24 красавiка 2024, Серада, 3:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая пратэставая сталіца Расеі

Новая пратэставая сталіца Расеі
ФОТА: ТАСС

Амаль палова расейцаў падтрымалі падзеі ў Хабараўску.

"Цягам некалькіх тыдняў у Хабараўску праходзяць пратэсты ў абарону губернатара, які не задавальняе Маскву. Гэты пратэст з'яўляецца прадвеснікам новых канфліктаў паміж Масквой і рэгіёнамі", – мяркуе журналіст нямецкага выдання Die Zeit Максім Кірэеў (пераклад – inopressa.ru).

"Апошнія пратэсты ў Хабараўску шмат у чым адрозніваюцца ад іншых пратэстаў і з'яўляюцца новымі для Расеі. Не толькі таму, што людзі выходзяць на вуліцу ў падтрымку Фургала, палітыка, які не належыць да ліберальнай, празаходняй маскоўскай апазіцыі. Але і таму, што на гэты раз пратэсты ахапілі цэлы рэгіён удалечыні ад сталіцы, – адзначае аўтар артыкула. – Крытыкі Уладзіміра Пуціна бачаць у Хабараўску доказ таго, што нядаўні трыумф на рэферэндуме пра Канстытуцыю быў толькі псеўдаперамогай расейскага прэзідэнта. У той самы час пратэст паказвае, наколькі напружанымі з'яўляюцца сёння стасункі паміж сталіцай Масквой і правінцыяй – у краіне, якая ў сутнасці з'яўляецца федэрацыяй, але кіруецца цэнтралізавана. Тым у большай ступені Хабараўск можа стаць узорам для будучых канфліктаў у кутках вялікай краіны".

"У нас у гарадской адміністрацыі сапраўды яшчэ ёсць некаторыя, хто ўважае пратэстоўцаў на вуліцах праплачанымі людзьмі, – кажа Марына В., гарадская чыноўніца, якая падтрымлівае дэманстрантаў і таму прасіла не называць свайго прозвішча. – Але на самай справе тут на вуліцу выходзяць вельмі розныя людзі, сярод іх шмат тых, у якіх у прынцыпе ўсё добра і ад якіх я такога не чакала". Паводле ейных словаў, апошнім часам пратэстуе крыху менш людзей, "але для Хабараўска гэта ўсё яшчэ вельмі, вельмі шмат".

"У гарадской адміністрацыі Хабараўска пануе Адзіная Расея, але Марына В. не з'яўляецца чальцом гэтай партыі. (...) З яе словаў, Хабараўск запушчаны, вуліцы і дамы знаходзяцца ў дрэнным стане. У горадзе нічога не адбываецца. Пры такіх умовах Фургал быў свайго кшталту надзеяй. "Ён часцяком асабіста выслухоўваў праблемы людзей, паводзіў сябе адкрыта і быў блізкі да народа. Падчас ягонага арышту я хвалявалася так, быццам гэта мой сваяк", – кажа суразмоўца выдання.

"Перамога Фургала на выбарах 2018 года сапраўды была для Масквы непрыемным сюрпрызам. Эксперты тлумачылі ягоны трыумф пратэставым галасаваннем далёкага рэгіёну. Добрую працу ў Хабараўску можна знайсці амаль толькі ў дзяржаўных канцэрнах, кошты прадуктаў харчавання, газу і вады часцяком значна вышэйшыя, чым у дарагой Маскве. Папярэдніка Фургала з Адзінай Расеі ўважалі некампетэнтным і карумпаваным. Праз год Фургал паўтарыў свой поспех і прывёў рэгіянальнае аддзяленне партыі ЛДПР да перамогі на выбарах у рэгіянальную Думу. Нідзе ў Расеі не было з тых часоў гэтага спалучэння – калі ні губернатар, ні парламент не кіруюцца Крамлём. Часам Фургал дзейнічаў як папуліст, ён адкрыта выгаворваў чыноўнікам, увёў бясплатнае харчаванне ў школах і, што яшчэ больш важна, ягоная каманда збольшага была родам з Хабараўска – а не з далёкай еўрапейскай часткі краіны", – паказвае выданне.

"З моманту ўступлення Фургала на пасаду хадзілі чуткі, што хутка яму можа прыйсці канец", – кажа Пётр Емяльянаў, паплечнік арыштаванага губернатара. Што справакавала арышт, не ведае і ён. Аднак Емяльянаў упэўнены, што гэты выпадак дэманструе няздольнасць маскоўскай эліты прыслухоўвацца да людзей у рэгіёнах.

"...У апытанні незалежнага інстытута вывучэння грамадскай думкі Левада блізу 45% расейцаў падтрымалі пратэсты ў Хабараўску. Іншыя 29% узялі б удзел у падобных пратэстах і ў сваім рэгіёне. Толькі 17% рэспандэнтаў ацанілі пратэсты адмоўна", – гаворыцца у артыкуле

"Тое, што ў будучыні лік канфліктаў, як у Хабараўску, можа павялічыцца, паказалі два гады таму рэгіянальныя выбары. Тады Адзіная Расея пацярпела паразу на выбарах адразу ў чатырох рэгіёнах. У верасні, калі адначасова ў 18 рэгіёнах зноў пройдуць прамыя губернатарскі выбары, вялікія шанцы на новае пратэставае галасаванне. Гэта магчымасць, якой хочуць скарыстацца і маскоўскія апазіцыйныя палітыкі, напрыклад Аляксей Навальны, з мэтай паслаблення Адзінай Расеі".

"Тым часам Крэмль, здаецца, рыхтуецца да такога сцэнару, выкарыстоўваючы даўно зарэкамендавалыя сябе сродкі. Так, у Расеі з наступнага года на выбарах павінны будуць дзейнічаць такія ж нястрогія правілы, як і на нядаўнім рэферэндуме. Да іх адносіцца, напрыклад, галасаванне цягам некалькіх дзён. Назіральнікі выступаюць супраць гэтых навінаў, бо яны ўскладняюць іх працу – цягам некалькіх дзён ім давядзецца прысутнічаць паўсюль. І гэта толькі адзін з многіх крытычных пунктаў. Расейская НВА Голас, якая займаецца назіраннем за выбарамі, піша ў сваім новым дакладзе: Выбары, прызначаныя на адзіны дзень галасавання 2020 года, праходзяць у найгоршых заканадаўчых рамках за апошнія 25 гадоў", – паведамляе Die Zeit.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках