19 красавiка 2024, Пятніца, 12:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Спадзяемся на ваш сумленны выбар»

7
«Спадзяемся на ваш сумленны выбар»

Выпускнікі яшчэ дзвюх гімназій напісалі зварот да настаўнікаў.

«Вы вучылі нас быць сумленнымі, цяпер мы просім аб гэтым вас», - кажуць былыя выпускнікі гімназіі №1 Менска ў відэазвароце да настаўнікаў усёй краіны. Напісалі зварот да настаўнікаў і выпускнікі сталічнай гімназіі №29 - пасля матэрыялу пра тое, як там з участкаў выганяюць назіральнікаў. Узгадалі апошнія выпадкі, калі перад выбарамі былыя вучні прасілі педагогаў лічыць сумленна, піша tut.by.

Выпускнікі гімназіі №1: «Вы вучылі нас быць сумленнымі»

Дар'я Васільева скончыла гімназію №1 імя Францішка Скарыны ў 2012 годзе, цяпер яна працуе дызайнеркай. Дзяўчына распавядае, што відэа ад выпускнікоў яе гімназіі - гэта душэўны парыў. У запісе ўдзельнічалі больш за 40 чалавек.

Раней выпускнікі гімназіі ўжо пісалі зварот да настаўнікаў з заклікам заставацца сумленнымі і адправілі яго ва ўстанову. Тады ліст падпісалі блізу 500 чалавек. Пра адказ выпускнікам нічога не вядома.

«Цяпер мы звяртаемся да настаўнікаў усёй Беларусі на кожным выбарчым участку <...> Вы вучылі нас быць сумленнымі, цяпер мы просім аб гэтым вас», - кажуць выпускнікі ў відэазвароце.

Выпускнікі распавялі, што іх у выбаркам не бяруць, таму папрасілі настаўнікаў зрабіць выбар «на карысць жыцця без страху, хлусні, пустых абяцанняў».

У гімназіі №1 таксама вучыўся сын прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі - Эдуард Бабарыка, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА. Пра яго выпускнікі таксама згадалі.

Выпускнікі гімназіі №29: «Як можна палічыць два-тры дзясяткі чалавек так, што атрымалася дзве сотні?»

У гімназіі №29 працуюць адразу некалькі участкаў - №38, 39, 40. Незалежныя назіральнікі там лічаць прыход на дварэ. У першы дзень датэрміновага галасавання яны налічылі на ўчастку №38 23 чалавекі, а ў пратаколе было напісана, што прагаласавалі 76 выбарнікаў. На ўчастку №39 назіральнікі зафіксавалі 32 выбарнікаў, а ў пратаколе камісія паказала 159.

Пасля таго, як пра гэтыя факты стала вядома грамадскасці, былыя выпускнікі гімназіі напісалі зварот членам УВК з заклікам да сумленнага падліку галасоў.

«4 жніўня ўся краіна прачытала пра падзеі, якія кідаюць цень на ўсё, над чым працавалі пакаленні настаўнікаў школы цягам амаль 70 гадоў, на ўсе дасягненні яе вучняў і выпускнікоў, на ўвесь давер бацькоў, якія аддалі ў гімназіі сваіх дзяцей.

Як можна ў школе, якая выпусціла сотні медалістаў і медалістак міжнародных алімпіяд у дакладных навуках, злічыць два-тры дзясяткі чалавек так, што атрымалася дзве сотні?

<...> Гады навучання ў сценах гімназіі рыхтуюць яе вучняў да самых складаных выпрабаванняў у наступным жыцці. Прашу вас, не дадавайце да гэтых выпрабаванняў пяць гадоў жыцця ў бяспраўнай краіне», - сказана ў звароце выпускнікоў.

Пад тэкстам падпісалася больш за 600 чалавек.

Хто яшчэ пісаў звароты да членаў УВК і настаўнікаў перад выбарамі

Нагадаем, раней адкрыты зварот за сумленныя выбары пісалі выпускнікі Ліцэя БДУ. Цяпер пад ім больш за 1800 падпісантаў.

Больш за 700 выпускнікоў факультэта радыёфізікі БДУ падпісалі адкрыты зварот да сябраў выбарчых камісій. Яны просяць аб неабходнасці сумленнага падліку галасоў.

Блізу 700 подпісаў пад зваротам да настаўнікаў - членаў участковай выбарчай камісіі пакінулі выпускнікі гімназіі №13 Менска.

Таксама да сваіх настаўнікаў звярнуліся больш за 400 выпускнікоў гімназіі №41 Менска.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках