19 красавiка 2024, Пятніца, 11:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Савудаўская Арабія рыхтуе новыя зніжкі на нафту

Савудаўская Арабія рыхтуе новыя зніжкі на нафту

З верасня Saudi Aramcо знізіць кошты.

Рынак нафты мусіць перажыць нервовы тыдзень напярэдадні пастановы Савудаўскай Арабіі, якой трэба будзе вызначыцца, якімі коштамі прадаваць сваю нафту ў пачатку восені.

Традыцыйная публікацыя 5 чысла кожнага месяца прайс-ліста дзяржаўнай здабыўной кампаніі каралеўства Saudi Aramcо на гэты раз затрымліваецца, паведамілі Bloomberg крыніцы ў Эр-Рыядзе, піша finanz.ru.

Пастанову наконт коштаў у Эр-Рыядзе планавалі прыняць у аўторак, 4 жніўня, аднак абмеркаванне перанеслі на канец тыдня. Са слоў адной з крыніц Bloomberg, гэта можа быць звязанае са святкаваннем мусульманскага свята Ід аль-Адха, якое заканчваецца 4 жніўня.

Гэтак жа саўдыты дзейнічалі ў пачатку сакавіка перад гістарычнай пастановай увесці зніжкі ў суме 8-10 даляраў у адказ на адмову Расеі скарачаць здабычу ў рамках ОРЕС+. Кароткачасовая, але разбуральная коштавая вайна ва ўмовах пандэміі абрынула кошты ў Еўропе ніжэй за 10 даляраў, а ў ЗША давяла да адмоўных значэнняў. На гэты раз Saudi Aramcо таксама рыхтуе зніжкі, хоць значна меншага памеру, аднадушныя ўсе нафтатрэйдары, апытаныя Reuters, Bloomberg і Platts: вераснёўскія партыі гатунку Arab Light будуць пастаўляцца ў Азію на 0,3-1 даляра танней, чым у жніўні. Рынак пачаў адчуваць слабасць, і, магчыма, усе савудаўскія гатункі патаннеюць на даляр, паведаміла Platts крыніца ў буйной заходняй нафтавай кампаніі. Следам кошты знізіць ADNOC - дзяржаўная кампанія Аб’яднаных Арабскіх эміратаў.

Новыя зніжкі патрэбныя, каб прадаць дадатковыя аб'ёмы. Са жніўня краіны ОРЕС+ павялічваюць здабычу на 1,2 млн барэляў на дзень, пры гэтым саўдыты, ОЭА і Кувейт ужо дадалі на рынак амаль 1 млн барэляў дадатковых штодзённых паставак у ліпені, адмовіўшыся ад добраахвотных дадатковых квот.

Новая нафта хлыне на рынак акурат у той час, калі Кітай і Індыя значна скарачаюць закупы, вычарпаўшы свабодныя ёмістасці ў сховішчах, а паўторныя ўспышкі каранавіруса абяцаюць увядзенне карантыну ў шэрагу краін.

«Эксперымент у нарошчванні здабычы можа спрацаваць супраць ОРЕС+, бо пакуль мы нават не блізка да выхаду з крызісу з попытам, - кажа кіраўнік даследаванняў Rystad Energy Б’ёрнар Танхаўгэн. - У найбліжэйшыя тры-чатыры месяцы мы атрымаем невялікае перанасычэнне рынку».

На ацэнку Rystad, у жніўні сусветная здабыча перавысіць попыт на 700 тысяч барэляў за дзень, а ў верасні - на 2 млн. Аб'ём лішняй нафты дасягне супертанкера на дзень.

Пасля імклівага ралі ў красавіку і траўні з чэрвеня кошты нафты затрымаліся ў вузкім калідоры паміж 40 і 44 далярамі за барэль Brent. «Рынак паступова аднаўляецца, але ёсць два істотныя фактары нявызначанасці. Гэта дынаміка аднаўлення сусветнай эканомікі і другая хваля каранавіруса - будзе яна ці не», - заявіў у інтэрв'ю Bloomberg выканаўчы дырэктар МЭА Фаціх Біраль.

У найгоршым выпадку кошты могуць абрынуцца да 30 даляраў за барэль, што будзе «непрымальным для Эр-Рыяда», і можа прымусіць ОРЕС+ зноў скарачаць здабычу, мяркуе Танхаўгэн.

Найбліжэйшае пасяджэнне маніторынгавага камітэта ОРЕС+ адбудзецца 18 жніўня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках