19 красавiка 2024, Пятніца, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Савудаўская Арабія заканчвае «нафтавае замірэнне» з Расеяй

6
Савудаўская Арабія заканчвае «нафтавае замірэнне» з Расеяй

Saudi Aramcо значна зніжае кошты для Еўропы.

Нафтавае замірэнне, укладзенае Савудаўскай Арабіяй з Расеяй у красавіку пад ціскам адміністрацыі Дональда Трампа, не пратрымалася і паўгода, піша finanz.ru.

Ужо з верасня дзяржаўная нафтавая кампанія каралеўства Saudi Aramcо вернецца да палітыкі скідак на еўрапейскім рынку, дзе дзясяцігоддзямі гаспадарылі расейскія пастаўшчыкі.

Як паведамляе Bloomberg, партыі лёгкай савудаўскай нафты патаннеюць для еўрапейскіх пакупнікоў на 2,5-2,8 даляра.

У Паўночна-Заходняй Еўропе самы масавы гатунак Saudi Aramco Arab Light, падобны паводле характарыстык з расейскай Urals, будзе прадавацца на 2,5 даляры танней, чым у жніўні. Зніжка да кошту Brent складзе 1,8 даляра за барэль супраць прэміі 70 цэнтаў у папярэднім месяцы.

Кошты нафты Arab Extra Light знізяцца на 2,8 даляра, зніжка да Brent складзе 1,3 даляра.

Для пакупнікоў у Міжземнамор'і звышлёгкая нафта гатунку Arab Extra Light патаннее на 2,5 даляры і будзе каштаваць на 60 цэнтаў ніжэй за Brent.

Для азіяцкіх кліентаў савудаўская нафта патаннее па ўсёй лінейцы гатункаў. Кошт Arab Super Light знізіцца на 60 цэнтаў, Arab Extra Light - на 50 цэнтаў, Arab Light - на 30 цэнтаў. Гэтыя маркі будуць прадавацца з прэміяй 2,05, 0,7 і 0,9 даляра да бенчмаркаў Oman/Dubai адпаведна.

Цяжкія гатункі Arab Medium і Arab Heavy патаннеюць на 30 цэнтаў.

Зніжэнне коштаў савудытамі было чаканым, бо рынак пачаў адчуваць слабасць, сказала Platts крыніца ў буйной заходняй нафтавай кампаніі. Следам цэны знізіць ADNOC - дзяржаўная кампанія Аб’яднаных Арабскіх эміратаў.

Новыя зніжкі патрэбныя, каб прадаць дадатковыя аб'ёмы. Са жніўня краіны ОРЕС+ павялічваюць здабычу на 1,2 млн барэляў на дзень, пры гэтым савудыты, ААЭ і Кувейт ужо дадалі на рынак амаль 1 млн барэляў дадатковых штодзённых паставак у ліпені, адмовіўшыся ад добраахвотных дадатковых квот.

Новая нафта хлыне на рынак акурат у той час, калі Кітай і Індыя значна скарачаюць закупы, вычарпаўшы свабодныя ёмістасці ў сховішчах, а паўторныя ўспышкі каранавіруса абяцаюць увядзенне карантыну ў шэрагу краін.

«Эксперымент па нарошчванню здабычы можа спрацаваць супраць ОРЕС+, бо пакуль мы нават не блізка да выхаду з крызісу з попытам, - кажа кіраўнік даследаванняў Rystad Energy Б’ёрнар Танхаўгэн. - У найбліжэйшыя тры-чатыры месяцы мы атрымаем невялікае перанасычэнне рынку».

На ацэнку Rystad, у жніўні сусветная здабыча перавысіць попыт на 700 тысяч барэляў за дзень, а ў верасні - на 2 млн, або супертанкер на дзень.

Зніжэнне коштаў, абвешчанае Saudi Aramcо, значна меншае за скідкі, якія Эр-Рыяд пачаў даваць у красавіку, калі Расея адмовілася скарачаць здабычу праз пандэмію каранавіруса і выйшла з угоды ОРЕС+. Тады савудаўская нафта ў Еўропе патаннела разам на 10 даляраў.

Спыненне цэнавай вайны з Расеяй, зрэшты, не прынесла савудытам ніякіх фінансавых выгод, адзначае Bloomberg: праз скарачэнне здабычы і экспарту ў траўні каралеўства зарабіла на нафце 23,9 мільярда рыалаў ($6,4 млрд даляраў). Прыбытак знізіўся нават у параўнанні з папярэднім месяцам, калі коштавая вайна была ў самым разгары, а ў параўнанні з сярэднім штомесячным паказчыкам мінулага года на ўзроўні 16,8 млрд даляраў абрынуўся больш чым на 60%.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках