хто прыняў пастанову і чаму.

Кіроўцы сігналяць на знак пратэсту, але афіцыйных версій прычын узнікнення праблем няма.

- А што, расейска-беларускую мяжу зачынілі? - абураецца кіроўца Валерый Цэпін, які 1 жніўня амаль пяць гадзінаў прастаяў на памежным пераходзе «Чырвоная Горка» пад Смаленскам (траса трасы Е30/М1). - Працую кіроўцам не першы год, але такога расейскі бок яшчэ не рабіў. Раней праблем з перасячэннем расейскай мяжы не было. Не выходзячы з кабіны, можна было паказаць пашпарт і ехаць далей. Але на гэтых выходных (1 і 2 жніўня. - Рэд.) здарыўся сапраўдны калапс. На «Чырвонай Горцы» без пашпартных звестак, нумара тэлефона і падрабязных тлумачэнняў не прапускалі нікога. Прытым правяралі расейскія памежнікі. Беларускіх не было.

Са слоў мужчыны, ідэнтычная сітуацыя была і на выездзе з Расеі, і на ўездзе. А правяралі не толькі вялікагрузы, але і легкавікі.

- А я прастаяў у чарзе 3 гадзіны! - распавядае Міхаіл. Самае цікавае, мужчына - грамадзянін Расеі. І яго таксама правяралі! У Беларусь ён прыязджаў на пахаванне бабулі. - Каб вярнуцца да сябе ж дадому, трэба было дачакацца чаргі, асабіста выйсці да памежніка, які ўручную увёў звесткі майго пашпарта ў кампутар, спытаў «адкуль куды і навошта», запісаў нумар тэлефона і толькі потым прапусціў. На пытанне, чаму, сказалі, што дзейнічаюць згодна з пастановай урада Расеі, і што з 10.00 31 ліпеня абавязаны фіксаваць усіх грамадзян, якія перасякаюць пешшу і на іншых тыпах транспарту беларуска-расейскую мяжу ў абодва бакі.

З аповедаў відавочцаў, кіроўцы абураюцца, сігналяць на знак пратэсту і ў той жа час адзначаюць, што такая праблема ўзнікла толькі на прапускным пункце «Чырвоная Горка». Тыя, каго з «Чырвонай Горкі» адправілі ў аб'езд на «Ляды - Чырвоны», праехалі без усялякіх праверак.

Каранавірус або затрыманне расейскіх наймітаў?

31 ліпеня МЗС Беларусі адправіў расейскаму боку ноту «з просьбай удакладніць, ці сапраўды зменены парадак перасячэння мяжы».

А неўзабаве на сайце амбасады Беларусі ў Маскве з'явіўся адказ, з якога было зразумела, што расейскі бок узмацніў кантроль над перасячэннем мяжы «у мэтах кантролю адпаведных катэгорый грамадзян у рамках распараджэнняў штаба ўрада Расеі для барацьбы з каранавірусам».

Амбасадзе патлумачылі, што гэта было зроблена «у сувязі з павелічэннем пасажыраплыні, якая вырасла амаль удвая праз пашырэнне пераліку ільготных катэгорый грамадзян, з якіх знялі абмежаванні аб перасячэнні мяжы (вучоба, праца, лячэнне, догляд блізкіх сваякоў, высокакваліфікаваныя спецыялісты і інш.)». Таксама ў адказе было сказана, што «сітуацыя выкліканая арганізацыйна-тэхнічнымі мерамі і не мае палітычнай падаплёкі».

Аднак неўзабаве гэты каментар з сайта амбасады Беларусі ў Маскве быў выдалены.

Тут жа ў беларусаў з'явілася іншая версія. А ці не звязана такое ўзмацненне жорсткасці на мяжы з тымі самымі расейскімі баевікамі?

Каб праясніць сітуацыю, журналісты датэлефанаваліся ў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

- Сітуацыя, якая складваецца на расейска-беларускім адцінку мяжы, ніякім чынам не звязаная з дзеяннямі беларускай памежнай службы. Органы памежнай службы Рэспублікі Беларусь памежны кантроль на беларуска-расейскім адцінку мяжы не ажыццяўляюць і ніяк не ўплываюць на прапускную здольнасць і сітуацыю, якая склалася з чэргамі. Там у нас няма лінейных памежных падраздзяленняў, пунктаў пропуску, памежных застаў і пастоў. Задачы для аховы дзяржаўнай мяжы перад намі не ставілі, - пракаментаваў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.

Мы паспрабавалі высветліць сітуацыю і ў Памежнай управе ФСБ Расеі Смаленскай вобласці. Там нам пацвердзілі, што сапраўды атрымалі загад аб рэгістрацыі звестак грамадзян Беларусі, якія рухаюцца ў абодвух кірунках, але гэта не азначае, што гаворка ідзе пра «закрыццё мяжы».

Праблемы ўзнікаюць не толькі на мяжы. У той жа дзень - 31 ліпеня - беларуская авіякампанія «Белавія» падоўжыла прыпыненне рэгулярных рэйсаў у Маскву, Санкт-Пецярбург і Калінінград да 14 жніўня ўключна, рэйсы ў Варонеж, Ніжні Ноўгарад і Казань скасаваныя да 24 кастрычніка.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках