25 красавiка 2024, Чацвер, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Асахі сімбун» (Японія): Беларусы загналі ў кут апошняга дыктатара Еўропы

2
«Асахі сімбун» (Японія): Беларусы загналі ў кут апошняга дыктатара Еўропы
ФОТА: ONLINER.BY

Японскае выданне – пра сітуацыю за дзень да прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне.

9 жніўня ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары, піша Міцітака Хаторы на старонках японскага выдання «Асахі сімбун» (пераклад – inosmi.ru).

У гэтай краіне кіруе апошні дыктатар Еўропы Аляксандр Лукашэнка, які стаў прэзідэнтам у 1994 годзе. Ён нарадзіўся ў вёсцы на ўсходзе Беларусі ў 1954 годзе.

Можна сказаць, што Лукашэнка – гэта прывід палітыка з 1990-х гадоў.

Праблема ў тым, што ён не адпавядаў запытам новага часу, паўтараў стэрэатыпы 1990-х гадоў, і ў выніку Беларусь страціла шанцы на развіццё.

Цяпер Лукашэнка апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы. На тое ёсць некалькі прычынаў.

Але вызначальны ўдар нанесла, безумоўна, пандэмія новага каранавірусу.

На яе пачатку Лукашэнка заявіў, што яго не напалохаць каранавірусам і іншымі захворваннямі. Таму Беларусь не распачала жорсткіх захадаў, як гэта зрабілі іншыя краіны.

Тым не менш праз бяздзейнасць уладаў інфекцыя прадаўжае распаўсюджвацца. І на днях высветлілася, што заразіўся сам кіраўнік, які казаў, што, калі піць гарэлку і гуляць у хакей, covid-19 не страшны.

Паколькі новая эпідэмія небяспечная для жыцця, нават беларусы, якія вядомыя сваім цярпеннем, былі шакаваныя бяздзейнасцю ўладаў.

Безумоўна, у Менску ды іншых вялікіх гарадах, а таксама сярод моладзі была распаўсюджаная незадаволенасць сістэмай Лукашэнкі. Раней яна не набірала вялікіх абаротаў. І ўсё ж змена абстаноўкі ў пачатку года, сярод іншага каранавірусны крызіс, змяніла стаўленне беларусаў.

«Высвятляецца, такіх людзей, як я, якія больш не могуць трываць гэтую ўладу, шмат. Цяпер можна не баяцца і адкрыта выказваць сваё меркаванне», – такія настроі пачалі распаўсюджвацца, як лясны пажар.

Прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 9 жніўня, набліжаюцца, і сітуацыя ў Беларусі абвастраецца.

Кандыдатка Святлана Ціханоўская падчас перадвыбарнай кампаніі з'явілася як гром сярод яснага неба. Цяпер ёй 37 гадоў. Яна працавала перакладніцай, але ў цэлым яна звычайная хатняя гаспадыня.

І яе чакаў незвычайны лёс. Яе муж блогер Сяргей Ціханоўскі паспрабаваў балатавацца ў прэзідэнты, аднак цэнтральная выбарчая камісія не зарэгістравала ягоную кандыдатуру, таму замест яго высунулася жонка.

Пасля гэтага Сяргея арыштавалі, таму яна люта змагаецца на выбарах за мужа.

Звычайна ўрад з якой-небудзь прычыны імкнецца не дапускаць да выбараў небяспечных кандыдатаў, аднак Ціханоўскую зарэгістравалі. З усяго відаць, адміністрацыя Лукашэнкі меркавала, што аматарка ў асобе хатняй гаспадыні нічога зрабіць не зможа і не будзе ўяўляць небяспекі.

Тым не менш насамрэч Ціханоўская выяўляе магутную цэнтраімклівую сілу. На яе рэгіянальныя мітынгі збіраліся тысячы і нават дзясяткі тысячаў чалавек. Яна заключыла звяз са штабамі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, якіх не дапусцілі да выбараў, і спрабуе сабраць галасы супраць Лукашэнкі ў якасці адзінай кандыдаткі ад апазіцыі. З'яўленне Ціханоўскай на палітычнай арэне – гэта вялікі пралік адміністрацыі Лукашэнкі. Беларусы, падтрымаўшы Ціханоўскую, загналі ў кут апошняга дыктатара Еўропы.

Між тым перадвыбарчая стратэгія Ціханоўскай унікальная. Яе праграма сканцэнтраваная вакол адной адзінай ідэі: «Калі я атрымаю перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, я вызвалю мужа і цягам паўгода правяду сумленныя выбары».

Іншымі словамі, яна практычна не кранае эканамічныя пытанні і стасункі з Расеяй і ЕЗ.

Выступае Ціханоўская таксама вельмі стрымана. Палітычныя змены звычайна ініцыююць харызматычныя і моцныя лідары, аднак Ціханоўская хоча проста паказаць, што большасць беларусаў Лукашэнку не падтрымлівае.

Сапраўды, такая роля ідэальна падыходзіць хатняй гаспадыні, у якой няма палітычных навыкаў.

На постсавецкай прасторы пралёг ланцужок рэвалюцый, лідаркай якіх стала Украіна, дзе ў 2004 годзе адбылася «аранжавая рэвалюцыя». Каб выказаць незадаволенасць існай сістэмай, Ціханоўская заклікае народ насіць белыя стужкі. На людзях яна таксама заўсёды ў асноўным з'яўляецца ў белым адзенні.

На гэтых выбарах найбольшую цікавасць уяўляюць не вынікі, а рэакцыя на іх урада і народа.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках