28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая калектывізацыя?

39
Новая калектывізацыя?

У Слуцкім раёне ўлады без суда забралі кароў з прысядзібнага надзелу.

У вёсцы Цялевічы Слуцкага раёна мясцовыя ўлады забралі ў Вольгі і Людмілы Бруй кароў і быкоў у калгас. Жанчыны сваімі сіламі гадуюць два дзясяткі жывёл. Але мясцовыя жыхары, як і прадстаўнікі сельсавета, ужо дзевяць гадоў пішуць у санстанцыі і ў міліцыю з нагоды, што жывёлы ўтрымліваюцца ў жахлівых умовах. У выніку без суда і з дапамогай міліцыі жывёлін забралі з прысядзібнага надзелу, паведамляе «Белсат».

Жанчыны са слязамі на вачах расказалі, што мясцовыя ўлады з дапамогай тэхнікі калгаса забралі жывёл з прысядзібнага надзелу.

«У мінулы чацвер жывёл нашых забралі і вось толькі ў панядзелак мы іх знайшлі на калгасных ферме ў суседняй вёсцы. Нам людзі расказалі пра гэта. І жывёлы ў цяжкім стане, пакалечаныя. Адзін бычок здох наогул, у цялушкі пераламаная нага. Жывёл усыплялі, бралі пагрузчык і проста кідалі іх на прычэпы, нібы буракі якія. А цяпер хлусяць», - з плачам распавядае Людміла Бруй.

У прыватнай гаспадарцы жанчыны чатырнаццаць кароў і цялушак і восем валоў. Гэтых жывёл закінулі ўсіх у адну клетку. Жывёл забіралі з дапамогай міліцыі.

Міліцыя забрала жанчын, чыноўнікі вывезлі жывёл

«Я паехала ў справах у Слуцак. Мама засталася на гаспадарцы. І ў горадзе да мяне падышлі міліцыянты і запрасілі ў аддзел. А маму а 9 раніцы схапілі проста на падворку, схапілі за рукі і зацягнулі ў міліцэйскую машыну. Прывезлі яе ў аддзел быццам злачынцу, нават пераадзецца не далі, як была ў гумовых ботах, так і прывезлі. Я сяджу ў аддзеле і чую, як мама крычыць у суседнім кабінеце. Трымалі нас амаль шэсць гадзін, пакуль не вывезлі жывёл», - кажа Людміла.

Жанчыны кажуць, што не ведаюць пра нейкія пастановы, якія б дазвалялі ўладам забраць жывёл. Пры гэтым старшыня Беліцкага сельскага выканаўчага камітэта Галіна Валюкевіч прызналася, што судовай пастановы на тое, каб забраць жывёл у гаспадынь, няма.

«Вядома будзе судовая пастанова. Суд адбудзецца, усё будзе так, як трэба», - расказала старшыня сельсавета Галіна Валюкевіч.

Жанчыны патрабуюць, каб жывёл, якія на іх думку забралі незаконна, вярнулі.

У сваю чаргу суседзі кажуць, што з моманту, як Вольга і Людміла Бруй пачалі весці тут прысядзібную гаспадарку, жыць стала немагчыма. Яшчэ ў 2011 годзе жыхары вёскі Цялевічы пачалі пісаць скаргі і звароты ў СМІ з просьбай дапамагчы ў сітуацыі, паколькі прысядзібны надзел проста пачаў тануць у брудзе і гноі. Са слоў старшыні выканкама, менавіта гэта і стала падставай для таго, каб забраць жывёл.

«Мясцовыя жыхары і суседзі жанчын проста пачалі бунт, бо баяліся за сваю бяспеку. Усяго на жанчын склалі 22 адміністрацыйныя пратаколы. Людзі выклікалі міліцыянтаў, тыя ў сваю чаргу накіроўвалі дакументы ў сельскі выканкам. Мы павінны рэагаваць. А тое, што там быкі пакалечаныя, забітыя... я гэтага не ведаю, прыдумаць могуць што хочаце, не верце гэтым словам», - распавяла Галіна Валюкевіч.

У сваю чаргу Вольга і Людміла Бруй сцвярджаюць, што імкнуліся добра даглядаць жывёл. Са слоў Вольгі Бруй, ім дапамагала дачка, якая цяпер жыве ў Нямеччыне. Жанчыны таксама мела грошы, каб набываць сена і салому. А вось што тычыцца дапамогі з боку мясцовай улады і гаспадаркі - то ім катэгарычна адмаўлялі. Таму і сабралася шмат гною на пляцы.

«Нам не давалі сельгастэхніку. Мы звярталіся ў райвыканкам, у апошні раз нават пісалі ў пракуратуру. Але ніякай дапамогі не было. Тым больш, мы ж не прасілі проста так, гатовыя заплаціць за паслугі тэхнікі. Але ніхто не адгукнуўся, нават каня нельга было ўзяць. Я тэлефанавала ў і райвыканкам, дзе паабяцалі дапамагчы, але ўсе звароты былі марныя. У выніку каровы цэлы год знаходзіліся ў хляве. І нават нягледзячы на гэта суседзі пісалі скаргі, што нібыта нашы жывёлы знішчалі іх агароды. Гэта ўсё не праўда», - кажа Людміла.

Дакладная дата суда паводле справы канфіскацыі кароў у Вольгі і Людмілы Бруй - невядомая.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках