25 красавiка 2024, Чацвер, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: У Еўропе могуць з'явіцца дагістарычныя дрэвы-гіганты

14
Навукоўцы: У Еўропе могуць з'явіцца дагістарычныя дрэвы-гіганты

Біёлагі правялі дзіўны эксперымент.

Міжнародная група навукоўцаў эксперыментальна праверыла магчымасць аднаго з самых старажытных дрэваў планеты – секвоі – прыстасавацца да кліматычных умоваў сучаснай Заходняй Еўропы. Як растлумачылі даследнікі, выбар аб'екта тлумачыцца ягонымі ўнікальнымі ўласцівасцямі: дрэва хутка расце, ягоная драўніна не паддаецца гніенню, а кара практычна не гарыць. Справаздачы пра эксперымент апублікаваныя ў прэстыжным міжнародным часопісе Springer Nature.

Паводле словаў аўтараў працы, праз свае ўнікальныя ўласцівасці секвоя вельмі перспектыўная для лясной прамысловасці, але яе цеплалюбнасць да цяперашняга часу перашкаджала шырокаму распаўсюджванню плантацый секвоі за межамі арэалу яе натуральнага вырастання – Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ЗША.

Каб праверыць магчымасць адаптацыі секвоі да больш суровых умоваў пражывання, чым Каліфорнія, навукоўцы правялі эксперымент яе вырошчвання ў лабараторных кліматычных камерах, якія імітуюць тэмпературу, асветленасць і вільготнасць у зімовы час у некаторых раёнах Нямеччыны.

Як расказаў прафесар Гетынгенскага ўніверсітэта, загадчык лабараторыі лясной геномікі Сібірскага федэральнага ўніверсітэта Канстанцін Крутоўскі, эксперымент паказаў, што магчыма адабраць генатыпы секвоі, перспектыўныя для вырошчвання ў Еўропе.

"Мы вывучылі паводзіны клонаў секвоі з розным генатыпам пад уздзеяннем нізкіх тэмператураў: секвеніравалі татальную РНК і вывучылі дыферэнцыяльную экспрэсію. Адной з найважнейшых задачаў было таксама атрыманне рэферэнснага транскрыптома (сукупнасці малекулаў РНК, якія ўтвараюцца ў выніку пераносу спадчыннай інфармацыі з ДНК на РНК. – Заўвага. рэд.)", – расказаў Крутоўскі.

Прафесар адзначыў, што ў працэсе даследавання навукоўцамі Гетынгенскага ўніверсітэта быў атрыманы велізарны масіў геномных звестак, які дапамаглі апрацаваць супрацоўнікі суперкамп'ютарнага цэнтра Сібірскага федэральнага ўніверсітэта.

У ходзе эксперыменту атрымалася вывучыць некалькі сотняў тысячаў генаў секвоі і атрымаць зборку транскрыптома з больш чым 600 тысячаў унікальных транскрыптаў, якія прадстаўляюць поўнагеномны аналіз экспрэсіі (працэсу пераўтварэння спадчыннай інфармацыі ў РНК або бялок).

На думку эксперта, праз глабальнае пацяпленне ўсё больш раёнаў у Еўропе і, магчыма, нават у Расеі могуць стаць прыдатнымі для вырошчвання секвоі, асабліва калі атрымаецца адабраць марозаўстойлівыя клоны.

Паводле ягоных словаў, секвоя можа актыўна размнажацца вегетацыйна: з каранёў і пянькоў ссечаных, паваленых і загінулых раслінаў вырастаюць новыя дрэвы. Гэта дазваляе лёгка размножыць генатыпы і клоны секвоі.

"Секвоі – гэта жывыя выкапні, якія займалі велічэзную тэрыторыю яшчэ за дзясяткі мільёнаў гадоў да дыназаўраў. Гэта адны з самых буйных, высокіх і доўгажывучых арганізмаў на нашай планеце – пры вышыні больш за сто метраў яны могуць важыць больш за тысячу тонаў, а самым старым жывым секвоям больш за дзве тысячы гадоў", – адзначыў эксперт.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках