25 красавiка 2024, Чацвер, 11:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Параза таракана

7
Параза таракана

Беларуская лёгкаатлетка захапляе сваёй адвагай.

Роўна 12 гадоў таму стартавалі летнія Алімпійскія гульні ў Пекіне. Адной з тых, хто прынёс Беларусі ўзнагароду, стала штурхальніца ядра Надзея Астапчук. Пасля Лондана-2012 лёгкаатлетка са Століншчыны адбыла чатырохгадовую дыскваліфікацыю за ўжыванне допінгу, а ў 2017-м на пастанову МАК пазбавілася і бронзы Пекіна. Хоць сама Астапчук запэўнівае: яна ніколі свядома не прымала забароненыя прэпараты. Нават пасля заканчэння кар'еры Надзея застаецца адной з самых яскравых спартовак у гісторыі суверэннай Беларусі (і без сумненняў - адной з самых ідэйных і смелых).

Партал tut.by апублікаваў некалькі рэзанансных цытат Астапчук за апошні час.

Пра смеласць і патрыятызм

Смеласць - гэта, напэўна, частка майго характару. Я ніколі і ні ў чым не ўтойвала свайго меркавання. Калі меркаванне было, то я яго заўсёды выказвала. Проста, напэўна, не было раней інтэрнэту, не было Фэйсбуку, не было месца, дзе сваю думку выкажаш - і ўсе гэта бачаць. Магчыма, цяпер здаецца, што я стала такой. Не, я заўсёды была такой.

Я магу гаварыць па-беларуску, хоць мой мозг працуе па-расейску ў сілу абставінаў. Практыкі няма, бо нашу мову мэтанакіравана знішчалі з сярэдзіны 1990-х. У школе я размаўляла па-беларуску. І калі б захавалі баланс хаця б 50 на 50, не было б праблем з пераходам з адной мовы на іншую. А так атрымалася русіфікацыя пад прыкрыццём «двухмоўя». Фактычна, адзінае, што ў нас ёсць асаблівага, - гэта мова. Што яшчэ трэба, каб звацца беларусамі?

У дачыненні да краіны я патрыётка. Я тут жыву і стараюся змяніць яе да лепшага хоць бы словамі. Я адсюль не еду на ПМЖ. Хоць нельга вінаваціць у адсутнасці патрыятызму тых людзей, якія вымушаныя былі з'ехаць. У патрыятызме ёсць і іншы бок: краіна таксама павінна нешта такое табе даваць, каб у цябе быў да яе патрыятызм. Калі цябе ў краіне ўвесь час дубасяць і ўвесь час ганяюць, то якім можна быць патрыётам? Гэта ўжо нейкі стакгольмскі сіндром атрымліваецца, а не патрыятызм. Тут як у стасунках чалавека з чалавекам - павінна быць нейкая зваротная рэакцыя. Няма рэакцыі - гэта ўжо не патрыятызм.

Пра свабоду і палітычную сітуацыю ў Беларусі

Я вельмі рада, што наша палітычнае балота, якое зусім застаялася і толькі трохі надзімаецца, нарэшце пачало прачынацца. Людзі зразумелі, што яны таксама маюць правы і павінны абараняць іх. Не магла і ўявіць, што беларусы будуць стаяць у доўгіх чэргах, каб падпісацца за кандыдата.

Трэба, каб людзі перамаглі ў сваіх галовах «савок», які так глыбока там засеў. Складана, бо фактычна [людзей] вучылі быць рабамі. Без свабоды думкі, свабоды слова - і многія прывыклі: сказалі, за каго галасаваць, - ура, палітыка партыі, пабеглі. [Трэба] больш самапавагі.

Як сябе перасіліць і сказаць, што ты супраць? Трэба мець моцны характар. У спорце такіх адзінкі. Калі раней знаходзіліся тыя, хто не баяўся сказаць праўду ў вочы, то паступова смеласць выбівалі.

Калі нічога не рабіць, нічога і не зменіцца.

Вельмі добра будзе, калі ў пераходны перыяд прэзідэнтам стане жанчына, асабліва маці, якой ёсць за каго перажываць.

У сітуацыі Беларусі не трэба з кімсьці там змагацца, кагосьці даганяць у вечных планах і іншым. Нам трэба пастарацца стварыць утульнасць унутры і перацягнуць нашых людзей назад. Зрабіць так, каб людзям не хацелася з'язджаць, а [хацелася] толькі прыязджаць сюды.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках