25 красавiка 2024, Чацвер, 19:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цыгарэт у крамах больш не будзе?

18
Цыгарэт у крамах больш не будзе?

Увесь гандаль тытунём хочуць перавесці ў шапікі.

Улады Беларусі разглядаюць магчымасць перавесці гандаль цыгарэтамі з усіх крам у спецыялізаваныя шапікі. Пра гэта распавялі інфармаваныя крыніцы, піша tut.by.

У 2019 годзе быў падпісаны антытытунёвы дэкрэт дыктатара. З 1 студзеня 2020 года продаж цыгарэт у крамах плошчай, большай за 1000 квадратных метраў, дазволены толькі ў спецыялізаваных таварных аддзелах. А з 1 студзеня 2022-га ўводзіцца забарона на выкарыстанне абсталявання для захоўвання цыгарэт, якое размяшчаецца над касамі.

- Цяпер усё ідзе да таго, што з 2022 года гандляваць цыгарэтамі можна будзе толькі праз шапікі. А калі дакладней - праз «Табакеркі». Таму што надкасавага абсталявання не будзе, а як зрабіць падкасавае, мала хто ўяўляе, - сказала крыніца ў раздробнай сетцы.

Нядаўна віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін заявіў, што «калі мы ідзем у бок здаровага ладу жыцця, то мы ўсё ж павінны сыходзіць ад продажу цыгарэт ва ўсіх крамах і пераходзіць на нейкую спецыялізаваную сетку, а што з ёй рабіць у будучыні - пакажа час».

Гэтыя словы Субоціна таксама падштурхнулі ўдзельнікаў рынка да высноў, што ў будучыні будзе функцыянаваць адна спецсетка.

Зрэшты, структура бізнэсоўца Аляксея Алексіна ўжо актыўна адкрывае шапікі «Табакеркі». Паводле звестак Гандлёвага рэестра, іх агульная колькасць перавышае 2 500 адзінак. Варта адзначыць, што праект рэалізуецца паводле ўказа, які мае грыф «Для службовага карыстання». Таму дакладна невядома, колькі плануецца адкрыць «Табакерак». Але ўдзельнікі рынка сцвярджаюць, што да канца 2020 года плануецца ўсталяваць блізу 3000 шапікаў. Цыгарэты можна прадаваць праз сетку «Белсаюздруку», якая цяпер налічвае 1000 месцаў.

Цяпер існуе прыкладна 15 тысяч гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт. Маецца на ўвазе, што крамы плошчай до 1000 «квадратаў» могуць рэалізоўваць тытунёвыя вырабы ў кожнай касе.

- Скарачэнне гандлёвых пунктаў не прымусіць курца адмовіцца ад цыгарэт, гэта толькі створыць спажыўцу дадатковыя праблемы ў выглядзе пошуку найбліжэйшага кіёска, якіх цяпер відавочна недастаткова для задавальнення попыту, - мяркуюць удзельнікі рынка. - Чэргі ля кіёскаў могуць прыцягваць увагу падлеткаў, што негатыўна адаб'ецца на намаганнях, якія ўжываюцца ў барацьбе з паленнем сярод непаўналетніх. Кіроўцы, якія будуць спыняцца каля краю праезнай часткі для набыцця цыгарэт, могуць ствараць аварыйныя сітуацыі на дарозе ў гадзіну пік. У выпадку дэфіцыту з'явяцца нелегальныя каналы продажу.

Са слоў удзельнікаў рынку, калі прадукцыя будзе рэалізоўвацца выключна праз спецыялізаваную сетку тытунёвых шапікаў, то для раздробнай сеткі гэта будзе азначаць страту ад 2 да 5% прыбытку з улікам зніжэння продажу тавараў, набытых курцамі пры куплі тытунёвых вырабаў. Плюс гандаль страціць крыніцу абаротнага капіталу (бо тэрмін абарачальнасці тытунёвай прадукцыі хутчэйшы, чым тэрмін выплаты запазычанасці).

Іншая рызыка - гэта стварэнне манаполіі. Цяпер у Беларусі дзейнічаюць тры тытунёвыя фабрыкі: падкантрольная дзяржаве Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» і дзве прыватныя «Тытунь-Інвест» (належыць суўладальніку сеткі крам «Карона» Паўлу Тапузідзісу) і «Інтэр Табака» Аляксея Алексіна. Кожная з іх акрамя сваіх уласных брэндаў наладзіла выпуск ліцэнзійнай прадукцыі транснацыянальных карпарацый. British American Tobacco і Tobacco International Enterprises супрацоўнічаюць з «Нёманам», Japan Tobacco International - з «Тытунь-інвестам», Philip Morris - з «Інтэр Табака». Праз «Табакеркі» ідзе рэалізацыя прадукцыі, якая вырабляецца на «Нёмане» і «Інтэр Табака».

- Наяўнасць спецыялізаванай сеткі, аператарам якой з'яўляецца прыватная кампанія, афіляваная з завода ў вытворчасці тытунёвых вырабаў, павялічвае рызыку выцяснення адных гульцоў і надання прэферэнцый іншым, павышэння коштаў і пагаршэнне сэрвісу для спажыўца, бо ва ўмовах, калі выбар адсутнічае, спажывец будзе вымушаны здавольвацца наяўным, - мяркуюць удзельнікі рынка.

Пацвердзіць інфармацыю ў дзяржорганах аб пераводзе гандлю з крам у шапікі не ўдалося.

- Ніякай пастановы на гэты конт не прымалася, - запэўніў профільны чыноўнік. - Магу дакладна сказаць, што кардынальных пастаноў найбліжэйшым часам не варта чакаць. Толькі нядаўна прыняты антытытунёвы дэкрэт. Трэба паглядзець, як будзе функцыянаваць цяперашняя інфраструктура. Разбалансавання рынку ніхто не дапусціць.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках