16 красавiка 2024, aўторак, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Лукашэнка слабы, жалю варты і хворы

30
Юры Хашчавацкі: Лукашэнка слабы, жалю варты і хворы
Фото: «Наша Ніва»

Сёння мы бліжэй за ўсё да перамогі.

Да прэзідэнцкіх выбараў, на якіх у беларусаў з'явіўся рэальны шанец змяніць уладу, засталося літаральна пару дзён, краіна выйшла на фінішную прамую.

Пра значнасць гэтага моманту і планы на 9 жніўня і ў наступныя дні сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым беларускім рэжысёрам Юрыем Хашчавацкім.

– Ці адчуваеце Вы, што мы знаходзімся на парозе чагосьці важнага, што да вызначальных падзей засталося паўкроку?

– Безумоўна, такія адчуванні ёсць, нават дух захоплівае!

Адразу хачу вылучыць некалькі момантаў.

Па-першае, зразумела што мы як ніколі блізкія да перамогі. І гэтае адчуванне вельмі важнае. Я працаваў у чатырох прэзідэнцкіх кампаніях, прычым практычна побач з самімі кандыдатамі. І я магу абсалютна адказна сказаць (гэта погляд знутры, інсайдарскі): мы ніколі не былі так блізка да перамогі, як цяпер.

Прычым «мы» тут – гэта не нейкая асобная група, а тая велізарная частка супольнасці ў Беларусі, якая прагне пераменаў. І гэтае адчуванне мяне вельмі прыўздымае, яно вельмі ўрачыстае і ў той самы час – яно вельмі неспакойнае.

– Чаму?

– Таму што мы ўмеем не дагульваць нашы гульні, не дамагацца перамогі, таму што адчуваем, што вось – ужо перамаглі.

У чым наша сіла? Наша сіла ў тым, што нам дадзеная надзея. Цяпер нам няма пра што спрачацца, у нас цяпер не можа быць рознагалоссяў, мы ўсе цяпер б'емся і змагаемся толькі за адно: за права выбіраць сумленна, без подлых фальсіфікацый. Зразумейце, мы змагаемся нават не за Святлану Ціханоўскую (хоць мы ёй павінны сказаць дзякуй) – а за саміх сябе, за сваю годнасць, за сваё права выбіраць сабе не наглядніка, а мэнэджара, які будзе працаваць дзеля паляпшэння нашага жыцця.

Яшчэ раз паўтару: мы ўмеем не дагульваць свае гульні. Пачынаем думаць: «Ах, мы ўжо перамаглі», – і якраз у гэты момант спаборнік можа нас раз'яднаць і збіць з панталыку. Вось гэтага сёння мы павінны ўнікнуць. Зразумейце: у кіраўніка няма ніякіх варыянтаў, яму трэба захаваць сваю ўладу. Інакш яму згадаюць, як ён паламаў Канстытуцыю 1994 года, чаму мы жывем у краіне, дзе няма законнай улады. Гэтаму трэба паставіць бар'ер, сітуацыю беззаконня ў краіне трэба закончыць.

Акрамя таго, Лукашэнка выдатна ведае, што ёсць людзі, у якіх захаваліся ўспаміны пра лёс Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Віктара Красоўскага, Змітра Завадскага. І – безумоўна – будуць зададзеныя пытанні: што з імі адбылося? І ён не сыдзе ад адказу на іх, яго прымусяць даць паказанні. Таму ён учапіўся ў сваё крэсла, як клешч.

Мы павінны разумець, што тых грошай, якія Лукашэнка «наварыў» з шэрых і чорных схемаў, яму ўжо не хапае, каб набываць лаяльнасць сілавікоў. Я хачу сказаць людзям: дарагія мае, землякі, ён усім не заплаціў! Запэўніваю вас, што тыя амапаўцы, якія павінны будуць, на ягоную думку, ісці супраць народа – не атрымалі ад яго абяцаных грошай. Ён ім не даплачвае. Міліцыя цяпер незадаволеная ім. Ёсць вялікая колькасць людзей, якія кажуць: не, мы не будзем ваяваць з беларускім народам.

Мы павінны разумець сітуацыю і настойваць на сваім. На тым, што ўжо цяпер бачныя жахлівыя фальсіфікацыі на гэтых выбарах і мы патрабуем скасавання іх вынікаў. З кім мы маем справу, людзі выдатна разумеюць. Мы маем справу з напарснікам. А паглядзіце, як у іх па ўсёй краіне «прарвала каналізацыю» перад апошнімі сустрэчамі з Ціханоўскай!

Давайце адразу дамо ім ведаць: мы разумеем, пра што ідзе размова. Мы разумеем, што са страху ўлада наклала ў штаны. І пахне не ад разарванай па ўсёй Беларусі каналізацыі – а ад іх уласных штаноў.

Сёння мы павінны дакладна разумець: трэба даць адлуп гэтай вар'яцкай, ілжывай, подлай уладзе. Вось з такімі пачуццямі я жыву ў гэтыя дні.

– Многія адзначаюць, што Лукашэнка цяпер слабы і разгублены. «Беларусы, бярыце ўладу», – нават заклікаў публіцыст Аляксей Мельнікаў. Наколькі рэальна слабы цяпер наш праціўнік?

– Ды ён проста спалохаўся! Я ж кажу, ён наклаў поўныя штаны. Гэтая знакамітая карыкатура Віктара Ёлкіна, на якой Лукашэнка ўцякае ад «Пагоні», геніяльна адлюстроўвае тое, што адбываецца ў Беларусі. Тры моцныя жанчыны на чале з кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай змушаюць да ўцёкаў гэтага баязліўцу.

А ўцякаць яму – няма куды. Вось што з ім адбываецца! Ён задыхаецца ад жаху. Усе бачылі гэтыя кадры, калі Лукашэнка зрывае з сябе гальштук. Ён спрабуе прывесці сябе ў парадак, але ўнутры ўсё калоціцца, усё трасецца ад страху, усё ламаецца.

У мяне ёсць свая тэорыя: добрыя кіраўнікі атрымліваюць ад людзей энэргію. Я не ведаю, гэта нешта тагасветнае, напэўна. Але нармальныя лідары – напрыклад, Уінстан Чэрчыль падчас Другой сусветнай вайны – атрымлівалі прыліў сілаў. Гэта была не столькі сіла Чэрчыля, колькі ўсёй краіны, якая засяродзілася і аддала сілы яму. Я назіраў гэты феномен, калі просты чалавек, становячыся кіраўніком, калі яго любяць людзі, шматкроць узмацняецца. Ён становіцца непаражальным, ён лепш кажа, ён амаль лётае. І наадварот: калі цябе пачынаюць ненавідзець, калі ўсё больш людзей кажуць «ах, каб ты!..», гэта адбіваецца і на здароўе кіраўніка. І ён пачынае хварэць, становіцца слабым і нямоглым.

Гэта цяпер і адбываецца з Лукашэнкам. Сёння, калі большасць людзей не хоча бачыць яго ў крэсле кіраўніка – ён пазбаўлены сілаў, слабы, жалю варты і хворы. І так і павінна быць.

– Памятаеце, яшчэ нядаўна гэта было сюжэтам для гумару: Ярмошына арыштаваная, Лукашэнка абвешчаны ў вышук. Што трэба рабіць, каб у найбліжэйшы час гэта стала рэальнасцю?

– Першае: ні ў якім разе ніякіх гвалтоўных дзеянняў. Людзі павінны біцца за сябе сваёй устойлівасцю, сваёй мужнасцю, сваёй непахіснасцю.

Якія для гэтага ёсць магчымасці? Па-першае, мірны выхад на Плошчу, стаянне на Плошчы. Гэта – вельмі сур'ёзна. Магчыма, стаяць давядзецца не адзін дзень і нават не адзін тыдзень. Але трэба сябе да гэтага падрыхтаваць.

Другое: забастоўка і тактыка дзяржаўнага непадпарадкавання. Напрыклад, забраць свае ашчаджэнні з усіх банкаў. Гэтая ўлада жыве, корміцца і п'е на нашы ж грошы. Гэта мы павінны добра разумець. Калі раней Лукашэнка жыў за кошт нафты і газу з Расеі, то сёння адзіная крыніца грошай для яго – гэта наша праца. Значыць, нам трэба зацягнуць паясы і перастаць яго карміць. Спыніцца.

Калі мы зможам гэта зрабіць, то – паверце мне! – праз два тыдні, максімум месяц гэтай улады не стане. А можа быць, яшчэ і хутчэй.

Мае дарагія суайчыннікі, я вас вельмі люблю, абдымаю і прашу дзейнічаць мірна і абдумана – гэта з аднаго боку. А з іншага боку: памятайце, што вы – годныя права, што вы маеце правы і адстойваеце іх. Улада павінна вам вярнуць вашы правы!

Беларусы, родныя мае, зразумейце: 70% нашых праблемаў – проста ад таго, што ў нас у краіне не тая ўлада, якая нам патрэбная. І каб кожнаму з нас развязаць свае прыватныя праблемы, нам трэба цяпер аб'яднацца і дзейнічаць разам.

Давайце кожны з нас збярэцца і зробіць мужны ўчынак. Паглядзіце на гэтую маладую жанчыну – Святлану Ціханоўскую. Вы што думаеце, яна ад добрага жыцця ўсё гэта пачала? Вы думаеце, яна хоча ў прэзідэнты? Нічога падобнага! Не хоча яна гэтага. Яна хоча вызваліць мужа і каб у краіне ўсё было па-справядліваму. І здзяйсняе на нашых вачах нармальны ўчынак нармальнага чалавека.

І кожны цяпер павінен успомніць, што ён нармальны, годны чалавек – і выйсці, каб абараніць сябе.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках